«Выбудоўваючы саюзьніцкія адносіны з Расейскай Федэрацыяй, мы ні ў якой меры ня робім гэта за кошт ушчамленьня Эўразьвязу. І наадварот, партнэрскія гандлёва-эканамічныя сувязі з ЭЗ ніяк не супярэчаць дынаміцы нашага цеснага ўзаемадзеяньня з Усходам», — заявіў ён. На думку Міхневіча, аднабаковы геапалітычны выбар — гэта наагул памылковы шлях:
«Апошнія падзеі ва Ўсходняй Эўропе наглядна паказалі, наколькі няправільнай і контрпрадуктыўнай для дзяржавы можа выявіцца сама пастаноўка пытаньня аб аднабаковым геапалітычным выбары. Такая пастаноўка пытаньня часам не пакідае месца ні нацыянальным інтарэсам, ні нават здароваму сэнсу», — падкрэсьліў першы намесьнік міністра. Міхневіч заявіў, што сёньня сьвет сутыкнуўся з новай геапалітычнай рэальнасьцю і новымі выклікамі, назіраецца беспрэцэдэнтная напружанасьць міжнародных адносінаў.
«Усё выразьней выяўляецца канфрантацыя паміж глябальнымі гульцамі і спробай вяртаньня да элемэнтаў блёкавага супрацьстаяньня», — адзначыў ён. «На фоне драматычных падзей, якія адбываюцца ў апошні час, Рэспубліка Беларусь стала, па-сутнасьці, донарам стабільнасьці ў рэгіёне, адзінай на гэты момант дзяржавай „Усходняга партнэрства“, у якой адсутнічаюць тэрытарыяльныя спрэчкі з суседзямі, няма ўнутраных канфліктаў на рэлігійнай і нацыянальнай глебе», — падкрэсьліў Міхневіч.
«Менскі дыялёг» — форум, арганізатарамі якога выступаюць «Лібэральны клюб» і Цэнтар Астрагорскага. Форум прысьвечаны міжнароднай палітыцы ў рэгіёне Ўсходняй Эўропы. На канфэрэнцыю запрошаныя экспэрты зь Беларусі, Расеі, Украіны, Малдовы ды іншых краін. У форуме прымае ўдзел кіраўніца прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Беларусі Майра Мора, прадстаўнікі МЗС Беларусі (плянаваўся ўдзел кіраўніка МЗС Ўладзімера Макея, але яго замяніў намесьнік міністра Аляксандар Міхневіч).