Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дармаедам» абмяжуюць выезд за мяжу


Міністар працы Марыяна Шчоткіна патлумачыла, якія будуць санкцыі супраць тых, хто нідзе не працуе і ня плаціць падаткі.

Сацыяльныя ўтрыманцы будуць вылічвацца шляхам накладаньня базаў дадзеных, паведаміла ў інтэрвію тэлеканалу «Беларусь-1» міністар працы і сацыяльнай абароны Беларусі Марыяна Шчоткіна, камэнтуючы дэкрэт прэзыдэнта № 3 «Аб папярэджаньні сацыяльнага ўтрыманства»:

«Ёсьць міжведамаснае ўзаемадзеяньне. Гэтыя пытаньні ўжо ўсе адпрацаваныя. Ёсьць базы дадзеных. Шляхам накладаньня пэўных базаў дадзеных будуць вылічвацца людзі, якія ня ўдзельнічаюць у працоўнай дзейнасьці, не зарэгістраваныя як ІП, рамесьнікі, натарыюсы, вайскоўцы і г.д. І гэтыя адкарэктаваныя сьпісы потым будуць накіроўвацца ў Міністэрства па падатках і зборах, а яно накіруе іх у свае тэрытарыяльныя органы».

Пры гэтым міністар паабяцала для даўжнікоў перад падатковымі органамі складанасьці пры выезьдзе за мяжу, што прадугледжана дзейным заканадаўствам.

Кожны грамадзянін, паводле Шчоткінай, згодна з Канстытуцыяй абавязаны ўдзельнічаць у фінансаваньні дзяржаўных выдаткаў. Дэкрэт вызначае пэрыяды, якія залічваюцца як выплата гэтых фінансавых выдаткаў:

«Канстытуцыяй гарантуецца права на працу. Ніхто нікога не прымушае працаваць. Прымусовай працы ў краіне няма. Прапісаная асобна норма, што калі чалавек жыве зь нейкага пэўнага даходу, то адпаведна, ён павінен таксама выплачваць з яго плацяжы. І калі велічыня гэтых плацяжоў ня меншая за 20 базавых велічынь, тады лічыцца, што ён таксама фінансуе дзяржаўныя выдаткі», — адзначыла міністар.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG