«Зьмены заўсёды патрэбныя і для грамадзтва, і для асобнага чалавека. Напэўна, сьвежая кроў таксама патрэбная. Кансэрватызм, ён у чымсьці добры, але ён таксама перашкаджае прасоўваньню наперад».
«Мне здаецца, зьмены некаторыя патрэбныя. Але як кажуць: ва Ўкраіне адбыліся зьмены, але да чаго яны прывялі? А наконт польскіх зьменаў я асабліва ня ведаю. Тое, што Лукашэнка не прытрымліваецца дэмакратычных выбараў, гэта значнае парушэньне. Як кажуць многія, каб быў дастойны чалавек, ён бы быў. Аднак ці Лукашэнка, ці іншыя не дапускаюць да ўлады тых людзей, якія могуць зьмяніць нешта да лепшага. Ці, можа, да горшага».
«Я думаю, пакуль ня трэба зьменаў. Пакуль жа ўсё добра, вайны, галоўнае, няма, як ва Ўкраіне».
«Не, чаму, зьмены ніколі не перашкаджаюць. Абы толькі былі дэмакратычныя, а не такія — каб пастраляць ды пакрычаць».
«Калі паглядзець тэлевізар, там адна рука куды накіравала, туды ўсё войска пайшло... І ўсё сам вырашае. Я глядзеў, як у яго амэрыканскі журналіст пытаецца: вы дыктатар? — „Не, я не дыктатар...“ Ад нас мала што залежыць. Мне здаецца, мы пры Савецкім Саюзе нават лепш жылі, чым цяпер. Больш свабодна? — пытаньне. Так!»
«На дадзены момант мне важна тое, што ў нас спакойна: Лукашэнка там ці не Лукашэнка. Прыйдзе іншы, будзе, канечне, неспакойна. Я хачу спакою, бачу, што робіцца ва Ўкраіне. А Польшча ўвогуле як прастытутка, даруйце. Я ня знаю свабоды іхняй, у іх з мазгамі спачатку трэба навесьці парадак».
«Ну дык ёсьць там Вярхоўны Савет, ёсьць дэпутаты. Трэба быць абраным. Не, я не адчуваю патрэбы зьменаў».
«Рэформы патрэбныя, спачатку эканамічныя, потым палітычныя. Народ пра хлеб думае, а не пра палітыку на дадзены момант. Вы самі ведаеце, які рэйтынг нашых кандыдатаў ад апазыцыі, Саньнікава ды іншых — пяць-шэсьць адсоткаў. Хто за іх будзе галасаваць?»
«Мне ніхто не перашкаджае абсалютна, калі ласка, ісьці і гаварыць што хочаш».
«Зьмены патрэбныя, але іх нельга дамагчыся дэмакратычным шляхам, праз удзел у выбарах. Тут патрэбная сіла. Ня так проста, як шмат хто кажа: прыйсьці і перамагчы на рэжымных выбарах. Патрэбны байкот выбараў, а потым, калі будзе дастаткова кансалідаваным грамадзтва, барацьба. Але гэта будзе, і будзе свабоднай краіна».