Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітвязьня Юрыя Рубцова вывезьлі з «хіміі» ў Сьледчы камітэт. Завялі новую справу


Юры Рубцоў
Юры Рубцоў

Юрыю Рубцову загадалі сабраць рэчы, пасадзілі ў міліцэйскі аўтамабіль і вывезьлі з тэрыторыі спэцкамэндатуры ў вёсцы Куплін Пружанскага раёну.

«Цяпер кудысьці вязуць, але ня кажуць, куды. Ня думаю, што мяне вызваляюць. Улічваючы сытуацыю ў краіне, калі ўзмацняюцца рэпрэсіі, калі прыняты дэкрэт адносна дармаедаў, маё вызваленьне было б нелягічным. Паглядзім», — пракамэнтаваў Юры Рубцоў сытуацыю праз тэлефон.

За лічаныя хвіліны да таго, як Рубцова вывезьлі са спэцкамэндатуры, туды на сустрэчу зь ім прыехалі актывісты.

«Мы бачылі, як яго пасадзілі ў міліцэйскі аўтамабіль і некуды павезьлі з рэчамі», — распавяла карэспандэнту Свабоды рэжысэр Вольга Мікалайчык.

Тым часам актывіст Леанід Кулакоў паведаміў Свабодзе:

«Рубцова прывезьлі ў Пружанскі РАУС, нас туды не пусьцілі. Сказалі, што з удзелам Рубцова там будзе нейкі сьледчы экспэрымэнт».

Паводле апошняй інфармацыі ад Вольгі Мікалайчык, Юрыя Рубцова пакінулі з рэчамі ў раённым Сьледчым камітэце, міліцэйскі аўтамабіль, які прывёз яго з Купліна, зьехаў.

“Міліцыянты сказалі, што Рубцоў застанецца ў Сьледчым камітэце, бо на яго там заведзена крымінальная справа".

Актывісты, які прыехалі пабачыцца з Рубцовым, мяркуюць, што гэтая справа тычыцца тату "Лукашэнка, сыходзь", якое Рубцоў зрабіў на "хіміі" напярэдадні Дня Волі.

У 15.10 удалося датэлефанавацца да самога Юрыя Рубцова. Ён паведаміў:

«Так, я ў Сьледчым камітэце. „Шыюць“ крымінальную справу паводле 415 артыкулу — за ўхіленьне ад адбыцьця пакараньня абмежаваньнем волі. Вінаватым сябе не прызнаю, патрабую незалежнага адваката. Мне тут прапануюць нейкага „свайго“ адваката, але ад гэтага я адмаўляюся».

Паводле 415 артыкула КК Юрыю Рубцову пагражае да 3 гадоў зьняволеньня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG