97-я ўгодкі абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі сьвяткуюць 25 сакавіка ня толькі ў Беларусі, але і за мяжой. Дзень Волі адзначаюць беларусы, якія жывуць у Польшчы, Літве, ва Ўкраіне, у Бэльгіі, Чэхіі, Вялікабрытаніі і Расеі, паведамляе Рада БНР на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку».
Так, у Беларускім доме ў Варшаве — цырымонія ўручэньня «Нацыянальнай прэміі Хартыі’97» у сфэры абароны правоў чалавека імя Віктара Івашкевіча за 2014 год. Яе ляўрэатамі сталі былыя палітвязьні Васіль Парфянкоў і Эдуард Лобаў, заслужаны майстар спорту Беларусі і музыка Віталь Гуркоў, а таксама рэжысэр Антон Цялежнікаў. Пасьля ўручэньня прэміі адбудзецца творчая сустрэча з мастаком і грамадзкім дзеячам Аляксеем Марачкіным.
У Беластоку ў кафэ Zmiana Klimatu — канцэрт дзіцячага гурту «Баламуткі» і Vinsent.
У Вільні на могілках Росы — ускладаньне кветак на магілы падпісантаў Акту незалежнасьці БНР. У сойме Літвы — дыскусія «2015 год у Беларусі — калі геапалітыка бярэ верх над каштоўнасьцямі дэмакратыі» з удзелам беларускіх і літоўскіх палітыкаў, праваабаронцаў, грамадзкіх дзеячаў і сваякоў палітвязьняў. У клюбе Uzupio kavine — сьвяточны канцэрт Лявона Вольскага і Паўла Аракеляна.
У Кіеве сьвяточныя мерапрыемствы — перад помнікам Уладзіміру Караткевічу каля пасольства Беларусі, а ў Чарнігаве Дзень Волі адзначаць вечарам у бары «Фальварак».
У Бруселі на плошчы Шумана — пікет, арганізаваны Беларуска-эўрапейскім аб’яднаньнем.
У Празе — традыцыйнае ўскладаньне кветак на магілы кіраўнікоў БНР на Альшанскіх могілках, а вечарам у клубе Music City Club — беларускі бард Зміцер Вайцюшкевіч.
У Беларускім доме ў Лёндане — выступленьне прафэсара Лундскага ўнівэрсытэта доктара гістарычных навук Пэра Андэрса Рудлінга на тэму «Савецкая беларусізацыя: міт ці рэальнасьць?».
Маскоўскае таварыства беларускай культуры імя Ф. Скарыны заклікае ўсіх ахвотных прынесьці кветкі да помніка Янку Купалу на Кутузаўскім праспэкце.