У зоне канфлікту на ўсходзе Ўкраіны працягваюцца перастрэлкі і сутыкненьні, бакі абвінавачваюць адзін аднаго ў парушэньні перамір’я — у тым ліку ва ўжываньні цяжкага ўзбраеньня, адвод якога павінен быў адбыцца згодна зь менскімі дамоўленасьцямі.
У пасёлку Пяскі, разімешчаным побач з разбураным Данецкім аэрапортам, 22 сакавіка было паранена сем украінскіх вайскоўцаў, прычым у населеным пункце ў гэты момант былі назіральнікі АБСЭ. У гэты ж дзень у Пясках пабывала і чарговая група валянтэраў, прывезла туды неабходныя ваенным рэчы і аўтамабіль. Адзін з удзельнікаў гэтай экспэдыцыі, жыхар беларускага Гомеля Андрэй Стрыжак, распавёў Радыё Свабода, чаму ён вырашыў дапамагаць жыхарам суседняй краіны, у якой ступені падпадаюць пад уплыў расейскай прапаганды жыхары Беларусі і чаму на вайне важна захоўваць пачуцьцё гумару.
— Наша ініцыятыва, у складзе якой я ежджу ў зону АТА, гэта ўкраінскія дзяўчынкі, Оля Гальчанка і Саша Алёшава, яны займаюцца дапамогай вайскоўцам. Мой профіль — гэта дапамога эвакуяваным, уцекачам, шпіталям, гэта значыць усё, што тычыцца мэдыцыны і гуманітарнага боку. Я вайскоўцам не дапамагаю, гэта мая прынцыповая пазыцыя, я займаюся менавіта мэдыцынскай і гуманітарнай дапамогай, у тым ліку вайсковым шпіталям, таму што яны, як правіла, прымаюць абсалютна ўсіх, хто трапляе ў зоне канфлікту ў такія сытуацыі, калі патрэбна мэдыцынская дапамога. Чаму я гэта раблю? Справа ў тым, што яшчэ з Майдана так атрымалася, што я стаў валянтэрам, тады гэта была проста падтрымка грамадзянскай супольнасьці Ўкраіны, пакуль Майдан насіў выключна мірны характар. Калі ўсе перайшло ў фазу збройнага супрацьстаяньня, я быў валянтэрам на гарачай лініі «Эўрамайдан SOS» і дапамагаў каардынаваць дапамогу людзям, якія атрымалі раненьні. Калі гінуў хто-небудзь зь «Нябеснай сотні», мы падтрымлівалі кантакт са сваякамі. Наагул, калі ўжо казаць, адкуль пачалася гэтая валянтэрская дзейнасьць, яна пачалася з загінулага на Майдане Міхаіла Жызьнеўскага, які, як і я, гамяльчук. Так атрымалася, што мы вельмі хутка знайшлі яго бацькоў і дапамагалі ім, у тым ліку зводзілі іх з рознымі ўкраінскімі фондамі, якія дапамаглі ім купіць кватэру. З тых часоў мы застаемся зь імі на сувязі і падтрымліваем іх у гэтай складанай сытуацыі.
— Вы кажаце, што Ваша прынцыповая пазыцыя — аказваць выключна гуманітарную дапамогу. Чаму?
— З аднаго боку, ува мне 30% украінскай крыві, у мяне вельмі шмат сваякоў, сяброў, калегаў, якія жывуць і працуюць ва Ўкраіне, і сэрца за іх баліць, таму што сытуацыя ў краіне далёкая ад нармальнай. Гэта вайна, гэта рызыка загінуць, у тым ліку і для тых людзей, зь якімі я маю зносіны, і я разумею, што заставацца цалкам абыякавым — гэта здрадзіць ім. Зь іншага боку, станавіцца на які-кольвек бок са зброяй або сьвядома ўзбройваць адзін з бакоў для мяне таксама непрымальна. Я чалавек, на самай справе, не канфліктны і лічу, што большасьць канфліктаў можна вырашыць дыпляматычным шляхам. Калі пачалася вайна, значыць, проста хтосьці з кімсьці не дамовіўся, першапачаткова адбылося нейкае непаразуменьне. Акрамя валянтэрскай дзейнасьці, я з дапамогай сваіх украінскіх калегаў проста выводжу суайчыньнікаў з Гомеля ў Чарнігаў. Гэта такія невялікія «гастранамічныя туры», мы ідзем у рэстаран, потым я паказваю, як Украіна жыве на самай справе, каб процідзейнічаць той прапагандзе, якая распальвае варожасьць паміж людзьмі. Мая дзейнасьць накіраваная на тое, каб дапамагаць людзям здабыць мір, спакой і здароўе, а не даваць ім магчымасьць вырашаць пытаньні ваенным шляхам.
— Наколькі прапаганда, пра якую Вы кажаце, моцная ў Беларусі? Ці глядзяць людзі расейскія тэлеканалы? Маналітна або раздробненае беларускае грамадзтва ў сваім стаўленьні да ўкраінскага канфлікту?
Часам размаўляеш з чалавекам, і такое ўражаньне, быццам размаўляеш з тэлевізарам
— Пра нейкую маналітнасьць казаць нельга. На гэта шмат у чым уплывае нявызначаная пазыцыя беларускай улады. Калі раней пазыцыя афіцыйных уладаў Беларусі і афіцыйных уладаў Расеі па большасьці пытаньняў была салідарнай і ўзгодненай, то ў сытуацыі з Украінай беларускае тэлебачаньне, якое заўсёды для нас было ўзорам такога махровага прапагандысцкага апарату, цяпер выглядае вельмі разгублена. Яно спрабуе трымаць балянс, спрабуе неяк паказваць сытуацыю ва Ўкраіне не ў такіх кантрасных фарбах, як гэта робіць расейскае тэлебачаньне. Але расейскі тэлевізійны прадукт заўсёды быў больш якасны, чым беларускі, рэсурсаў больш, спэцыялісты больш падрыхтаваныя, і беларускія тэлегледачы глядзяць расейскія тэлеканалы. Многія рэтрансьлююць тое, што бачаць у сваіх тэлепрыймачах, часам размаўляеш з чалавекам, і такое ўражаньне, быццам размаўляеш з тэлевізарам. Калі атрымліваецца паказаць рэальнасьць хаця б аднаму такому, у цэлым разумнаму, нармальнаму чалавеку, які проста перагледзеў расейскіх тэлеканалаў, паказаць рэальнасьць, якой жыве Ўкраіна, паказаць, што сьвет ня чорна-белы, што ёсьць розныя паўтоны і адценьні, гэта ўжо вельмі вялікая перамога. У кожную паездку ў той жа Чарнігаў я заўсёды імкнуся браць людзей, якія ня ведаюць, што там адбываецца, і часьцяком нэгатыўна настроеныя. І ніколі не было такога, каб людзі зьяжджалі адтуль, не памяняўшы сваё меркаваньне хоць бы ледзь-ледзь. Рэальныя зносіны з рэальнымі людзьмі — гэта заўсёды лепш, чым тэлевізар.
— Як Вы зьбіралі грошы для куплі неабходных мэдыкамэнтаў, якія Вы прывезьлі ў Данецкую вобласьць? У сябе ў Беларусі, у Гомелі? Наколькі гэта было лёгка зрабіць?
— Я дастаткова актыўны карыстальнік Фэйсбука, у мяне каля 4 тысяч падпісчыкаў і сяброў, у асноўным гэта людзі, якія займаюць актыўную грамадзянскую пазыцыю. Яны жывуць ня толькі ў Гомелі, яны жывуць па ўсёй Беларусі і наагул па ўсім сьвеце. Першым вопытам такой схемы збору сродкаў, са сьвету па нітцы, была дапамога сям’і Жызьнеўскіх. Мы сабралі, па-мойму, каля 4,5 тысяч эўра. Потым ужо з дапамогай фондаў былі назапашаныя астатнія сродкі для куплі кватэры і іншых патрэбаў сям’і. Што тычыцца збору грошай на мэдыкамэнты, я пішу гэты пост аб тым, што ёсьць такая патрэба, і людзі рознымі спосабамі пераводзяць грошы. Закупляецца ўсё гэта ва Ўкраіне, таму што празь мяжу вазіць мэдыкамэнты нязручна, ёсьць пэўныя абмежаваньні, да таго ж ва Ўкраіне ёсьць профільныя мэдыкамэнты, якія патрэбныя менавіта для спэцыфічных траўмаў, мінна-выбуховых, агнястрэльных і гэтак далей. Зараз мы не толькі завезьлі груз мэдыкамэнтаў у шпіталі Данецкай вобласьці, мы працягваем збор сродкаў на куплю рэанімабіля, адмысловай машыны для аднаго з ваенных шпіталяў. У іх яе няма, яны вымушаныя карыстацца нечымі рэсурсамі, а гэта пытаньне жыцьця і сьмерці. Сярэдніх і лёгкіх параненых шпіталь можа абслужыць на сваёй базе, але калі раненьні цяжкія, то чалавека трэба везьці ў адзін з буйных гарадоў, Днепрапятроўск або Харкаў. У звычайным аўтамабілі хуткай дапамогі такія параненыя не заўсёды даяжджаюць.
— Гэта, напэўна, вельмі дарагая пакупка. Колькі грошай Вам ужо атрымалася сабраць?
— Ёсьць група валянтэраў, якія возяць аўтамабілі, якія былі ва ўжытку, з эўрапейскіх краінаў. Такія машыны каштуюць усяго некалькі тысяч даляраў — гэта тая сума, якую просіць гаспадар аўтамабіля дзе-небудзь у Вялікабрытаніі. Яму прасьцей прадаць за капейкі, чым там яго ўтылізаваць, у сувязі са спэцыфікай заканадаўства. Такая ж прыблізна сытуацыя будзе з гэтай хуткай дапамогай. Сама па сабе машына хуткай дапамогі без усялякага абсталяваньня каштуе каля 5,5 тысяч эўра. Далей яе можна ўкамплектоўваць, дасканаласьці там няма мяжы. На дадзены момант у нас на гэтую машыну ўжо ёсьць 3,6 тысячы эўра. І мы працягваем збор сродкаў. Многія людзі, якія хацелі б далучыцца, прапануюць: калі будзе гатовая машына, вы проста скажыце, якое канкрэтна абсталяваньне туды трэба купіць, дэфібрылятар, прэпараты для інтубацыі ці яшчэ што-небудзь. Такія рэчы могуць цягнуць на вялікую суму, але ёсьць людзі, якія гатовыя іх аплаціць. Я бачу, што працэс ідзе досыць нядрэнна, мы на машыну зьбярэм (за суткі з моманту гэтай размовы астатнюю суму ўжо ўдалося сабраць. — РС).
— Пагаворым трошкі пра Вашу апошнюю паездку ў Пяскі. Як гэта было? Ці ёсьць нейкія праблемы пры перасячэньні межаў, блёкпастоў, ня лічачы праколатых колаў? Якая абстаноўка ў саміх Пясках? Ці можаце Вы пацьвердзіць заявы ўкраінскага камандаваньня аб тым, што інтэнсіўнасьць абстрэлаў з боку сэпаратыстаў у апошнія дні вырасла?
— Уласна кажучы, мы ніколі не выяжджалі на лінію баявога сутыкненьня двух бакоў. Звычайна нашы паездкі сканчаліся ў раёне Курахова-Сялідава, гэта парадку 30-40 кілямэтраў ад лініі судакрананьня. Там мы пакідалі свой мэдыцынскі і іншы груз, а нашы дзяўчынкі перадавалі аўтамабілі і груз для вайскоўцаў. У гэты раз мы вырашылі паехаць у Пяскі, таму што сама па сабе тэндэнцыя замірэньня, якая была на той момант, казала аб тым, што, у прынцыпе, сытуацыя досыць бясьпечная для таго, каб туды праехаць і адчуваць сябе там спакойна. Хлопцы, зь якімі мы там маем зносіны, распавядалі, што інтэнсіўнасьць абстрэлаў меншая, чым звычайна. Таму мы вырашылі, што паедзем туды, тым больш, што частку грузу, якая знаходзілася на той момант у Пясках, трэба было перакінуць назад у Чырвонаармейскі шпіталь. Дзякуй вялікі валянтэрам, нашым калегам, якія пастаянна забясьпечваюць перадавыя часткі, яны ўвесь час вязуць туды мэдыкамэнты, і часта так бывае, што назапашваецца лішак. Гэты лішак мы і плянавалі забраць у Пясках і завезьці назад у адзін са шпіталёў. У той дзень, калі мы туды заехалі, было дастаткова спакойна, але на наступны дзень, калі мы адтуль выяжджалі, была гэтая сытуацыя з сямю параненымі падчас візыту АБСЭ. Я не магу сказаць, з чым гэта зьвязана, як гэта ацаніць, але я пацьвярджаю, што гэтыя сем параненых былі, і інтэнсіўнасьць абстрэлаў узрастае. З чым гэта зьвязана — ня ведаю.
Назіральнікі АБСЭ ў Пясках і параненыя пры абстрэле ўкраінскія вайскоўцы:
— У Пясках засталіся мірныя жыхары? Цяпер там ёсьць хтосьці, акрамя ваенных?
— Пяскі — досыць буйны пасёлак, проста гэта не заўсёды зразумела па рэпартажах адтуль, часам можа здацца, што гэта нейкая вёсачка. На самай справе гэта вялікі пасёлак, там ёсьць раёны, якія забудаваныя шматкватэрнымі дамамі. Да пачатку канфлікту там была досыць вялікая шчыльнасьць насельніцтва. Асабіста я там бачыў трох мірных жыхароў, гэта былі двое мужчын ва ўзросьце каля 50 і жанчына гадоў 40. Яны сказалі, што ў Пясках застаюцца каля 50 мірных жыхароў, яны не зьяжджаюць адтуль па розных прычынах: хтосьці баіцца кідаць сваю маёмасьць, хоць там, улічваючы абстрэлы, складана нешта захаваць. Хтосьці ня хоча ехаць з-за сталага ўзросту.
— У вашым Фэйсбуку шмат пацешных гісторыяў, сытуацыяў, дыялёгаў, якім Вы сталі сьведкам. Вайна і гумар сумяшчальныя?
Бяз гумару там наагул вельмі складана, таму што, калі пачынаць да гэтага падыходзіць занадта сур’ёзна, то можна ўпасьці ў роспач, страціць пільнасьць у сувязі з гэтым і стаць, скажам так, крыху мёртвым.
— Так, гісторыяў была, вядома, процьма. Вось, напрыклад, дыялёг ваенных, якія ўжо вельмі стаміліся ад гэтага канфлікту, якім ужо хочацца хоць нейкага яго вырашэньня: «Мы ў Пясках так доўга, што ўжо падумвалі там агарод завесьці па вясьне. — Ага, ну і перакопваць ня трэба, усё за вас зробяць. — Ну, а потым можна, як усе нармальныя людзі, казаць: вось, блін, зноў ураджай „Градам“ пабіла». Бяз гумару там наагул вельмі складана, таму што, калі пачынаць да гэтага падыходзіць занадта сур’ёзна, то можна ўпасьці ў роспач, страціць пільнасьць у сувязі з гэтым і стаць, скажам так, крыху мёртвым. Гумар дапамагае крытычна асэнсаваць уласную сытуацыю, як ты сам на сябе глядзіш у гэтым становішчы. Наша валянтэрская група заўсёды імкнецца падтрымліваць гэты добры настрой, таму што ў стрэсавых сытуацыях, калі знаходзісься ў зоне канфлікту, гэта дапамагае.
Арыгінал публікацыі на сайце расейскай службы Радыё Свабода.