Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Смаленскія вяскоўцы — беларусам: «Ратуйце, гінем!»


Характэрная карціна на сумежжы Расеі і Беларусі. Адна хата пасярод поля
Характэрная карціна на сумежжы Расеі і Беларусі. Адна хата пасярод поля

Губэрнатар Смаленскай вобласьці Аляксей Астроўскі прапанаваў частку земляў сумежных зь Беларусьсю раёнаў вобласьці даваць у карыстаньне беларускім аграрнікам.

Пакуль невядома, ці адгукнуцца на запрашэньне кіраўніка расейскага рэгіёну беларускія фэрмэры, а вось вяскоўцы Смаленшчыны вітаюць ініцыятыву губэрнатара. Беларусаў яны чакаюць як выратавальнікаў. Зямля зарастае, бо яе няма каму ўрабляць.

Расея. Смаленская вобласьць. Манастыршчынскі раён. За плячыма — беларускі Мсьціслаў. Куды ні кінь вокам — неўзараныя палі, вялізныя плошчы выпаленай травы ды добра прарослыя ў даўно няўробленай зямлі бярозы. Рэдкія паселішчы бязьлюдныя.

У вёсцы Вайніно людзей адшукалі на будоўлі паляўнічага маёнтку. Яго ўзводзіць бізнэсовец з Санкт-Пецярбургу. Сам ён з тутэйшых. У родныя мясьціны наведваецца зрэдку — каб прасачыць, як вядзецца будоўля. Жыхары навакольных вёсак, якія наняліся на працу да бізнэсоўца, заяву смаленскага губэрнатара Аляксея Астроўскага ўхваляюць.
Будуецца піцерскі бізнэсовец. Прыватная тэрыторыя, уваход забаронены
Будуецца піцерскі бізнэсовец. Прыватная тэрыторыя, уваход забаронены


«Бо няма каму сеяць, — тлумачыць адзін зь вяскоўцаў. — Во наш саўгас днямі прадаў апошнюю машыну. Цяпер няма ні працоўных, ні тэхнікі. Нічога няма», — са скрухай адзначае мужчына.

Некалі, згадваюць суразмоўцы, занядбаныя цяпер землі ўрабляў саўгас «Любавіцкі». Пасьля няўдалых спробаў зьмяніць форму ўласнасьці гаспадарка збанкрутавала.

«Былы саўгас наш быў самы вялікі ў раёне па пасяўной плошчы — 5 тысяч гектараў. Па 500 гектараў толькі аднаго ільну высаджвалі. Бульба добра радзіла. А цяпер пяць гадоў гэты саўгас нават збожжа не пасеяў — нават соткі», — апавядае пра лёс гаспадаркі селянін з Расеі.
Тое, што засталося ад кароўнікаў ля вёскі Вайніно
Тое, што засталося ад кароўнікаў ля вёскі Вайніно


Вяскоўцы разьвітваліся, наказваючы, каб беларускія фэрмэры ўсур’ёз успрынялі заяву кіраўніка расейскага рэгіёну і сьмялей бралі зямлю на Смаленшчыне. «Будзе выгадна, не сумнявайцеся», — пераконвалі расейцы, разьвітваючыся.

Зноў дарога. Той жа выпалены ды зарослы бярозамі пэйзаж наўкола. Даяжджаем да вёскі Любавічы. Дваццаць пяць кілямэтраў ад мяжы зь Беларусьсю. Вялікае паселішча сустракае невялікімі апрацаванымі зямельнымі шнурамі ля хатаў. Ля некаторых — старая сельгастэхніка. Тутэйшыя вяскоўцы таксама чыталі заяву губэрнатара Астроўскага.

«Калі нашы, расейцы, яе ня могуць апрацаваць — няхай хоць хто яе апрацоўвае», — роспачна рэагуе на згадку пра заяву губэрнатара жыхарка вёскі Любавічы. На яе думку, без дапамогі звонку тутэйшым не ўратавацца: «На гэта ж балюча глядзець: едзеш і бачыш, як усё зарастае. Проста жах. Няхай працуюць людзі, каб не зарасталі мы», — са спадзевам кажа вяскоўка. «Інакш мы згінем», — дадае яна.
Даўно ня ўробленая саўгасная зямля зарастае, выгарае, пустуе
Даўно ня ўробленая саўгасная зямля зарастае, выгарае, пустуе



«Зь вёскі ўсе пазьяжджалі. Нікога тут няма, — працягвае суразмоўца. — Я як у Мсьціслаў выпраўляюся і да мяжы даяжджаю — адразу відаць, што ў іншую дзяржаву прыяжджаю. А ў нас усё бур’ян, хмызы ды сьметнікі ля дарогі. Божухна, каб хто на гэта ўсё зьвярнуў увагу», — падсумоўвае жыхарка Любавічаў.

Кожны пераняты ў Любавічах вясковец запэўніваў, што ня супраць, каб беларусы бралі зямлю на сумежжы Беларусі і Расеі. Такі заняпад, як у іхняй вёсцы, — паўсюль на Смаленшчыне, казалі яны.

«Трымаюцца тыя гаспадаркі, якія непадалёк ад больш-менш вялікіх гарадоў вобласьці», — тлумачаць вяскоўцы.

Кіраўнік мясцовай сельскай адміністрацыі Віктар Худашчэўскі адзначыў, што беларусы ўжо спрабавалі арандаваць тут зямлю. Некалі год таму, згадаў ён, прадпрымальнікі са Шклоўскага раёну наважыліся былі ўзяць дзьве з паловай тысячы гектараў. Паглядзелі, кажа, сказалі «добра» — і больш іх у Любавічах ня бачылі. Пра тое, што супрацоўніцтва зь беларусамі тады ня склалася, кіраўнік сельскай адміністрацыі згадвае з жалем і чакае, што зьявяцца ўсё ж больш практычныя беларускія фэрмэры:
Кіраўнік сельскай адміністрацыі Віктар Худашчэўскі
Кіраўнік сельскай адміністрацыі Віктар Худашчэўскі
«Я вам дам самыя лепшыя землі. Калі спатрэбіцца якая дапамога з майго боку, я буду толькі з вамі», — абяцае Віктар Худашчэўскі.

Кіраўнік сельскай адміністрацыі заяўляе, што ўжо страшыў начальства рэфэрэндумам аб далучэньні да Беларусі вёсак збанкрутаванага саўгаса, калі чыноўнікі ня выправяць сытуацыю ў сельскай гаспадарцы:

«Я казаў, што зьбяру рэфэрэндум, як у Крыме, каб далучыцца да Лукашэнкі. Я казаў сур’ёзна сваім кіраўнікам у раёне. Раней жа наша паселішча адносілі да Магілёўскай вобласьці. Тут быў Мсьціслаўскі павет. Наша тэрыторыя адносілася да Беларусі», — кажа Худашчэўскі.

На пытаньне, ці хінецца мясцовае насельніцтва да Беларусі, Віктар Худашчэўскі без ваганьняў цьвердзіць, што так:

«Яны ўсе тут рукамі і нагамі за Беларусь. Вы ж малайцы, зерне прадаяце нашым. Вы ж бачыце, што ў нас нічога ня сеецца, не арэцца. Усё пазарастала. Гаспадарка распалася. Нічога не засталося. Тэхнікі ніякай. Усё распрадалі. Наша кіраўніцтва, як вынікае, нічога не разумее ў сельскай гаспадарцы», — кажа кіраўнік сельскай адміністрацыі.

Віктар Худашчэўскі зазначае: сельскае насельніцтва ня любіць Пуціна і Мядзьведзева, хоць анэксія Крыму, на яго погляд, і ўзьняла рэйтынг прэзыдэнта Расеі. Сам Худашчэўскі заяўляе, што ён прыхільнік камуністычнай партыі. Крытыка кіраўніцтва Расеі гучыць зь ягоных вуснаў даволі радыкальна. На пытаньне, ці ведае ён, што б было зь ім, калі б ён гэтак жа крытыкаваў у Беларусі палітыку Лукашэнкі, і ці займаў бы пры гэтым пасаду кіраўніка сельскай адміністрацыі, — толькі ўсьміхаецца.

Сымпатыяў да Аляксандра Лукашэнкі мясцовае насельніцтва ня ўтойвае. Тлумачыць гэта немудрагеліста, па-простаму:

«Ён ведае, што такое зямля, і ён ведае, што ў зямлі нашы карані», — даводзіць адна з жыхарак Любавічаў. «А нашы хлопцы адкуль? — пытаецца жанчына і сама адказвае: — Яны гарадзкія. Яны ня ведаюць, дзе ў каровы вымя. Калі развал пайшоў... Ваш Лукашэнка ўзяўся за што? — За вёску! Таму ў вас вёска і засталася. А ў нас усё пайшло з-за мяжы. Казалі, што там таньней... Мы ж во жывём недалёка ад Мсьціслава. Да Пустынак калі даяжджаем, то кажам: «Во паглядзіце, тут ня толькі дарога іншая, але і паветра іншае».

«А калі беларусы спачатку возьмуць зямлю на Смаленшчыне, а потым наважацца дзялянкі далучыць да Беларусі?» — правакую пытаньнем аднаго з жыхароў Любавічаў. Той, падумаўшы, адказвае: «Не наважацца!»

«Ды Расея можа ў любы момант задавіць Беларусь. Скажуць заўтра ўсё перакрыць — і ўсё», — пагрозьліва кажа расейскі вясковец, завяршаючы фразу ёмкім мацюком.
Занядбаная царква ў Любавічах
Занядбаная царква ў Любавічах


Агледзіны вёскі завяршаем ля разбуранай праваслаўнай царквы. Старую камяніцу зачынілі саветы на пачатку шасьцідзясятых. На звароты мясцовых вернікаў нядаўна адчынілі, але грошай на рамонт няма. У напаўразбуранай сьвятыні ладзяцца набажэнствы. Побач з царквой — будынак сельскай адміністрацыі і дзьве крамы.
Будынак сельскай адміністрацыі з расейскім сьцягам
Будынак сельскай адміністрацыі з расейскім сьцягам


Дарога да Беларусі займае паўгадзіны. Невясёлы пэйзаж расейскага навакольля ажывае, калі на даляглядзе зьяўляецца званіца беларускага Пустынкаўскага манастыра...
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG