Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Хоць не жывём, а выжываем, але Крым назад не аддамо», — жыхары расейскай вёскі


 У расейскай вёсцы Жалязьняк
У расейскай вёсцы Жалязьняк

2 красавіка афіцыйна адзначаецца дзень яднаньня народаў Беларусі і Расеі. Напярэдадні карэспандэнт беларускай Свабоды наведаў памежную расейскую вёску Жалязьняк у Смаленскай вобласьці.

2 красавіка афіцыйна адзначаецца дзень яднаньня народаў Беларусі і Расеі. Напярэдадні карэспандэнт беларускай Свабоды наведаў памежную расейскую вёску Жалязьняк у Смаленскай вобласьці. Яе жыхары распавялі, што ведаюць пра жыцьцё ў Беларусі, падзяліліся думкамі пра стаўленьне да Лукашэнкі, беларусаў, пра Ўкраіну, Крым і Данбас. Расказалі і пра сваё жыцьцё ў Расеі.

Паабапал грунтовай, разьбітай, толькі дзе-нідзе заасфальтаванай дарогі — выпаленыя і зарослыя травой і маладым бярэзьнікам палі. Багата сьмецьця, зваленага на абочыне.Трыццаць кілямэтраў ад Мсьціслава. Вёска Жалязьняк. Асфальтаваная шаша да паселішча сканчаецца, варта крыху ад’ехаць ад вядомага ў Беларусі Пустынкаўскага манастыра. На расейскім баку сустракае мабільны пост памежнай службы. Спраўджваньне дакумэнтаў. Трывожнае чаканьне дазволу. «Праяжджайце», — нетаропка кажа памежнік.

У расейскай вёсцы Жалязьняк
У расейскай вёсцы Жалязьняк

«Кепска мы жывём», — адказвае на пытаньне пра жыцьцё першы пераняты жыхар вёскі Жалязьняк.

«Няма тут нічога добрага. Калгас распадаецца. Засталося пяцьдзясят галоў кароў, ды цялят некалькі штук. Моладзь уся пазьяжджала ў горад. Адны старыя засталіся. Пэнсіянэрам добра — ім пэнсію плацяць. У вас лепей. У вас жа калгасы, напэўна, не распадаюцца?», — наракае на жыцьцё мужчына.

У расейскай вёсцы Жалязьняк
У расейскай вёсцы Жалязьняк

У наступнай дагледжанай цаглянай хаце гаспадары запрашаюць на гарбату. Ад пачастунку адмаўляемся. Дзелімся ўражаньнямі ад трыццацікілямэтровай дарогі да вёскі. Кажам, што ўбачанае можна параўнаць хіба што з краявідамі ў чарнобыльскай зоне.

«У нас вёсак ужо, відаць, і няма. Засталіся адзінкі — сям-там самыя вялікія», — рэагуе на меркаваньне журналіста гаспадыня.

«Жывецца тут нішто сябе, — працягвае жанчына. — Пэнсіі ў асноўным больш за дзесяць тысяч рублёў». Гаспадар дадае: «Пэнсіі лепшыя, чым у Беларусі». На рэпліку жанчына зірнула на мужчыну з усьмешкай і паблажліва.

Калгасны жывёлагадоўчы комплекс у заняпадзе
Калгасны жывёлагадоўчы комплекс у заняпадзе

«А пра вашага „бацьку“ кажуць, што ў вас усё нармальна. Нашага таксама ў бруд тварам ня кідаюць. У нас таксама нармальны прэзыдэнт», — пасьля невялікай паўзы дадала жанчына.

Пра тое, што 2 красавіка — дзень яднаньня Беларусі і Расеі, гаспадары ведаюць, аднак не прыгадалі, каб яго афіцыйна адзначалі. Пра гэта ж казалі і іншыя жыхары вёскі. Адкуль узялося гэтае сьвята, прыгадаць сяляне ня здолелі.

Амаль ля кожнай хаты ў вёсцы сьцірты дроў
Амаль ля кожнай хаты ў вёсцы сьцірты дроў

Год таму жыхары Смаленскай вобласьці пагаворвалі, што ня супраць былі б далучыцца да Беларусі. А што цяпер, пытаюся ў гаспадароў:

«Былі такія гаворкі. Нашы б працаўнікі асабліва ня супраць калгасаў былі б. Яны мала працуюць і мала зарабляюць. Аднак аднавіць тое, што разбурана і разьбіта, практычна цяпер немагчыма», — зазначае гаспадыня.

Паводле яе, мясцовы калгас зьбіраецца сёлета засеяць 90 гектараў сваіх палёў. Летась засявалі — 30. У часы, калі гаспадарка квітнела, засявалася больш за 1200 гектараў.

Нямала каля хат сельскагаспадарчай тэхнікі. Яна і на ўскрайку паселішча
Нямала каля хат сельскагаспадарчай тэхнікі. Яна і на ўскрайку паселішча

Гаворка пра ўзровень жыцьця ў Беларусі і Расеі выклікала спрэчку між мужам і жонкай.

«Калі паглядзець на вашы палі і нашы, дык гэта як неба і зямля. Калі б нашы палі ўрабляліся гэтак жа, як і вашы, то і мы б квітнелі», — выказала меркаваньне гаспадыня.

Гаспадар адрэагаваў: «А жывяце вы бедна».

Нямала каля хат сельскагаспадарчай тэхнікі. Яна і на ўскрайку паселішча
Нямала каля хат сельскагаспадарчай тэхнікі. Яна і на ўскрайку паселішча

Гаспадыня не ўстрымалася: «Ага, жывуць бедна! У мяне брат жыве там, і ў цябе брат у Горках. І што, яны жывуць горш, чым мы? Ды яны жывуць у дваццаць разоў лепей. У іх добрыя машыны — іншамаркі. А ты ня можаш на сваіх „Жыгулях“ праехаць».

Муж хоць і не пагадзіўся, але спрачацца ня стаў.

Пра падзеі ва Ўкраіне ў гаспадароў меркаваньні супадалі.

«Гэта добра, што мы Крым далучылі. Гэта дужа добра», — выказаўся гаспадар. Гаспадыня дадала: «Крым — ён жа безумоўна наш».

«Але цяпер такія санкцыі супраць нас... Але Крым ніхто не аддасьць, бо ён адпачатку быў расейскі», — перабіваючы адзін аднаго, тлумачаць гаспадары.

Нямала каля хат сельскагаспадарчай тэхнікі. Яна і на ўскрайку паселішча
Нямала каля хат сельскагаспадарчай тэхнікі. Яна і на ўскрайку паселішча

Пытаюся пра дэвальвацыю: ці моцна яна ўдарыла?

«Мы ніколі не жылі багата, калі толькі ў той час, як квітнеў калгас. А цяпер як мы прывыклі, гэтак і жывём».

Наступная суразмоўніца сустракае гасьцей зь Беларусі на парозе свайго дому. Гаваркая кабета на жыцьцё не наракае. Пэнсія ў яе 16 тысяч рублёў. У мясцовым калгасе адрабіла больш за сорак гадоў.

«Ня скажаш, што дужа ўжо добра жывецца, але жыць можна. Калі ў сям’і ня п’яніцы, рабацягі, то жыць можна», — каротка характарызуе мясцовае жыцьцё жанчына і дзякуе за дапамогу беларусам:

Савецкі мэмарыял на ўезьдзе ў вёску
Савецкі мэмарыял на ўезьдзе ў вёску

«Пра беларусаў нічога кепскага ня кажуць. Забясьпечваюць, дзякуй ім, і зернем нас. Прывозяць нам, прадаюць. Ужо два разы парасят вазілі. Відаць, што скрадуць, тое і вязуць. Нелегальна».

Суразмоўніца ня ўтойвае, што тутэйшыя баяцца вайны:

«Перажываюць людзі за гэта. Толькі каб не было вайны, кажуць. Вінавацяць Амэрыку, якая дапамагае зброяй. А Расея — колькі адправіла туды гуманітаркі. А ад Амэрыкі, акрамя зброі, няма больш дапамогі», — выказваецца кабета пра вайну ва Ўкраіне.

На разьвітаньне суразмоўніца паказала рукой на недалёкі калгасны жывёлагадоўчы комплекс. Сярод мноства будынін, паведаміла яна, працуе толькі адзін кароўнік. Астатнія ж разбураюцца, бо нікому не патрэбныя.

Характэрны пэйзаж на расейскім баку, непадалёк ад беларускай мяжы
Характэрны пэйзаж на расейскім баку, непадалёк ад беларускай мяжы

У вёсцы нямала хат выглядаюць гэтак жа, як і жывёлагадоўчы комплекс — нежылыя, разбураныя. Нямала і дыхтоўных катэджаў. Амаль ля кожнага — вялізныя сьцірты дроў. Вуліцы збольшага гразкія. Шмат кінутай сельскагаспадарчай тэхнікі. Школа не працуе.

«Усе ж ведаюць, як Расея жыве. Мы не жывём — мы выжываем», — выказваюцца яшчэ дзьве жыхаркі Жалезьняка.

«Да Беларусі ў нас прэтэнзіяў няма, — падкрэсьліваюць яны. — Галоўнае, каб туды было свабодна ехаць. Вось там і мытня стаіць. Страхоўку трэба купляць. Моладзі ў нас няма ніякай. Усе ў Смаленску, альбо зьехалі туды, куды можна. Дзе ў нас тут моладзь будзе працаваць? У Смаленску дужа шмат і вашых працуе. І ў Маскву езьдзяць зусім маладыя вашы хлопчыкі».

«Парадак у вас ня тое, што ў нас. Вось вы тут ходзіце, то адразу бачыце, як у нас. Я ў Беларусі часта бываю, таму ведаю», — працягвае гутарку яшчэ адзін жыхар Жалезьняка, які выйшаў з двара нібы ўмысьля, каб пагаварыць зь беларусамі.

Суразмоўца адзначае, што ў Беларусі таньнейшыя і смачнейшыя прадукты, а яшчэ гарэлка недарагая. Пра Аляксандра Лукашэнку кажа, што ён сапраўдны мужык — але схамянуўся і тут жа паправіўся, што гэта як хто выбірае:

«Ён строгі, трымае дысцыпліну. Гэта самае галоўнае. Ня тое, што ў нас. І, відаць, справядлівы. Колькі ў вас мэраў узялі. Пасадзілі. Ён нават вадзіў на экскурсіі — камэры паказваў, колькі свабодных».

У расейскай вёсцы Жалязьняк
У расейскай вёсцы Жалязьняк

А пра Крым што кажуць тутэйшыя? — пытаюся.

«Крым наш. Я сам крымскі. Хрушчоў яго аддаў».

«А пра сытуацыю на Данбасе?»

«Украіна мае быць адзінай. Калі б у Расеі ці Беларусі нешта забралі, што было б? Вайна была б. Тое ж самае і ва Ўкраіне. Але няхай бы біліся між сабой войскі — навошта чапаць мірнае насельніцтва? Гэта несправядліва», — адказвае жыхар Жалезьняка.

Прайшоўшы яшчэ раз вуліцамі даволі вялікай вёскі, рушым у Беларусь. На ўскрайку паселішча спыняемся ля савецкага манумэнта палеглым у Вялікую Айчынную. Манумэнт дагледжаны, пафарбаваны ў белы колер. Яго выгляд дужа кантрастуе зь пэйзажам на фоне заняпалай, але яшчэ жывой расейскай вёскі, якая за трыццаць кілямэтраў ад беларускага Мсьціслава.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG