На тле вострага пагаршэньня расейска-украінскіх дачыненьняў многія культурніцкія цэнтры ўкраінскіх дыяспараў шмат у якіх рэгіёнах Расеі замарозілі дзейнасьць. За кампанію часам дастаецца і этнічным беларусам: актывісты нацыянальных суполак кажуць, што адчуваюць насьцярожанае стаўленьне з боку мясцовага насельніцтва, пачасьцілася нэгатыўная рэакцыя на культурніцкія імпрэзы і ўжываньне беларускай мовы. Раз-пораз усплываюць дасьледчыкі, якія палохаюць «літвінскім нацыяналізмам».
Пра зьмены настрояў у расейскай Сыбіры Свабодзе апавёў заснавальнік Іркуцкага таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага, а цяпер сябра моладзевага клюбу «Крывічы» Алег Рудакоў. Дарэчы, адзін з самых актыўных прадстаўнікоў беларускай дыяспары ўпершыню сьвяткаваў Дзень Волі на радзіме, ішоў у калёне з плякатам «Беларуская мова — адзіная дзяржаўная»:
— На пачатку 1990-х людзей, якія ў Прыбайкальлі размаўлялі між сабой па-беларуску, было мала, літаральна адзінкі. Але паступова, асабліва ў 2000-х, зьявілася вельмі моцная, трывалая супольнасьць — перадусім сярод моладзі, якая нарадзілася там, дзе мы размаўлялі на беларускай мове. Гэта як быццам выклікала станоўчую рэакцыю ў сыбіракоў, яны нас паважалі, казалі: во, якія беларусы, актыўна працуюць, гавораць на роднай мове, на сьвятах сьпяваюць народныя песьні, ладзяць літаратурныя і гістарычныя вечарыны. І да нас на імпрэзы прыходзілі ня толькі беларусы, ня толькі нашчадкі беларусаў, але і звычайныя людзі самых розных нацыянальнасьцяў, жыхары Іркуцкай вобласьці. Зрэшты, культурныя, сьвядомыя людзі наведваюць нашы імпрэзы дагэтуль.
Але цягам апошняга году мы пачалі заўважаць ня вельмі добрую тэндэнцыю — найперш сярод мясцовай моладзі, якая іншым разам пачынае катэгарычна ставіцца да гучаньня беларускай мовы. Быў выпадак, калі мы выбраліся на адну імпрэзу, з намі паехаў адзін малады чалавек, у якога, дарэчы, у самога беларускія карані. Дык вось як толькі мы паміж сабой пачалі размаўляць па-беларуску, ён катэгарычна заўважыў: «А что это вы все по-белоруски, не можете, что ли, по-русски разговаривать?». То бок — яўная, непрыхаваная нэгатыўная рэакцыя.
— Лічыце, што гэта вынікае з падзеяў, якія разгортваюцца ва Ўкраіне? Дакладней, з таго, як іх у Расеі падаюць?
— Безумоўна. Простае назіраньне: калі раней мы выпраўляліся на нейкае сьвята па вуліцы ў нацыянальных строях, размаўлялі між сабой па- беларуску, то на нас глядзелі цалкам добразычліва. Праўда, часам блыталі — іркуцяне ж ня ведаюць, як дакладна выглядаюць беларусы ці ўкраінцы —куды гэта вы, украінцы? Тады папраўляем: мы — беларусы. Беларусы? Ну, малайцы, прыгожыя строі. То бок, усё роўна станоўчая рэакцыя — што на беларусаў, што на ўкраінцаў.
А зараз досыць напружана глядзяць: хто такія, куды ідуць, пра што там па-свойму «гэкаюць»? Іншым разам, калі бачыш такія падазроныя позіркі, даводзіцца нават загадзя папярэджваць, што беларусы мы, а не "бандэраўцы«.Тады нібыта супакойваюцца, але нейкая напружанасьць усё роўна захоўваецца — маўляў, што гэта вы сябе выдзяляеце? Стаўленьне, яшчэ раз падкрэсьлю, адчувальна зьмянілася за апошні год, і, як я лічу, менавіта з той прычыны, што акурат увесь апошні год у СМІ ідзе нэгатыўнае асьвятленьне падзеяў ва Ўкраіне, фармуецца варожы вобраз украінцаў, якія нібыта супрацьпастаўляюць сябе расейцам. Пры гэтым ідзе агітацыя, што ўкраінцы, а тым больш беларусы — тыя ж самыя рускія, «гэкаюць» сьмешна, але ладна. І гэтая нэгатыўная кампанія, безумоўна, уплывае на розум людзей, на розум простых жыхароў.
— Іншымі словамі, беларусам збольшага дастаецца за падабенства з украінцамі?
— Ня толькі. Людзі сапраўды пачынаюць пакрысе запытваць: а што гэта вы тут актыўнічаеце, вам што, кепска жывецца ў Расеі, хіба вы ня нашы грамадзяне? Чаго тады ўвогуле прыехалі? Вострая палеміка здарылася ў мяне праз інтэрнэт з адной дзяўчынай, якая пэўны час прыходзіла на ўсе нашы мерапрыемствы, на нашы сьвяты, сама брала ў іх удзел. І тут раптам пачынае кідаць мне ў сацыяльныя сеткі розныя спасылкі, які раздрай у грамадзтва ўносіць беларуская мова. Знайшла нейкую публікацыю, што ў Беларусі на моўнай глебе паўстае нацыянальны рух, які выступае супраць Расеі, і г. д.
Ну, калі палазіць у інтэрнэце, спасылак можна знайсьці розных, але ж справа ня ў гэтым. Факт у тым, што яна пачала гэтым пытаньнем адмыслова цікавіцца, і гэта пачало яе пэўным чынам чапляць. А значыць, яна ва ўсім гэтым бачыць нэгатыў. Таму на сёньняшні дзень не выпадае нават сумнявацца, што зьмены ў настроях расейцаў маюць месца. Гэта, безумоўна, ня тое, што агулам усе іркуцяне раптам пачалі падазрона ставіцца да беларусаў, не. Але некаторыя, скажам так, максымалісты, асабліва зь ліку моладзі, якія прытрымліваюцца больш катэгарычных поглядаў, сапраўды пачынаюць сумнявацца: беларусы, якія яшчэ і размаўляюць на сваёй мове, браты нам ці не браты? Ці, можа, усё ж прыхаваныя ворагі? Так ці інакш, узьнікае пэўная тэндэнцыя.
— Як лічыце, людзі самі дайшлі да такіх «правільных» высноваў ці ўсё ж дапамагла зарыентавацца прапаганда?
— Безумоўна, гэта выключная заслуга прапаганды — тэлебачаньня, асабліва аналітычных праграмаў, інтэрнэт-рэсурсаў, увогуле салідарная нэгатыўная рэакцыя на тое, што «ўвесь сьвет супраць нас». І гэта ўжо ня толькі ўкраінцаў тычыцца. На некаторых ура-патрыятычных расейскіх сайтах ужо пачалі зьяўляцца нейкія «роздумы» наконт таго, што ў Беларусі ўзьнік і пашыраецца рух «літвінізму» — а літвіны, маўляў, лічаць сябе заклятымі ворагамі маскалёў і г. д. То бок раскручваецца вобраз ворага-беларуса, практычна высмоктваецца з пальца. Але гэты вобраз ворага, відаць, патрэбны расейскай прапагандзе дзеля таго, каб неяк «узбадзёрыць» сваю маргінальную моладзь, каб аб’яднаць гэтых максымалістаў, узьняўшы хвалю ўра-патрыятызму. Каб тыя ж самыя нацыяналістычныя моладзевыя суполкі сабе падпарадкаваць, скіраваць у адзінае рэчышча такога вось нэгатыву.
— Спадар Алег, як ва ўмовах маральнага цкаваньня паводзяць сябе прадстаўнікі ўкраінскай дыяспары Прыбайкальля?
— Украінская суполка ў нас у Іркуцку сьцішэла амаль цалкам, яны са сваёй сядзібы нават шыльду зьнялі. На сёньняшні дзень, як кажуць, заляглі на дно, хоць я і лічу, што гэта не зусім правільна. Але факт, што яны практычна спынілі сваю працу. У мінулым годзе яшчэ наладзілі Шаўчэнкаўскія чытаньні, і на гэтым як бы ўсё, цішыня. На жаль, ня маюць у сабе ўнутраных сілаў супрацьстаяць той хвалі агрэсіі супраць украінцаў, і пры гэтым не жадаюць штосьці тлумачыць. Думаю, што між сабой яны, безумоўна, разумеюць, як лепш у такой сытуацыі паступіць, нейкая лёгіка ў іх разважаньнях, мабыць, прысутнічае. Хоць і не выключаю, што ўкраінская супольнасьць гэтаксама падверглася пэўнай прапагандзе, і, хутчэй за ўсё, у іх саміх ёсьць унутраныя супярэчнасьці. Таму яны вырашылі, што гэта — табу.
Нічога не абмяркоўваюць, ніякіх імпрэзаў ня ладзяць. Толькі на нейкіх буйных мерапрыемствах, калі патрабуецца сабраць кіраўнікоў нацыянальна-культурных аб’яднаньняў, і то звычайна прысутнічае нават не сама старшыня ўкраінскага цэнтру, а яе прадстаўнікі. Бываюць, прыходзяць, але проста пасядзець, паслухаць, папляскаць у далоні. Што трэба — падтрымаем, але ня больш за тое. На жаль, гэта так, не адчуваюць у сабе моцы супрацьстаяць хвалі нэгатыву да ўсяго ўкраінскага народу.
— Калі кампанія падазронасьці надалей будзе толькі набіраць абароты, ці беларусы сьледам за ўкраінцамі таксама залягуць на дно? Або ня пры Алегу Рудакову?
— (сьмяецца) Ну, збольшага ўсё залежыць ад лідэраў. Я думаю, каб лідэрамі ўкраінскай дыяспары ў Іркуцку былі іншыя людзі, яны б таксама маглі весьці пэўную працу. Прынамсі, я на іх месцы, наадварот, як мага больш ладзіў бы культурніцкіх акцыяў, не палітычных. Як толькі хто-небудзь прыходзіў бы і пачынаў «напампоўваць» дзею палітыкай, адразу гэта адразаў бы: у дадзеным выпадку мы па-за межамі палітыкі, нас гэта ня тычыцца, мы ўсе — грамадзяне Расеі. Як бы там ні было, у асноўным і ў супольнасьці ўкраінцаў, і ў супольнасьці беларусаў мы грамадзяне Расеі. Але пры гэтым мы розныя народы, у нас свае культурныя традыцыі, якія мы з задавальненьнем паказваем.
Культура ня можа быць палітычнай, гэта ў любым выпадку дасягненьні цэлых пакаленьняў. І калі чалавек хоць крыху нармальны, ён павінен адэкватна рэагаваць. Таму яшчэ раз кажу: на месцы ўкраінцаў я ладзіў бы больш гучных мерапрыемстваў. Тым больш, іркуцкія журналісты на гэта хутка адгукаюцца. Калі нават я скажу: мы праводзім «Гуканьне вясны». Божа, ды кожны год Рудакоў яго праводзіць, што тут такога? А вось каб украінцы заявілі, што будзе сьвята, прысьвечанае нейкаму нацыянальнаму абраду, журналісты хуценька б пабеглі, каб паказаць: нягледзячы ні на што, украінцы працуюць, існуюць. Пэўнае запатрабаваньне на такую інфармацыю ёсьць. Але лідэры ўкраінскай дыяспары на сёньня проста не адчуваюць у сабе моцы — перш за ўсё ўнутранай — нешта рабіць. Магчыма, яны самі ў роспачы вялікай, бо ўсё ж іх Радзіма цяпер пакутуе. І, можа, з-за таго, што ім не да сьвята, сябе так паводзяць.
— Дык а што беларусы? У падпольле ня сыдуць?
— А што тычыцца беларусаў, пакуль што я ня бачу ніякіх абмежаваньняў, каб нам штосьці перашкаджала рабіць нашу культурніцка-асьветніцкую працу ў Іркуцку і вобласьці. Мы з задавальненьнем праводзім самыя розныя імпрэзы, прычым тое ж самае «Гуканьне вясны» ў Іркуцку правяло і Таварыства беларускай культуры імя Чэрскага, і моладзевы клюб «Крывічы». З «крывічанамі» я езьдзіў у Куйтунскі раён, дзе сабраліся этнічныя беларусы з чатырох вёсак, таксама прадстаўнікі мясцовых адміністрацыяў прысутнічалі. Гэта ўсё станоўча асьвятляецца і тым самым паказвае, што беларусы ў Прыбайкальлі — гэта вельмі культурны асяродак апантаных людзей, якія ведаюць свае традыцыі, ведаюць сваю культуру і дзеляцца гэтымі ведамі з усімі жыхарамі Іркуцкай вобласьці. І ў масе сваёй гэта ўспрымаецца станоўча.
Насамрэч гістарычна людзі слаба разьбіраюцца ў нюансах рознага кшталту стасункаў. Безумоўна, ім падабаецца слухаць беларускія песьні, безумоўна, ім падабаецца танцаваць беларускія танцы, безумоўна, ім падабаецца глядзець, як нашы майстрыцы робяць альбо вышыванкі, альбо паясы, альбо яшчэ штосьці. Але на ўсё на гэта накладваецца нэгатыўная дзяржаўная агітацыя супраць Украіны і ўкраінцаў. І калі людзі глядзяць на беларуска-ўкраінскае добрасуседзтва, людзкую салідарнасьць, аўтаматычна ўзьнікае падазрэньне таксама і да ўсяго беларускага.