19-гадовы Андрэй Андрыянаў зь вёскі Дзяглі Жабінкаўскага раёну праходзіў тэрміновую службу ў адной з вайсковых часьцей Берасьця. Раптоўна ён захварэў і 25 сьнежня 2014 году памёр. Маці падазрае, што сына ў войску білі. Вайскоўцы гэта адмаўляюць.
Алена Андрыянава сустрэла карэспандэнта Свабоды каля сваёй хаты ў чорнай хустцы. Яна пахавала сына некалькі месяцаў таму, але толькі цяпер вырашыла распавесьці пра сваю бяду журналістам. Ёй дагэтуль ня выдалі канчатковага лекарскага заключэньня аб сьмерці сына. З гэтай прычыны, кажа спадарыня, у яе і ўзьнікаюць падазрэньні, што ў справе сьмерці яе сына нешта ўтойваецца.
Памерлы сын Андрэй да прызыву ў траўні 2014 году ў войска працаваў у мясцовым калгасе трактарыстам. Быў асноўным кармільцам сям’і, бо Алена гадуе дзяцей адна, бяз мужа. Пасьля сьмерці Андрэя ў 40-гадовай спадарыні засталося яшчэ трое дзяцей.
Прызвалі ў траўні, а ў верасьні — зьлёг у лякарню
«Быў здаровы да войска, ніякіх сур’ёзных хваробаў не было. Ужо ў верасьні з войска даведалася пра яго сур’ёзную хваробу. Ён мне сам патэлефанаваў і сказаў, што ляжыць у вайсковай мэдычнай частцы. Я паехала, ён мне казаў, што ў яго балеў левы бок. Казаў, што нейкія снарады вазілі, разгружалі, ды сьпіну надарваў. У вайсковай мэдычнай частцы ў яго прыступ быў, страціў прытомнасьць, тады яго накіравалі ў Берасьцейскую абласную лякарню. Яны мяне выклікалі праз пару дзён і сказалі, што ў яго пухліна галаўнога мозгу, пухліна пазваночніка, карацей, увогуле ўвесь левы бок», — распавяла Алена Андрыянава.
Пытаюся, ці сказалі, ад чаго ў яго маглі зьявіцца гэтыя пухліны:
«Я пыталася, ніхто мне нічога не сказаў. Не разумею, як гэта, калі ў войска абсалютна здаровага хлопца адпусьціла. Як гэта магчыма? Прыяжджалі мы да яго на прысягу — здаровы хлопец! А тут раптам...» — адказвае Алена.
Дыягназ
Зь Берасьця вайскоўца накіравалі ў рэспубліканскі анкалягічны цэнтар у Бараўлянах, дзе 25 сьнежня Андрэй памёр. Маці дагэтуль ня мае канчатковага заключэньня аб прычынах сьмерці. Ёй даслалі толькі папярэдняе, ды яшчэ паведамленьне з ваенкамату пра тое, што «шараговец Андрыянаў Андрэй Віктаравіч, 1995 году нараджэньня, прызваны на вайсковую службу 16 траўня 2014 году [...], праходзіўшы службу ў вайсковай часьці 11921, захварэў, дыягназ: астэасаркома 10 груднога пазванка з мэтастазаваньнем у лёгкія, плечавыя косткі, скроневую долю галаўнога мозгу зьлева, паталягічны пералом шыйкі левага пляча».
Астэасаркома — гэта нядобраякасная пухліна касьцявых тканак. Паводле інфармацыі ДУ «Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтар анкалёгіі і мэдыцынскай радыялёгіі імя Аляксандрава», у Беларусі апошнія дзесяць гадоў штогод рэгіструецца 90–140 выпадкаў гэтай небясьпечнай хваробы. Астэасаркома характарызуецца агрэсіўнасьцю, хуткім мэтастазаваньнем. Найбольш выпадкаў гэтай хваробы рэгіструецца ў маладых людзей да 30 гадоў, часьцей — мужчын.
Лекары кажуць, што часта пухліны разьвіваюцца пасьля траўмы. Або траўма можа спрыяць, каб хвароба працякала хутчэй.
Камэнтуе лекар-траўматоляг, кіраўнік інфармацыйна-кансультацыйнай установы «Шэгамэдкансульт» Іван Шэга:
«Можа быць, што яго забіралі ўжо зь недыягнаставаным захворваньнем гэтым. То гэта пракол мэдычнай камісіі, якая яго аглядала. Астэасаркома даволі хутка разьвіваецца, але не за два месяцы, ды з такім мэтастазаваньнем. Звычайна — паўгода, крыху даўжэй. І хвароба пэўны час можа і бязь нейкіх сымптомаў працякаць. Чым жа яна і небясьпечная, анкалёгія — што на першай і другой ступені ніякіх скаргаў няма».
Спадар Шэга пацьвярджае, што траўмы могуць садзейнічаць паскарэньню ці правакаваньню астэасаркомы.
Надарваўся, носячы снарады, ці яго білі?
Алена Андрыянава кажа, што не выключае, што хвароба ў яе сына магла зьявіцца і пасьля зьбіцьця. Спадарыня спрабавала высьветліць гэта ў лекараў, але яны такой інфармацыі не пацьвярджалі.
Алена кажа, што шмат разоў прасіла ў сына, каб ён прызнаўся, ці білі яго. Сам малады чалавек катэгарычна гэта адмаўляў. Казаў толькі, што насіў снарады і надарваў, маўляў, сьпіну:
«Адзінае, што ён сказаў, ад чаго ў мяне і ёсьць нейкія сумненьні, гэта — каб я не пускала малодшых братоў у войска», — кажа Алена.
У вайсковай часьці 11921 Берасьця катэгарычна адмаўляюць, што Андрэя Андрыянава маглі біць, як увогуле адмаўляюць любыя праявы «дзедаўшчыны»:
«Гэта непраўдзівая інфармацыя, я не магу з вамі гаварыць, да пабачэньня», — толькі і сказаў афіцэр на тым баку тэлефоннага дроту.
У Жабінкаўскім ваенкамаце таксама адмовілі падобную вэрсію і распавялі, што Андрэй Андрыянаў захварэў у войску, бо на момант прызыву быў прызнаны здаровым:
«Адпавядаў крытэрам адбору і накіраваньня на вайсковую службу. Не было ніякіх падставаў меркаваць, што ён не адпавядае па катэгорыях прыдатнасьці. Як і 100 працэнтаў, што яго ня білі», — кажа вайсковы камісар Жабінкаўскага ваенкамату, падпалкоўнік Андрэй Ануфрыюк.
Старэйшы сын — пахаваны, сярэдняму — выдалі вайсковы білет
Алена Андрыянава распавяла, што вайскоўцы дапамаглі з арганізацыяй пахаваньня, прыяжджалі на могілкі.
У жанчыны яшчэ трое дзяцей — два сыны, 16 і 18 гадоў, і 12-гадовая Насьця, якая вучыцца ў жабінкаўскай школе-інтэрнаце для дзяцей з захворваньнямі зроку. Старэйшаму з сыноў, якія засталіся, Аляксандру, ужо выдалі вайсковы білет, у войска ён ня пойдзе. Хлопец робіць у калгасе трактарыстам, цяпер ён — кармілец сям’і, заробак аддае маці.
Алена выхоўвае дзяцей адна. Іх бацька памёр больш як дзесяць гадоў таму. Жывуць небагата, Алена працуе ў калгасе рознарабочай. Трымаюць курэй, коз, парсючка. Сын Саша кажа, што трактарысту ў сэзон пасяўной ды жніва можна зарабіць досыць добра, а так заробкі невялікія — каля 2 мільёнаў.
Алена кажа, што па сьмерці сына сям’і будзе выплочвацца пэўная дапамога, дзеля якой яна зьбірае дакумэнты.