Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што рыхтуе для беларускай мовы футбольны чэмпіянат-2015?


У пачатку красавіка пачынаецца новы чэмпіянат Беларусі па футболе ў Вышэйшай лізе. 14 найлепшых каманд Беларусі будуць змагацца за залатыя мэдалі і права гуляць у эўрапейскіх футбольных кубках. Чым ён парадуе беларускамоўных заўзятараў? Ці стане ў беларускім чэмпіянаце больш беларускай мовы?

ФК «Дынама-Мінск» і ФК «Дынама-Брэст»

У сакавіку беларускамоўная грамадзкасць была прыемна ўсьцешаная — у беларускім чэмпіянаце зьявіўся першы клюб, які пачаў пісаць прозьвішчы гульцоў на нацыянальнай беларускай мове.

Гэта добрая вестка прыйшла зь менскага «Дынама», пра посьпехі ў беларусізацыі якога я распавядаў у адной зь мінулых публікацый.

Вельмі годная пазыцыя новага генэральнага дырэктара «Дынама-Мінск», беларускага дужаньніка, лезгіна па нацыянальнасьці Аліма Селімава.

Вось што ён адзначыў:

«Мы будзем рабіць акцэнт на беларускую мову. Вядома, пры гэтым ня станем забываць і аб другой дзяржаўнай. Але я вельмі жадаў, каб прозьвішчы нашых хлопцаў на футболках пісаліся менавіта па-беларуску. Калі выступаў, маё прозьвішча хоць і было напісанае лацінкай, але па-нашаму. І на памост мяне выклікалі на нашай мове. І гэта правільна. Таму мы вырашылі, што прозьвішчы будуць на мове, і дыктар таксама будзе яе выкарыстоўваць».

Як бачым, хутка да беларускамоўнай вэрсіі сайту і прозьвішчаў гульцоў па-беларуску далучыцца і беларускамоўны дыктар: «Дынама-Мінск» стабільна ў сэзоне-2015 выходзіць на пазыцыі лідэра ў прасоўваньні беларускай мовы ў спорце.

Словы Аліма Селімава выразна кантрастуюць са словамі яго папярэдніка на пасадзе генэральнага дырэктара беларуса Сяргея Паўлюкевіча, калі ў яго запыталі аб тым, ці плянуе клюб пісаць прозьвішчы на гульнявых майках футбалістаў на беларускай мове:

«Давайце ня будзем пра палітыку. Думаю, гэта трэба пытацца ў футбалістаў „Дынама“. Да мяне з хлопцаў ніхто не падыходзіў з просьбай пісаць іх прозьвішчы на беларускай мове. Калі футбалісты захочуць, то напішам на беларускай. Але магу сказаць, што клюб не плянуе гэтым займацца».

Алім Селімаў вырашыў пытаньне зь беларускай мовай сапраўды годна і па-мужчынску, не ўплятаючы палітыку і розныя хітрыкі з «хаценьнямі-просьбамі». Гэты крок лішні раз даказвае, што нацыянальнасьць не галоўнае, галоўнае — годнасьць і самапавага.

Малодшыя браты менскіх дынамаўцаў, дынамаўцы берасьцейскія былі ў мінулым сэзоне адной з самых расейскамоўных камандаў чэмпіянату.

У гэтым годзе перадсэзонныя афіцыйныя гульні яны гулялі у форме бяз прозьвішчаў, а толькі з надпісам па-расейску «Динамо-Брест», што пакідае невялікую надзею на тое, што яны возьмуць прыклад са сваіх старэйшых братоў і на афіцыйную форму сэзону-2015 нанясуць прозьвішчы па-беларуску і наагул будуць выкарыстоўваць беларускую мову шырэй. Станоўчы досьвед ёсьць — у сэзоне-2013 яны былі адзіным клюбам, які пісаў прозьвішчы гульцоў па-беларуску.

ФК «Гомель»

У футбольным «Гомелі» змяніўся прэсавы сакратар, за час працы якога клуб стаў самым беларускамоўным і арыентаваным на беларускую культуру. Але хочацца спадзявацца, што пыход да беларускай мовы ў клубе не змяніўся, тым больш што не змяніўся і генеральны дырэктар, які патрымоўваў ідэі па прасоўванні беларускай мовы ў клубе. Тое, што гэтыя надзеі не марныя падцвярджае тое, што да першай афіцыйнай гульні чэмпіяната па Гомелі расклеены, як і ў мінулым годзе, беларускамоўныя афішы.

Няма пэўнасці яшчэ наконт беларускамоўных праграмак і напісання прозвішчаў гульцоў па-беларуску, але верагоднасць іх з’яўляння вялікая — ва ўсялякім разе ўсё стане вядома пасля 1-га тура чэмпіяната. Як і ў мінулыя гады абслуговаць хатнія гульні ў Гомелі будзе беларускамоўны дыктар, а ўся інфармацыя на электронным табло на стадыёне будзе падавацца па-беларуску.

ФК «Белшына»

Бабруйскі клюб, як і «Гомель» у мінулым сэзоне быў адным з самых беларускамоўных і ў гэтым сэзоне не зьбіраецца адмаўляцца ад беларускай мовы — праграмкі і афішы да кубкавых гульняў гэтага сэзону былі выкананыя па-беларуску, дыктар на стадыёне таксама застаецца беларускамоўным.

Таксама клюб займаецца распрацоўкай новага лягатыпу, які для гульняў беларускага чэмпіянату будзе выкананы па-беларуску, а для матчаў міжнародных — па-ангельску, альбо ў беларускай трансьлітэрацыі. Чакаецца, што прозьвішчы гульцоў на форме будуць напісаны па-беларуску, але пакуль новая форма да каманды не паступіла, каманда гуляе перадсэзонныя гульні у старой форме без нумароў.

Тым ня менш, 10 красавіка ў гульні з «Гомелем» і гэтае пытаньне вырашыцца.

ФК «Мінск»

«Мінск» зьяўляецца адным з рэдкіх клюбаў беларускага чэмпіянату, чый лягатып беларускамоўны. Іншымі праявамі беларускасьці клюб пакуль ганарыцца ня можа.

У мінулым годзе клюб ад імя намесьніка генэральнага дырэктара Ю. Крывадубскага паведамляў, што «кіраўніцтва ФК „Мінск“ плянуе ў наступным годзе ажыцьцявіць некаторыя прапановы» наконт выкарыстаньня беларускай мовы.

На жаль, калі меркаваць па апошніх парадсэзонных гульнях, прозьвішчы на сьпінах гульцоў будуць напісаныя па-расейску.

ФК «Слуцк»

У жніўні 2014 года старшыня ФК «Слуцк» А. Каранеўскі паведаміў, што «На якой мове пісаць прозьвішчы футбалістаў у наступным (2015-м) годзе — будзе вырашаць сама каманда».

Таксама ён дадаў, што «пытаньне аб пераходзе да гукавога і візуальнага суправаджэньня на стадыёне падчас правядзеньня матчаў на беларускай мове зараз вывучаецца. На нашу думку — гэта магчыма».

Зусім хутка мы даведаемся, ці сапраўды магчыма выкарыстоўваць беларускую мову на стадыёне ў Слуцку і ці зрабілі футбалісты выбар на карысьць мовы чэмпіянату, у якім яны гуляюць.

ФК «БАТЭ»

Барысаўскі клюб, на жаль, працягвае заставацца адным з самых расейскамоўных клбаў краіны. У гэтым сэзоне ён будзе зноў гуляць з прозьвішчамі гульцоў па-расейску.

Няма ў яго і беларускамоўнай вэрсіі сайту, беларускамоўных праграмак і афіш. Адным словам, працягвае «БАТЭ» карміць абяцанкамі як і ў мінулых сэзонах, што вельмі прыкра і ня робіць гонару самаму тытуляванаму клюбу краіны.

Адзін толькі капітан каманды Радзівонаў узяў справу зь беларусізацыяй беларускага футболу ў свае рукі (а дакладней ногі), і замовіў для сябе гульнявыя буцы з прозьвішчам па-беларуску.

ФК «Шахтар», «Граніт» і «Нафтан»

Салігорцы таксама вельмі далёкія ад беларускай мовы — ні прозьвішчаў па-беларуску, ні іншага выкарыстаньня беларускай мовы ў гэтым сэзоне пакуль у іх ня бачна.

Аб «Граніце», дэбютанце вышэйшай лігі мала што пакуль вядома, але апошнюю афіцыйную гульню ён гуляў у футболках бяз прозьвішчаў, а толькі з нумарамі, таму ня выключана, што прозьвішчы па-беларуску ў іх на форме зьявяцца.

Мала шанцаў на тое, што беларуская мова ў гэтым годзе будзе выкарыстоўвацца ў «Нафтане» — нават адмову ў выкарыстаньні беларускай мовы традыцыйна «па фінансавых прычынах» з клюбу даслалі па-расейску.

ФК «Нёман» і «Віцебск»

«Нёман» і «Віцебск» паважным стаўленьнем да беларускай мовы у гэтым сэзоне пакуль не вызначаюцца. Афіцыйныя перадсэзонныя гульні гарадзенцы пачалі ў футболках з расейскамоўнымі прозьвішчамі, як і футбалісты зь Віцебску.

Па-расейску працавала і табло ў Горадні, хоць яно нічым не адрозьнівалася ад табло гомельскага, якое дыктар абслугоўвае па-беларуску.

Пазыцыя «Віцебска» трохі крывадушная: прозьвішчы яны ня могуць нанесьці па-беларуску зь фінансавых прычынаў. У той жа час гэта не перашкаджала напісаць па-расейску.

Трэба тут яшчэ ўлічыць, што «Віцебск» — дэбютант Вышэйшай лігі, а ў 1-й лізе каманды гуляюць наагул бяз прозьвішчаў — толькі з нумарамі.

ФК «Славія»

У мазырскім клюбе сытуацыя зь беларускай мовай выглядае даволі няблага. Плянуецца, што па-беларуску ў гэтым сэзоне будзе працаваць дыктар на стадыёне, беларуская мова будзе прысутнічаць у друкаванай прадукцыі. Нельга не заўважыць, што «Славія», як і менскае «Дынама», мае беларускамоўную вэрсію сайту. Таксама з гэтага сэзону каманда будзе гуляць з новым-«старым» лягатыпам, які выкананы па-беларуску.

Такім чынам «Славія» і «Мінск» — адзіныя з 14-ці клюбаў вышэйшай лігі, што маюць лягатып па-беларуску. Невядома пакуль, на якой мове будуць прозьвішчы гульцоў, але ёсьць вялікая верагоднасьць, што яны будуць па-беларуску.

ФК «Тарпэда-БелАЗ»

Даволі добра павінны быць справы зь беларускай мовай ў гэтым сэзоне ў клюбу з Жодзіна. Прэс-сакратар клуба Сяргей Пузанкевіч сказаў, што каманда ўсьлед за менскім «Дынама» рыхтуе для заўзятараў «моўны сюрпрыз».

Што гэта будзе, можна меркаваць з адказу дырэктара «Тарпэда-БелАЗ» М. Хлуса:

«ФК „Тарпэда-БелАЗ“ цалкам падзяляе вашы хваляваньні аб належным становішчы роднай мовы ў Беларусі. Хочацца адзначыць, што наш клюб стаяў ля вытокаў выкарыстаньня роднай мовы на футбольных пляцоўках краіны. Так, з 1993 года і па сёньняшні дзень гукавое суправаджэньне гульняў нашага клюбу адбываецца па-беларуску, таксма больш за 20 год артыкулы аб жыцьці каманды ў гарадзкой газэце выходзяць толькі на беларускай мове. Ужо 4-ты сэзон запар пасьляматчавыя прэс-канфэрэнцыі праводзяцца на роднай мове. „Тарпеда-БелАЗ“ першым з клюбаў Беларусі пачаў весьці інтэрнэт-трансьляцыі па-беларуску. У далейшых плянах нашага клюбу існуюць і іншыя ідэі па распаўсюджваньні беларускай мовы».
І сапраўды, словы Пузанкевіча Хлуса хлусьнёй не аказаліся. На сустрэчы з заўзятарамі, што адбылася 6 красавіка спэцыяліст «Тарпеда-БелАЗ» па сувязях з грамадзкасцю Віктар Глушко паведаміў:

«Недзе ў лютым ці напачатку сакавіка правялі апытаньне ў самой камандзе. Думаю, вам будзе цікава, што ўсе гульцы адзінагалосна выказаліся за тое, што яны неясупраць, каб іх прозьвішчы пісаліся на беларускай мове. Таму так таму і быць — у гэтым сэзоне каманда будзе гуляць у футболках з надпісамі на беларускай мове. А каб быць пасьлядоўнымі, афішы і анонсы да гульняў мы таксама ўжо робім па-беларуску».

Так, магчыма, упершыню ў гісторыі незалежнай Беларусі мінімум дзьве каманды будуць пісаць прозьвішчы гульцоў па-беларуску, а «Тарпэда-БелАЗ» уключыцца ў змаганне з «Дынама-Мінск», «Гомелем», «Белшынай» і «Славіяй» за ганаровае «званьне» самага беларускамоўнага клюбу Беларусі.

Як бачым, напярэдадні сэзону-2015 у беларускай Вышэйшай лізе ёсьць каманды у якіх справы з выкарыстаньнем беларускай мовы ідуць добра, ёсьць тыя, хто толькі набірае абароты ў гэтым кірунку, а ёсьць і тыя, хто зусім ад роднай мовы адцураўся. Хочацца пажадаць перамог і посьпехаў камандам, якія шануюць беларускую мову.

Безумоўна, гэта толькі першапачатковы агляд, цягам сэзону сытуацыя можа мяняцца, і аб самых яскравых камандах і выпадках выкарыстаньня ці невыкарыстаньня беларускай мовы мы яшчэ пагаворым.

Меркаваньне рэдакцыі РС можа не супадаць зь меркаваньнем аўтара
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG