Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксея Карпюка ўшанаваў музэй, які ён стварыў


У Горадні адкрылася выстава, прысьвечаная 95-годзьдзю Аляксея Карпюка, вядомага пісьменьніка, сябра Васіля Быкава, а таксама стваральніка і першага дырэктара Музэю гісторыі рэлігіі ў Горадні, у якім і адкрылася экспазыцыя.

Сярод экспанатаў выставы ў гонар 95-годзьдзя Аляксея Карпюка — асабістыя рэчы пісьменьніка (многія зь іх дазволіла скарыстаць ягоная дачка), дакумэнты, фатаздымкі, а таксама абразы, літургічнае адзеньне, старадрукі і іншыя рэчы, якія музэй набыў у той час, калі дырэктарам працаваў Аляксей Карпюк.

За час ягонага дырэктарства музэй сабраў каля 6000 экспанатаў.

Ёсьць на выставе і апошняя кніга пісьменьніка — «Разьвітаньне з ілюзіямі», якая не змагла пабачыць сьвет у Беларусі пры ягоным жыцьці. Зьвярстаны і адрэдагаваны ў 1995 годзе машынапіс зь дзяржаўнага выдавецтва вярнулі жонцы Карпюка без тлумачэньня прычынаў. Пазьней гэтым творам распачнецца новая кніжная сэрыя — «Гарадзенская бібліятэка».

У музэі дагэтуль працуюць людзі, якія памятаюць першага дырэктара, якія разам працавалі і стваралі будучы Музэй гісторыі рэлігіі Беларусі. Сярод іх — рэстаўратар Уладзімер Кіслы, які згадаў пра першага дырэктара ў інтэрвію Свабодзе:

Уладзімер Кіслы
Уладзімер Кіслы

— Я вельмі хацеў пасьля вучобы працаваць у гэтым музэі. І калі прыйшоў уладкоўвацца, то ўбачыў у дырэктарскім кабінэце чалавека, з выгляду падобнага да каўбоя з вэстэрна. У яго быў такі тыпаж, як у галівудзкіх фільмах 70-х гадоў. Ён ня быў усьмешлівы, і цяжка было адразу зразумець, дзе ён гаворыць сур’ёзна, а дзе жартуе.

Ён быў вельмі цікавай і значнай асобай у межах нашага гораду. Я б нават сказаў — такая танізуючая асоба, якая стварала нейкую пэўную атмасфэру.

Самае характэрнае, што кідалася ў вочы ў гэтым чалавеку, — поўная адсутнасьць чынашанаваньня. Для яго начальнік быў такі самы, як звычайны чалавек. Калі прыяжджаў у музэй міністар, ён зьбіраў увесь калектыў, у тым ліку і шафёра, і прыбіральшчыцу. І мог сказаць: ну вось гэта наш шафёр, і скажы, калі ласка, што ты хочаш патрабаваць ад міністра.

І мог сказаць: ну вось гэта наш шафёр, і скажы, калі ласка, што ты хочаш патрабаваць ад міністра

У яго была вельмі цікавая мова, якой я гаварыў яшчэ ў маленстве, якой дагэтуль яшчэ гавораць на Беласточчыне. Гэта была не літаратурная, але вельмі спэцыфічная, непаўторная беларуская мова.

Ён выпрацоўваў у нас, супрацоўнікаў, творчыя адносіны да жыцьця, свабодалюбства, вельмі шанаваў людзей, якія імкнуліся да нечага, нешта ўмелі, нечым цікавіліся. Ён, зрэшты, і сам быў такі і правакаваў людзей на гэта.

Ён запрасіў цэлы наш калектыў на свой юбілей, дзе мы сядзелі побач з Макаёнкам, Быкавым, Шамякіным. Гэта для нас, тады маладых супрацоўнікаў, асабліва калі хто яшчэ праяўляў цікавасьць, былі незвычайныя магчымасьці».

Нядаўна ў новым гарадзенскім мікрараёне Альшанка зьявілася вуліца імя Аляксея Карпюка. А вось мэмарыяльнай шыльды на доме, дзе жыў літаратар і стваральнік музэю, дагэтуль няма.

На выставе да 95-годзьдзя Аляксея Карпюка
На выставе да 95-годзьдзя Аляксея Карпюка

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG