Каб дапамагчы дзецям перасяленцаў з усходу Ўкраіны пераадолець псыхалягічныя наступствы вайны, а бацькам даць час на ўладкаваньне новага жыцьця і пошук працы, у лесе каля пасёлка Дымер (45 км ад Кіева) актывісты стварылі намётавы гарадок «Лясная застава», які затым ператварыўся ў паўнавартасны дзіцячы лягер. У лягеры пабывалі ўжо каля 300 дзяцей, усе яны — дзеці перасяленцаў або воінаў АТО, загінулых і параненых.
Большасьць дзяцей прыяжджаюць пазьменна, на 21 дзень, аднак каля 20 стала жывуць у «Лясной заставе». Яны вучацца ў тутэйшай гімназіі, удзельнічаюць у розных валянтэрскіх праграмах.
Зь дзецьмі працуюць псыхолягі, большасьць зь якіх — таксама перасяленцы з Данецкай і Луганскай абласьцей. Яны распрацавалі праграму, накіраваную на рэабілітацыю і базавую псыхалягічную дапамогу. Паводле Алега Іванова, псыхоляга-валянтэра зь Севераданецку, многія дзеці прыяжджаюць у лягер замкнёнымі, зь недаверам да навакольных людзей і сьвету. З дапамогай спэцыялістаў яны вучацца дамаўляцца, давяраць, сябраваць і пакідаюць «Лясную заставу» больш разьвітымі і камунікабэльнымі.
Лягер цалкам забясьпечваюць спонсары і валянтэры, якія за свой кошт адрамантавалі корпусы санаторыя 50-х гадоў і дапамагаюць «Лясной заставе» ўсім неабходным.
Карэспандэнт украінскай службы Радыё Свабоды пацікавіўся ў дзяцей, пра што яны мараць так далёка ад дома.