Прэзыдэнт ЗША Барак Абама і канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель пацьвердзілі, што ніякага палягчэньня санкцыяў, накладзеных на Расею, ня будзе, пакуль яна ня выканае ўсе свае абавязацельствы па Менскіх дамоўленасьцях, паведамляе Белы дом.
Абама і Мэркель лічаць, што неабходна цалкам і неадкладна выканаць усе тры дасягнутыя ў Менску дамоўленасьці, каб дасягнуць працяглага і мірнага вырашэньня канфлікту, гаворыцца ў паведамленьні.
У тэлефоннай размове абодва лідэры таксама пагадзіліся, што Ўкраіне далей неабходна аказваць эканамічную падтрымку ў час, калі яна ажыцьцяўляе неабходныя рэформы.
ЗША, Эўрапейскі Зьвяз, а таксама шэраг іншых краінаў скаардынавана ўвялі супраць Расеі і сэпаратыстаў у Данбасе і Крыме, якім Расея аказвае падтрымку, ужо цэлы шэраг санкцыяў — спачатку з-за акупацыі і спробу анэксіі Масквой украінскага Крыму, затым празь яе ваенную агрэсію на ўсходзе Ўкраіны. На Захадзе заяўляюць, што гэтыя санкцыі могуць і аслабіць, і ўзмацніць — у залежнасьці ад дзеяньняў Крамля.
Між тым Расея заяўляла, што падпісвала менскія дамоўленасьці не як іх удзельнік, а толькі як «гарант», і ня мае намеру іх выконваць.