Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ад камуністаў нічога добрага не было — гэта чорная старонка нашай гісторыі», — апытаньне ў Менску


«Ва Ўкраіне, у прыбалтыйскіх і іншых эўрапейскіх краінах на заканадаўчым узроўні забараняецца камуністычная сымболіка — гэтаксама як і фашыстоўская. Ці павінна гэткім жа шляхам пайсьці і Беларусь? Чаму?»

На гэтыя пытаньні адказваюць мінакі на вуліцах Менску.

Спадар сярэдніх гадоў: «Гэта гісторыя, і забараняць яе ні ў якім разе нельга. Гэта проста неразумна, і гэта вялікая памылка, як палітычная, так і гістарычная».

Спадарыня сярэдніх гадоў: «Так, нельга — мы былі і камсамольцамі, і піянэрамі, і цяпер бачым, які вынік усяго гэтага — вельмі сумны часамі».

Спадар маладых гадоў: «Гэта вельмі сур’ёзнае рашэньне. І з улікам гістарычнай спадчыны, пэўна, ня варта прымаць такія рэзкія рашэньні. Я думаю, што толькі на падставе экспэртызы хіба».

Юначка: «Час ёсьць час — зараз 21 стагодзьдзе — навошта вяртацца назад?»

Спадар сярэдніх гадоў: «Мы і так бясконца перапісваем гісторыю, а ў гэтым выпадку мы перапішам яе яшчэ раз. І зробім выгляд, што нічога гэтага не было. А калі падцягнуцца новыя пакаленьні, то яны распачнуць усё спачатку, абсалютна ня ведаючы, чым гэта ўсё скончыцца».

Спадар старэйшых гадоў: «Трэба ствараць, а не бурыць. Звычайна, калі нешта ствараюць, то гэта добра. А калі нешта разбураюць, то гэтак паказваюць сваю разбуральную сілу».

Юначка: «Камуністычную сымболіку забараніць у Беларусі? Навошта?»

Юнак: «Тады і астатнюю нельга чапаць — фашыстоўскую ў тым ліку. Калі дазваляем адно, то дазваляем усё!»

Юнак: «Я абсалютна супраць усяго камуністычнага, таму лічу, што — так, трэба забараніць. Я лічу, што гэта быў няўдалы сацыяльны экспэрымэнт, то навошта культываваць яго ў нашы часы?»

Юначка: «Канечне, яе неабходна забараніць. Бо лічу, што ад камуністаў нічога добрага не было — гэта чорная старонка нашай гісторыі. Таму ўсе гэтыя савецкія сьцягі, Сталіна і помнікі Леніну трэба забараніць, як гэта зроблена ва ўсіх краінах Эўропы. Я лічу гэта правільным і нармальным».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG