Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прыхільнікі «русского мира» хочуць сарваць Дзень Волі і Чарнобыльскі шлях


Дзень волі 2014.
Дзень волі 2014.

У расейскіх інтэрнэт-СМІ і сацыяльных сетках перад сьвятам 25 сакавіка ажывілася кампанія дыскрэдытацыі нацыянальнай беларускай ідэі. Арганізатары Дня Волі ў Менску рыхтуюцца да магчымых правакацыяў.

Група «Антимайдан #Беларусь» у расейскай сацыяльнай сетцы «ЎКантакце» назвала традыцыйнае сьвяткаваньне Дня Волі ў Менску «шэсьцем фашыстаў».

Група, адміністратар якой ананімны, заклікала накіроўваць звароты на імя старшыні Менскага гарвыканкаму Андрэя Шорца з заклікам «адхіліць заяўку на правядзеньне мерапрыемства». Стыль звароту, напісанага невядомымі аўтарамі, патасны:

«Складана ўявіць, як сябе адчуваюць героі-вэтэраны і іх блізкія, калі па цэнтральных вуліцах беларускай сталіцы ходзяць маладзёны з партрэтамі Шухевіча і Бандэры, выкрыкваючы нацыяналістычныя скандоўкі пад сымболікай фашысцкіх калябарантаў».

Узгадваюцца і маючыя сёлета адбыцца прэзыдэнцкія выбары:

«Таму мабілізацыя палітычных маргінальных рухаў пад фашысцкімі лёзунгамі выклікае і агульную занепакоенасьць у сувязі са збройным канфліктам ва Ўкраіне».

А завяршаецца зварот заклікам: «Час спыніць гэтае штогадовае прыніжэньне беларускага народу!»

Амаль адначасова на інтэрнэт-рэсурсе «Ридус. Агентство гражданской журналистики» зьявіўся артыкул Аляксандра Прымакова «26 красавіка ў Менску магчымыя непарадкі пры ўдзеле гасьцей з Украіны».

Аўтар артыкула сьцьвярджае, што «заходнія спэцслужбы распачалі актыўную падрыхтоўку да правакацыяў у Беларусі, канчатковай мэтай якіх зьяўляецца зьмена ўлады ў суседняй краіне». У артыкуле ўзгадваюцца падзеі амаль 20-гадовай даўніны — Чарнобыльскі шлях 1996 году, калі ў Менск прыехалі прадстаўнікі УНА-УНСО.

Паротнікаў: Гэта можа быць як зьнешняя правакацыя, так і ўнутраная

Хто распаўсюджвае такую інфармацыю, каму выгадна нагнятаць напружанасьць перад вясновымі акцыямі беларускай апазыцыі?

На гэтае пытаньне Свабода папрасіла адказаць кіраўніка аналітычнага праекту Belarus Security Blog Андрэя Паротнікава.

Я б ня стаў шукаць тут сэнсацыю, таму што пэрыядычна зьяўляюцца такія мутныя заклікі мутных людзей.

«Я б ня стаў шукаць тут сэнсацыю, таму што пэрыядычна зьяўляюцца такія мутныя заклікі мутных людзей. Наагул, невядома, ці існуюць гэтыя людзі ў прыродзе ў прынцыпе. Мяне больш цікавіць пытаньне, адкуль ногі растуць. Таму што гэта можа быць як зьнешняя правакацыя, так і ўнутраная, зьвязаная з барацьбой за ўплывовыя рэсурсы».

На думку Андрэя Паротнікава, беларускія спэцслужбы павінны на такія «ўкіды» інфармацыі рэагаваць. Прычым закон дазваляе гэтым займацца любым спэцслужбам і сілавым структурам: і МУС, і КДБ, і Інфармацыйна-аналітычнаму цэнтру, і Службе бясьпекі прэзыдэнта — усе яны маюць і паўнамоцтвы, і тэхнічныя магчымасьці. І ў першую чаргу яны павінны геаграфічна вызначыць пункт, адкуль гэтыя групоўкі кіруюцца:

«Можа здарыцца, што яны кіруюцца, па-першае, з-за межаў нашай краіны; па-другое, з тэрыторыі нашай краіны: з пасольства адной з суседніх краін; альбо з тэрыторыі адной зь дзяржаўных арганізацыяў, сілавых структур у нашай краіне, якая такім няхітрым спосабам спрабуе даказаць сваю патрэбнасьць і значнасьць і, адпаведна, атрымаць дадатковае бюджэтнае фінансаваньне».

На думку экспэрта Андрэя Паротнікава, нягледзячы на барацьбу за фінансавыя рэсурсы ўнутры сілавога блёку, тут мае месца фактар зьнешні, спроба разгайдаць сытуацыю звонку.

Да таго ж, як сьцьвярджае экспэрт, на цяперашні момант усе прарасейскія, русафільскія, славянафільскія, эўразійскафільскія арганізацыі — маргіналізаваныя, даволі нешматлікія, і ўсе яны, па сутнасьці, «пад каўпаком». Таму значна большую небясьпеку з пункту гледжаньня дзейнага рэжыму ўяўляюць неарганізаваныя прыхільнікі «русского мира».

На думку Паротнікава, гэтыя людзі не ўваходзяць ні ў якія арганізацыі, яны перапісваюцца ў сетцы «Ўкантакце», перапошчваюць нейкія малюнкі, заклікі, песьні, але пры гэтым адбываецца незаўважна самарадыкалізацыя — людзі пагружаюцца ў гэты антураж, і ён пачынае ім замяняць рэальнае жыцьцё, рэальны сьвет. Праз такія групы, якія быццам бы створаныя рэальнымі людзьмі, ажыцьцяўляецца збор базы дадзеных пра вось такіх самарадыкалізаваных, неарганізаваных людзей, якія нікуды ня ходзяць і, акрамя зносінаў у сацыяльных сетках, ніякай актыўнасьці не праяўляюць.

Спадар Паротнікаў мяркуе, што ў крызісны момант значную іх частку можна арганізаваць і кінуць для нейкіх правакацыяў.

Гэта праца досыць прадуманая, і цяпер, сутыкнуўшыся з процідзеяньнем беларускіх спэцслужбаў, пэўныя зьнешнія гульцы спрабуюць абаперціся на вось гэтую частку — якая неарганізаваная, а таму слаба адсочваецца, — патэнцыйных прыхільнікаў вось гэтага „русского мира“

«То бок, я думаю, ідзе праца на будучыню. Гэта праца досыць прадуманая, і цяпер, сутыкнуўшыся з процідзеяньнем беларускіх спэцслужбаў, пэўныя зьнешнія гульцы спрабуюць абаперціся на вось гэтую частку — якая неарганізаваная, а таму слаба адсочваецца, — патэнцыйных прыхільнікаў вось гэтага „русского мира“», — мяркуе спадар Паротнікаў.

Група «Антимайдан #Беларусь» у сацыяльнай сетцы «Ўкантакце» — адносна невялікая, у ёй зарэгістравана 1556 чалавек. Колькі зь іх накіравала зварот да старшыні Менгарвыканкаму з заклікам забараніць акцыю 25 сакавіка, невядома.

Аляксей Янукевіч
Аляксей Янукевіч

Янукевіч: Невядомыя сілы хочуць разгайдаць сытуацыю

На думку аднаго з заяўнікаў акцыі на Дзень Волі Аляксея Янукевіча, усе гэтыя інфармацыйныя «ўкіды» — частка шырэйшай інфармацыйнай атакі на Беларусь, якая пачалася ў зьвязку з набліжэньнем прэзыдэнцкіх выбараў. І акцыя 25 сакавіка ці «Чарнобыльскі шлях» — не асноўныя ейныя мэты:

«Аднак яны імкнуцца выкарыстаць і ў тым ліку вось гэтыя акцыі, стварыць адпаведную атмасфэру вакол іх, каб разгойдваць сытуацыю — ці, як мінімум, выпрабоўваць сытуацыю, наколькі яны можа разгойдвацца. Пры тым, што, натуральна, падтрымкі ў грамадзтве такія заклікі ня маюць ніякай. Але для пэўных расейскіх інфармацыйных рэсурсаў гэта можа быць нагодай, каб цытаваць звароты абураных беларускіх грамадзянаў, то бок ствараць бачнасьць, нібыта тут, у Беларусі, народ выступае супраць нацыянальнай ідэі і супраць акцыяў, якія ладзяць нацыянальныя сілы».

Але пільнасьць на акцыі ў Дзень Волі, калі ўлады яе дазволяць, будзе падвышаная, хаця ў цяперашняй сытуацыі ствараць адмысловыя дружыны дзеля аховы парадку перашкаджае міліцыя, кажа лідэр Партыі БНФ Аляксей Янукевіч:

І пра тое, як людзям сябе паводзіць, рэагаваць на магчымыя правакацыі. Ну і, натуральна, што тычыцца зьместу плякатаў, зьместу інфармацыйных матэрыялаў, мы яшчэ дадатковыя высілкі прыкладзем, каб утрымаць ясную ідэалягічную, ідэйную лінію, што 25 сакавіка — гэта адзначэньне Дня беларускай Незалежнасьці, каб ня даць падставаў для нейкіх правакацыяў.

«Аднак з нашага боку будуць як мінімум ясныя, зразумелыя інструкцыі, заклікі для ўдзельнікаў шэсьця. І пра тое, як людзям сябе паводзіць, рэагаваць на магчымыя правакацыі. Ну і, натуральна, што тычыцца зьместу плякатаў, зьместу інфармацыйных матэрыялаў, мы яшчэ дадатковыя высілкі прыкладзем, каб утрымаць ясную ідэалягічную, ідэйную лінію, што 25 сакавіка — гэта адзначэньне Дня беларускай Незалежнасьці, каб ня даць падставаў для нейкіх правакацыяў. Будзем заклікаць сумнеўныя лёзунгі прыбіраць».

Паводле стану на 15 гадзін 18 сакавіка дазволу на правядзеньне акцыі 25 сакавіка пакуль няма. Крайні тэрмін адказу Менгарвыканкаму — 20 сакавіка, за 5 дзён да падзеі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG