Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чалавек канфлікту Аляксей Карпюк


Сяргей Астраўцоў
Сяргей Астраўцоў

Аляксей Карпюк, апошняя кніга якога называецца «Разьвітаньне з ілюзіямі», быў чалавекам канфлікту. Напэўна, гэта яму дапамагала жыць, быць самім сабой, а што пісаць — дык гэта дакладна.

Аляксей Карпюк, апошняя кніга якога называецца «Разьвітаньне з ілюзіямі», быў чалавекам канфлікту. Напэўна, гэта яму дапамагала жыць, быць самім сабой, а што пісаць — дык гэта дакладна. Каб пісаць, патрэбны мандраж, азарт. Хаця канфлікт хавае ў сабе і небясьпеку. Калі ты лічыш, што з табой абыходзяцца несправядліва і калі бачыш, што дурні па-ранейшаму на кані. Так, напэўна, здарылася з Карпюком: новая хваля нападак на яго ў сталінскім стылі, калі навокал разгарнулася небывалая галоснасьць (1989–90), не магла не адбіцца на ягоным стане, пражыў ён пасьля гэтага нядоўга (памёр у 1992-м).

Калі я пачаў працаваць у «Гродзенскай праўдзе», выйшла новая кніга Аляксея Карпюка ў чорнай вокладцы — «Сучасны канфлікт». У ёй былі аповесьць, франтавы дзёньнік і апавяданьні. Я ня быў аматарам савецкай ваеннай прозы, але мне найбольш спадабаўся ў Карпюка менавіта вайсковы твор. У ім адчуваўся працяг традыцыі Максіма Гарэцкага, тым больш — якое супадзеньне! — Карпюк таксама трапіў у артылерысты. Хаця спачатку яго хацелі ўзяць у выведку, бо ведаў нямецкую мову, але перадумалі.

Вокладка кнігі Карпюка "Разьвітаньне з ілюзіямі"
Вокладка кнігі Карпюка "Разьвітаньне з ілюзіямі"

Я разгортваю сёньня гэты твор і чытаю: «Франтавы дзёньнік наводчыка 76 м/м гарматы, 756 стралковага палка, 150 Ідрыцкай дывізіі». І ў мяне адчуваньне якогасьці дэжавю. Бо перад гэтым я глядзеў відэаінтэрвію аднаго з данецкіх начальнікаў-сэпаратыстаў, над сталом якога ў кабінэце вісіць чырвоны сьцяг зь сярпом і молатам ды надпісам: «150 стр. ордена Кутузова ІІ ст. Идрицк. Див.». Каб жыў Карпюк, я перакананы, ягоная пішучая машынка не адпачывала б у нашы дні.

Аляксей Карпюк быў тыпам задзірыстага заходнебеларускага камсамольца, які за справядлівасьць, за праўду і якому заўжды ёсьць што сказаць. Гэта быў чалавек памежжа. А яно, бывае, інсьпіруе вельмі цікавую творчасьць. Даволі блізкія прыклады — Гюнтэр Грас або Чэслаў Мілаш... У Горадні былі два значныя пісьменьнікі. Васіль Быкаў — і ён, Карпюк. Толькі Быкаў вырас да ўсесаюзнага ўзроўню, а ў Карпюка была свая роля, свая ніша. Ён быў на віду, не любіў маўчаць, і праз гэта яму даставалася. А Быкаў быў больш камэрным чалавекам, празаікам, засяроджаным на творчасьці. Калі чытаеш Карпюка, зьдзіўляесься — колькі высілкаў ён паклаў на тое, каб вярнуць сабе партбілет, калі быў выключаны з КПСС (1971)! Каб пры канцы жыцьця ўсё ж расчаравацца ў ёй і ў тым білеце, паставіць для сябе на партыі крыж. У гэтым мне бліжэйшая пазыцыя Быкава, які пастараўся ў партыю не ўступаць.

Вядома: партбілет дапамагаў у кар’еры і жыцьці. Даваў магчымасьць узначальваць пісьменьніцкую арганізацыю ў Горадні, быць дырэктарам Рэспубліканскага музэю гісторыі рэлігіі і атэізму, які Карпюку ўдалося стварыць з нуля.

У сваім «Разьвітаньні з ілюзіямі» пісьменьнік пакінуў нам трапныя жывыя сюжэты пра прыход Чырвонай арміі ў 1939-м, «новую ўладу зблізку», «разгул НКУС», «пакрыўджаных змагароў» капэзэбоўцаў. Сто дзён яму давялося камандаваць партызанскім атрадам. Калі выключалі з партыі, інструктары ў абкаме (што быў у Новым замку) сталі абзываць карпюкоўскі атрад «ліпавым». За тое, што пусьціў пад адхон усяго тры цягнікі. Але ж мы рыхтавалі выбухі на чыгунцы грунтоўна, піша той. Каб пасажырскі цягнік не падарваць, каб сапраўды вайсковы эшалён зьнішчыць. Затое ў атрадах, якія перайшлі зь Меншчыны, лічылася, што цырымоніцца ня варта.

Вакол пасьляваеннай Горадні ў лясах было мноства ўзброеных людзей. Пры канцы жыцьця Карпюк праходзіць да высновы, што «ніякія яны не былі бандыты», што новая ўлада жорсткімі рэпрэсіямі змушала людзей да нязгоды, да супраціву. А каб іхнюю сям’ю перад вайной таксама «раскулачылі» і пагрузілі ў вагоны кірункам у Сыбір, то я, піша Карпюк далей, «таксама паспрабаваў бы ўцячы з-пад аховы, бо мацней за ўсё люблю свабоду». І, ня выключана, «папоўніў бы шэрагі вось такіх „бандытаў“ у лесе».

Заканчваючы сваё «Разьвітаньне з ілюзіямі», Карпюк стараецца разабрацца ў сабе самім: «Я не з пакорных, я — з абалваненых. Усё жыцьцё ня там шукаў ідэал. Я глыбока верыў у камунізм. Я нават верыў, што Сталін ні пра што ня ведае, і марыў, як да яго дабіраюся ў Крэмль ды раскрываю на ўсё яму вочы». Пры гэтым пісьменьнік робіцца крыху патасным, публіцыстычным — што быў «аб’ектам непрыстойнай гульні ў руках людзей, якія вадзілі мяне дзесяцігодзьдзямі за нос і спэкулявалі на маёй наіўнай веры...» Міжволі ўспомніш ізноў Быкава, які не даваў наіўнай веры апанаваць сябе. Верыць ці не, вырашае кожны сам.

Карпюк абзывае «хеўрай банкрутаў і сэктантаў» КПСС — «носьбіта чужой мне маралі» — і яе мясцовых функцыянэраў, якія яго, пісьменьніка, цкавалі. Карацей кажучы, здарыўся «непрымірымы канфлікт з маральлю, закладзенай ува мне», падсумоўвае пры канцы жыцьця Карпюк і выгукае: «Вы — як сабе хочаце, а я больш не хачу да гэтай партыі належаць!»

Як на мяне, можна толькі пашкадаваць, што буйны пісьменьнік Гарадзеншчыны патраціў столькі жыцьцёвай энэргіі, нэрваў, часу на нявартыя рэчы... Прычым тую партыю (КПБ), як вядома, начальства РБ даўно аднавіла. А сама партыя нічога не забыла, хоць нібыта больш не кіруе. І столькі часу ў горадзе няма ні бюста, ні шыльды чалавеку, які быў тварам і душой Горадні. Я памятаю адметную постаць Карпюка. І ў доме Элізы Ажэшкі, дзе была філія Саюзу пісьменьнікаў, і на вуліцах, дзе ён нібы адпавядаў старым камяніцам, сьцены якіх памятаюць людзей, якія любілі горад і стваралі яму славу.

Вуліца Горкага, на якой жыў гарадзенскі пісьменьнік, вуліцай Карпюка ня стала. Колькі подпісаў ні зьбіралі, нішто не дапамагло. Але пытаньне з парадку дня зьнятае, так лічыць начальства. У чыстым полі выдзеленыя 804 дзялкі для катэджаў, па дзесяць сотак. За вёскай Забалаць. Камунікацыяў няма. Уся плошча падзеленая на тры часткі. У Забалаці-2 начальства вырашыла стварыць «вясковую бібліятэку» — там вуліцы Карпюка, Крапівы, Куляшова, Маўра, Танка, гарадзенскага краязнаўцы Цыхуна і людзей зусім невядомых, а таксама завулак Танка.

Апошняя навіна: у Забалаці-2 паабяцалі пракласьці грунтовыя дарогі, вуліца Карпюка таксама трапіла ў «сьпіс шчасьлівіц», як напісала мясцовая прэса. Адным словам, годна ўшанавалі памяць лепшых беларускіх пісьменьнікаў у Горадні... Канфлікт на паверхні нібы вырашаны, але насамрэч папросту загнаны ўнутр.​

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG