Менскія пэнсіянэры Грысімавы, абое інваліды другой групы, больш за паўтара гады ня могуць атрымаць кампэнсацыю за маёмасьць, зьнішчаную пажарам падчас капітальнага рамонту шматкватэрнага дому. Суды займаюць бок вінаватых, а звароты ў вышэйшыя інстанцыі ігнаруюцца. Чаму так бесцырымонна абыходзяцца з грамадзянамі ў дзяржаве, якая на ўсіх узроўнях пазыцыянуе сябе «сацыяльна арыентаванай»?
6 верасьня 2013 году ў часе будаўнічых працаў на доме № 29 па вуліцы Карастаянавай у Менску зваршчык прадпрыемства «Спецбелбуд» груба праігнараваў правілы пажарнай бясьпекі: гарачыя іскры трапілі на балькон кватэры Мікалая Цімафеевіча і Соф’і Сьцяпанаўны, і пачаўся пажар.
Самі Грысімавы ў той час былі на лецішчы. Але праявілі пільнасьць суседзі і супрацоўнікі крамы на першым паверсе — яны і выклікалі пажарную каманду. Ратавальнікі адрэагавалі апэратыўна, але з вокнаў чацьвёртага паверху ўжо вырываліся клубы дыму і полымя. Каб крыху прамарудзілі, то выпаленым бальконам, падваконьнем і кавалкам падлогі ў пакоі ня скончылася б.
Калі назаўтра гаспадары вярнуліся дадому, іх сустрэла цалкам закураная кватэра. Апроч унутранага аздабленьня, агонь зьнішчыў маёмасьць, якую будаўнікі вынесьлі на балькон на час рамонту, каб тая не замінала працаваць у кватэры — пыласос, цэнтрыфугу, дываны, занавескі і г.д. Ад такога ўдару 82-гадовы Мікалай Цімафеевіч, якія мае сур’ёзныя праблемы з сэрцам, на два тыдні зьлёг у шпіталь. Пасьля выпіскі разам з жонкай падсумавалі шкоду, ацаніўшы яе ў суму каля 10 мільёнаў рублёў.
Між тым ЖРЭА і «Спецбелбуд» (заказчык і выканаўца, адпаведна) кампэнсаваць страты адмовіліся на той падставе, што... пэнсіянэры ня здольныя прадставіць пацьверджаньне рэальнага кошту зьнішчанай маёмасьці. Аргумэнт, што ўсе доказы згарэлі, а чэкі на такія рэчы мала хто захоўвае, не прымаліся. У далейшым аналягічнай аргумэнтацыяй кіраваўся і суд Цэнтральнага раёну Менску.
Усталяваць сваім коштам бальконныя рамы мясцовыя камунальнікі ўрэшце пагадзіліся, але да якасьці тавару ўзьніклі прэтэнзіі ўжо ў Грысімавых. Як кажа Мікалай Цімафеевіч, пасьля таго, як канструкцыя некалькі месяцаў недзе «сохла» і нарэшце была гатовая да мантажу, выявілася, што дошкі зусім трухлявыя, а сама яна нашмат меншая за праём:
«Прыйшла „старшы дворнік“ ЖРЭА Натальля Карольчык, зь ёй прараб „Спецбелбуду“ і галоўны інжынэр ДЭУ. Прыйшлі даведацца, чаму мы адмовіліся ад рамы, якую яны даставілі напярэдадні. А проста таму, што гэта нейкая самадзелка: дошкі гнілыя, трухлявыя, мабыць, дзесьці на сьметніцы знойдзеныя. А галоўнае — 15-сантымэтровая дзірка паміж рамай і бэтонным перакрыцьцем. На што Карольчык заявіла: раз так, то на ўсе скаргі прэзыдэнту ці ў любыя іншыя інстанцыі буду адказваць толькі я. І сышла. Што потым цалкам пацьвердзілася: на ўсе нашы звароты ўсталяваная самая сапраўдная блякада, усе кампутары загружаныя супраць нас. Ну, а як нічога не аднаўлялася, ніхто не зьбіраўся нічога кампэнсоўваць, мы былі вымушаныя зьвярнуцца ў адміністрацыю прэзыдэнта».
Спробы дамагчыся хоць нейкай спагады пэнсіянэры Грысімавы называюць няйначай як «хаджэньнем па пакутах». У лісьце з прэзыдэнцкай адміністрацыі ім параілі шукаць праўды ў гарадзкіх уладаў, тыя, у сваю чаргу, перанакіравалі на раённы ўзровень, пакуль урэшце заяўнікі ня ўперліся ў непрабівальную сьцяну ў асобе згаданай ужо спадарыні Карольчык. Дзеля справядлівасьці, скарыстаўшыся яе плянавым адпачынкам, падначаленыя ўсё ж зьлітаваліся і раму крыху ўдасканалілі. Праўда, дзірка пры столі зьменшылася ўсяго ўдвая, а сама канструкцыя збольшага трымаецца на чэсным слове.
Тым часам Мікалай Цімафеевіч, які мае досьвед у мэханізьме разьліку каштарысу, пачаў уласнае расьсьледаваньне закулісных адметнасьцяў рамонту дому № 29. Сваімі сумневамі наконт «чысьціні» працаў ён падзяліўся з Камітэтам дзяржкантролю. Па яго словах, пад вокнамі, не асабліва зважаючы на навакольных, быў наладжаны сапраўды гандаль будматэрыяламі:
«Я маю вышэйшую адукацыю, у сыстэме энэргетыкі займаўся эксплюатацыяй і аховай працы, быў у курсе справы адносна будаўніцтва. І я палічыў, што на капітальным рамонце нашага дому скрадзена на 1 мільярд 400 мільёнаў рублёў. З гэтымі разьлікамі я пайшоў у Дзяржкантроль на Маркса, 5. Там дзяжурыць маёр, які паказвае, куды кінуць скаргу. Ну, я і кінуў, балазе дзеля гэтага скрыня і зьбітая. Мінула паўгода ці крыху менш, зноў зьвяртаюся ў камітэт, бо ніякай рэакцыі. Маёр урэшце зжаліўся, прапусьціў. Да мяне спусьціўся Бажэнаў, які адказвае за лісты і скаргі. Не пасьпеў я выказацца — як гэта так, кідаеш у скрыню і ніхто з табой больш не размаўляе, ніхто не рэагуе — ён адразу напаў: хто ты такі, што расьсьледуеш дзяржаўныя справы? Маўляў, ня твой клопат, кінь гэтым займацца. І, каб не было праблемаў, прапанаваў забраць адну і другую заявы».
Спадар Грысімаў ня толькі не капітуляваў, а накіраваў новую скаргу — гэтым разам «пэрсанальна ў рукі» тагачаснаму старшыні ведамства Якабсону. Тым часам 4 красавіка 2014-га ў прэзыдэнцкай «Советской Белоруссии» зьяўляецца публікацыя пад назвай «Мільярды з паветра», якая аматарскія разьлікі адкарэктавала нават у большы бок:
«Амаль год, ад кастрычніка 2012-га да верасьня 2013-га, галоўны інжынэр ЖРЭА Цэнтральнага раёну Менску падпісваў ліпавыя акты аб здачы-прыёмцы выкананых будаўніча-мантажных працаў. У выніку падрадчык незаконна атрымаў 1 мільярд 600 мільёнаў рублёў».
Задаўшыся пытаньнем — чаму народныя багацьці бессаромна раскрадаюцца мільярдамі, а пры гэтым шукаюцца адгаворкі, абы ня даць старым людзям акрыяць пасьля трагедыі — Мікалай Цімафеевіч зьвярнуўся ў суд. Да ранейшых матэрыяльных прэтэнзіяў былі далучаныя яшчэ і маральныя страты, а таксама шкода здароўю, пацьверджаная мэдычнымі даведкамі.
Зрэшты, сума хоць і павялічылася да 40 мільёнаў рублёў, але, удакладняе суразмоўца, тыя мільёны дагэтуль толькі на паперы. Затое судовыя выдаткі «зьелі» нават пакінутыя на апошні шлях «грабавыя». У пазове спадар Грысімаў зьвяртае ўвагу, што ягоны бацька быў рэпрэсаваны як «вораг народа» і расстраляны ў 1937 годзе без суду і сьледзтва: «Няўжо мала гора, якое прынёс Сталін, няўжо і сёньня суды працуюць гэтак жа?» — задаецца ён рытарычным пытаньнем. Зь іншага боку, ягоная жонка Соф’я Сьцяпанаўна паходзіць з партызанскай сям’і (брат загінуў, а бацька памёр ад ран неўзабаве пасьля вайны), і абыякавасьць з боку ўладаў не стасуецца з фанфарамі да 70-годзьдзя Перамогі:
«Агулам адбылося 10 судоў Цэнтральнага раёну. І на дзясяты раз вынесьлі рашэньне: матывацыйная частка ня тое што не прадугледжвала кампэнсацыю стратаў маральных, а таксама шкоду здароўю, яна фактычна карала нас, пацярпелых. Калі ў грашах — больш як на 4 мільёны рублёў. Таму што, бачыце, з выстаўленай сумай не пагадзіўся прадстаўнік будаўнічай арганізацыі Ракіцін — маўляў, занадта вялікія грошы прашу за ўчынены імі пажар. То бок згарэлыя дыван, дарожкі і г.д. нават ня ўлічваліся, бо на іх не было... чэкаў. У выніку даслалі мне паведамленьне: маўляў, зь 9,5 мільёнаў рублёў і за мінусам судовых выдаткаў нам будзе вернута крыху больш за 5 мільёнаў. Дык па сёньняшні дзень, як кажуць, «ни ответа, ни привета». Нават гэтых грошай няма! Куды ні тэлефаную — усе «ня ў курсе».
За паўтара гады бясплённага змаганьня зь непрабівальнай сыстэмай Мікалай Цімафеевіч спрабаваў судзіцца нават... з самімі судзьдзямі. Падчас працэсу ў Цэнтральным судзе адна са служак Тэміды пры сьведках абразіла заяўніка, а міліцыянты з аховы для прафіляктыкі патузалі, паабяцаўшы здаць у «дурдом». Зрэшты, працэс быў спушчаны на тармазах: ды як інакш, калі пазоў у вышэйшую інстанцыю накіроўваецца праз той жа самы суд?
«На паседжаньні судзьдзя абазвала мяне дурнем і выклікала міліцыю. Узброены маёр выцягнуў мяне на калідор, выклікалі „хуткую“, каб адправіць у Навінкі, у псыхушку. Сьведка гэтаму — чалавек з нашага дому, тое бачылі зь дзясятак наведнікаў. Калі я выйшаў у двор суду, там ужо стаяла машына, лекары гатовыя былі браць мяне пад белы ручкі. Але я пачаў зь імі гаварыць, расказваць сваю гісторыю, плакаць ад безвыходнасьці, і яны нават ня сталі мяне круціць, забіраць — адпусьцілі. Бачна ж, што разважае разумны чалавек, не ідыёт. Пасьля гэтага я падаў на судзьдзю ў суд Цэнтральнага раёну. Аказалася, што ў вышэйстаячы суд можна зьвярнуцца толькі праз раённы. Усё як мае быць аформіў, паслаў у Менскі гарадзкі суд (ёсьць пастанова Цэнтральнага суду аб накіраваньні скаргі) і папярэдне ацаніў тыя абразы, прыніжэньні і г.д. у 15 мільёнаў рублёў. І што вы думаеце? Па сёньняшні дзень ніякай рэакцыі, цішыня».
Цярпеньню і настойлівасьці 82-гадовага пэнсіянэра можна толькі пазайздросьціць. Пасьлядоўна ён зьвяртаўся па праўду ў пракуратуру Цэнтральнага раёну, адкуль перанакіравалі ва ўсё той жа гарадзкі суд. Адтуль «хадака» паслалі ў Вярхоўны суд, потым ён сам дайшоў да суду Канстытуцыйнага. Але ўсе адказы з установаў сьпісаныя як пад капірку — ня можам дапамагчы, ня наша кампэтэнцыя, ня наш кліент.
Тым ня меней, кожны зварот вымагае затратаў на множаньне даведак і матэрыялаў, для пэнсіянэра гэта адчувальныя сумы. Прайшоўшы ўсе колы юрыдычнага пекла, спадар Грысімаў вярнуўся на зыходнае — цяпер зноў спрабуе дагрукацца да «цара-бацюшкі». Спадзеючыся на «незамыленасьць» вока прызначанага ня так даўно кіраўніком прэзыдэнцкай адміністрацыі Аляксандра Косінца, напісаў яму:
«Даслаў Аляксандру Мікалаевічу скаргу. На канвэрце пазначыў, каб „асабіста ў рукі“, бо спэцыяліст па працы зь лістамі Бука ўсё проста выкідвае. Пяць разоў я зьвяртаўся да прэзыдэнта: першы раз Бука мяне яшчэ прыняў, а ўсе наступныя праганяў — маўляў, няма чым прэзыдэнту больш займацца, як толькі табой. Апошні ліст атрымаў ужо за подпісам ягонага падначаленага Каліны (аж глядзець брыдка, што пішуць): ваша скарга ня будзе разглядацца ў сувязі з артыкулам 10, а значыць, няма чаго больш турбаваць (прабачце, калі хвалююся, не магу гаварыць, кашаль душыць). Ладна, ня хочаце мяне бачыць, паглядзіце, што ў вас за сьпінаю творыцца. Так і пішу Косінцу: „Вы новы чалавек на пасадзе, пастаўце мяне ў чаргу на прыём. Паколькі з пачатку суду нічога не адбываецца, усе суды нам адмаўляюць, мафія блякуе па ўсіх напрамках, трэба неадкладна адкрываць крымінальную справу аб крадзяжы дзяржаўных грошай на 1 мільярд 600 мільёнаў рублёў“. Але ніякага адказу так і не атрымаў».
Праз цалкам законнае патрабаваньне кампэнсацыі, якая высілкамі дзяржаўных інстанцыяў была зьменшаная напалову, пэнсіянэрам Грысімавым не дадалося здароўя, а судам, ЖРЭА, «Спецбелбуду» ды іншым слугам народу — аўтарытэту. Але ці тая гэта сума ў маштабах дзяржавы, каб хаваць яе ад «сквапных старых»? Ад безвыходнасьці Мікалай Цімафеевіч нават пачаў займацца мастацкай творчасьцю — вымалёўвае сваіх апанэнтаў за сталом рулеткі, у гульні «Поле цудаў» ды ў выглядзе адмоўных пэрсанажаў коміксаў.