Кіраўнікі Расеі, Казахстану і Беларусі плянуюць сустрэцца сёньня ў Казахстане. Як паведамляюць беларускія і расейскія інфармагенцтвы, Уладзімер Пуцін, Нурсултан Назарбаеў і Аляксандар Лукашэнка абмяркуюць пэрспэктывы больш шчыльнага супрацоўніцтва ў рамках Эўразійскага эканамічнага саюза. Таксама бакі абмяркуюць і пытаньне канфлікту на ўсходзе Ўкраіны.
Перамовы ў Астане былі раней заплянаваныя на 12-13 сакавіка, але ў апошні момант расейскі лідэр Уладзімер Пуцін адмяніў візыт, што пацягнула чуткі пра дрэнны стан яго здароўя.
Крэмль адмаўляў наяўнасьць праблемаў, але дэталяў стану здароўя Пуціна не раскрываў. Ад 5 да 16 сакавіка Пуцін адсутнічаў на публічных мерапрыемствах. 16 сакавіка ён упершыню зьявіўся на сустрэчы ў Санкт-Пецярбургу з прэзыдэнтам Кыргызстана Алмазбекам Атамбаевым.