Расея ваюе з Украінай; расейскія патрыёты выступаюць пад фашыстоўскай свастыкай з партрэтамі камуніста Сталіна і праваслаўнымі харугвамі; 45 адсоткаў расейцаў апраўдваюць рэпрэсіі па даносах, 80 адсоткаў ухваляюць дзеяньні Пуціна ў Крыме і на Данбасе…
Скажы мне ў дзяцінстве, што такое можа быць, ня тое што не паверыў бы, проста – як іншая хваля – прайшла б міма, за парогам успрыманьня.
Часам народы захворваюць. Як немцы за Гітлерам павяліся былі на масавы псыхоз, але ж гэта хвароба, якая б страшная ні была, яна лекуецца і мінае. І мінула. Бо ўвогуле ўсе людзі – браты.
Сёньня ад гэтай «казачкі пра белага бычка» засталіся «рожкі ды ножкі». Немцы аказаліся найбольш адэкватным і заможным, а да таго ж гасьцінным і спагадлівым народам. Прынялі ў сябе 4 мільёны савецкіх эмігрантаў, пераважна расейцаў, якія называюць сваю дыяспару «Русской Германией».
Можа быць, і расейцы ў большасьці захварэлі сёньня на свой масавы псыхоз – як у свой час немцы? Хвароба вылекуецца, і будуць зноў нармальным народам. Але ці будуць? І ці калі-небудзь былі?
На масавы псыхоз расейцы хварэлі і пры Брэжневе, толькі хвароба набывала закрытую, лятэнтную форму. «Таварыш маёр» сядзеў у кожнай разэтцы. Пры Сталіне хварэлі адкрыта. Афіцыйная лічба расстраляных і вывезеных у ГУЛАГ шпіёнаў і антысаветчыкаў толькі ў БССР – 600 тысяч. Рэвалюцыі пачатку стагодзьдзя былі абвостранай формай псыхозу. Чырвоны тэрор, масавыя ўцёкі за мяжу, разруха і голад. Далей – 19-е стагодзьдзе з захопніцкімі войнамі, зь бесамі Дастаеўскага, змоўнікамі, бамбістамі, татальнымі рэпрэсіямі і сібірскімі лягерамі і гэтак далей, далей, далей… Пётр Першы і «Утро стрелецкой казни», Іван Грозны-Жахлівы і апрычніна… У Расеі рэдка калі бывала спакойна, і ніколі не бывала надоўга. Зараз жа вярталася «норма».
Нашы часы далі масавую расейскую эміграцыю на Захад. Яе называюць «чацьвёртай хваляй». І тут для мяне, можа быць, самы востры разрыў шаблёну. У асабістых гаворках, у сеціве, у СМІ ўсё часьцей сустракаю людзей, што абжыліся ў той самай «Русской Германии» і на чым сьвет клянуць Нямеччыну, Захад, немцаў. Прыдумляюць небыліцы пра тое, як там скажаецца мараль, пра «тупік лібэралізму», што «мізэрны чалавек пастаўлены па-над вялікай догмай»… Як гэта разумець? Ну прыехаў, дык жыві спакойна, ня гадзь. Або едзь назад, дзе ўсё маральна і «праклятых немцаў» няма.
Шчыра кажучы, думаў я, што гэта прыватныя выпадкі – мала які чалавек папаўся. Але ж яно накатвае і накатвае, з дня ў дзень.
Я ўжо пісаў, што беларусы, «дзякуючы» расейскаму ТБ, атаясамілі свае ўласныя правы чалавека з аднаполымі шлюбамі – «найвялікшай праблемай на Захадзе». Правільна, яна там найбольш заўважная, бо ўсе астатнія, базавыя правы чалавека датрымліваюцца і ўсе да гэтага прывыклі, як да паветра. Ніхто не змагаецца за права на жыцьцё, недатыкальнасьць, працу, прэзумпцыю невінаватасьці, свабоду думкі, перамяшчэньне, веравызнаньне ці родную мову. Захад усе гэтыя правы забясьпечыў. Расея – не. І цяпер падступная расейская прапаганда разрываецца – хочаце, каб было як «там», аднаполыя шлюбы? Ды не, хочам хоць бы праўдзівую інфармацыю атрымліваць замест дубаломнай прапаганды…
Апошнім часам стала мне дапускацца думка, што хворая на масавы псыхоз Расея ўжо не паправіцца ніколі. І прычына тут ня сёньняшняя, а глыбокая, векавечная. У адрозьненьне ад нас ці ўкраінцаў, Расея не прайшла разам з усёй Эўропай, не перажыла Эпоху Адраджэньня, калі ў мэнтальнасьць народаў былі закладзеныя лекі ад масавага псыхозу, а сам псыхоз стаў дыягназавацца як хвароба. Тыя ж немцы маглі захварэць, але мелі шанец вылекавацца, чым і скарысталіся. Расея такога шанцу ня мае.
Якраз Рэнэсанс узвысіў чалавека зь ягонымі правамі, чалавек стаў вышэйшым за догмы, чалавек малы са сваім клопатам стаў упоравень з мажнаўладцамі. Чалавек стаў важны сам сабою.
Расея ад Эпохі Адраджэньня адгарадзілася каменнай сьцяной уласнай дэспатыі. Чалавек у Расеі застаўся бяспраўная масай у мірны час і гарматным мясам у часы вайны. Страты «жывой сілы» ніколі не былі ў Расеі крытэрам перамогі ці паразы. Масавы псыхоз для Расеі застаўся нормай існаваньня. Што і засьведчыла статыстыка падтрымкі рэпрэсіяў Сталіна і ўкраінскай авантуры Пуціна.
Выглядае, што Расея адстала ад Эўропы на ўсе гэтыя 500 гадоў, бо ў Крамлі працягваюць мысьліць катэгорыямі Івана Жахлівага і Пятра Першага. І каб далучыцца да цывілізаванага сьвету Расеі спатрэбіцца ўжо не Эпоха Адраджэньня, а нейкае сваё ўласнае перараджэньне, калі расейцы на мэнтальным роўні ўсьвядомяць, што здароўе – гэта не хвароба, а мір – не вайна, інфармацыя – не прапаганда, і што даносы пісаць – не камільфо.
Пакуль жа нішто ня сьведчыць, што такая эпоха пачалася і амаль нішто не намякае, што яна калі-небудзь пачнецца.
На жаль.