Грамадзянская кампанія «Гавары праўду» выступае са зваротам да беларускіх уладаў, лідэраў беларускіх дэмакратычных партыяў і рухаў з прапановай прызнаць 25 сакавіка Днём Незалежнасьці Беларусі, а 3 ліпеня пакінуць сьвяточным днём вызваленьня Менску ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў; а таксама прызнаць бел-чырвона-белы сьцяг і герб «Пагоня» гістарычнымі беларускімі каштоўнасьцямі.
Як да гэтай прапановы ставяцца палітыкі, прадстаўнікі ўлады, палітолягі?
Палітык, старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч кажа, што ідэя ня новая, але пры цяперашняй уладзе нерэальная:
«Ужо шмат гадоў нацыянальна-дэмакратычныя колы пасьлядоўна выступаюць, каб 25 сакавіка прызнаць афіцыйным Днём Незалежнасьці. Больш за тое, мы лічым, што нават такое нефармальнае адзначэньне павінна адбывацца пад назвай «Дзень Незалежнасьці». «Дзень Волі» — гэта брэнд, які прыжыўся, але ён крыху скажае зьмест і сэнс гэтага сьвята.
Калі казаць пра рэальнасьць, то я перакананы: не пры гэтай уладзе 25 сакавіка стане Днём Незалежнасьці, дзяржаўным, афіцыйным сьвятам. Аднак некалі стане абавязкова, таму што сапраўды ў беларусаў няма больш важнай, больш значнай даты ў пляне менавіта адраджэньня нашай дзяржаўнасьці, чым 25 сакавіка.
Дэпутат Палаты прадстаўнікоў, кандыдат гістарычных навук, дацэнт Валянціна Лявоненка кажа, што ня раз дыскутавала на гэтую тэму са сваімі студэнтамі і ставіцца да такой ідэі адмоўна. Сваю пазыцыю абгрунтавала такім чынам:
«25 сакавіка 1918 году была абвешчана толькі дэклярацыя. Не было дзяржавы з усімі атрыбутамі дзяржаўнасьці: вэртыкальлю ўлады, зводам законаў. Ва ўмовах тагачаснай акупацыі ні пра якую незалежную самастойную дзяржаву гаворка не магла ісьці, таму што той, хто акупаваў тэрыторыю, ніколі ня дасьць магчымасьць народу і абраным ягоным прадстаўнікам вызначаць свой лёс. Таму гэта свайго роду прафанацыя.
Па-другое, чаму я супраць, — тое, што цяпер адбываецца вакол нас, прымушае быць вельмі асьцярожнымі што да падобных прапановаў. Таму што галоўны прынцып — не нашкодзь. Калі пажар разгарэўся каля нашых межаў, усялякае падкідваньне такіх канфрантацыйных прапаноў можа ўсхваляваць грамадзкія настроі. Так што ня зараз. Гэта можна рабіць тады, калі стабільная сытуацыя вакол, калі вельмі дакладныя і ўзважаныя аргумэнты. А калі, па сутнасьці, акрамя штампаў, якія тыражуюцца дзесяцігодзьдзямі, няма чаго прапанаваць, лішні раз узбуджаць грамадзтва і адцягваць яго ўвагу я лічу немэтазгодным».
Палітоляг Яўген Прэйгерман таксама зьвяртае ўвагу, што ідэя ня новая, і ня лічыць яе пэрспэктыўнай:
«Гэта адно з фундамэнтальных пытаньняў, якое разам з пытаньнямі мовы, дзяржаўнымі і нацыянальнымі сымбалямі яшчэ з пачатку 1990-х досыць актыўна абмяркоўваецца, і робяцца спробы высунуць гэта як нейкі палітычны аргумэнт. Я ня думаю, што сёньня гэта асабліва эфэктыўны крок. Прынамсі, яго эфэктыўнасьць і патэнцыял уплыву асабліва ніяк не адрозьніваюцца ад таго патэнцыялу, што былі некалькі гадоў таму. Так што ніякіх перадумоваў дзеля таго, каб гэта неяк паўплывала на ўлады і агулам на грамадзтва, на жаль, сёньня няма. Тут розныя прычыны. Гэта і нейкая сакралізацыя, якая зьвязаная зь Вялікай Айчыннай вайной, гэта частка дзяржаўнай ідэалёгіі, а сёньня гэта яшчэ і частка пэўнага наратыву, які беларускія ўлады намагаюцца прасоўваць нават на зьнешніх франтах, у тым ліку ў дачыненьнях з Расеяй. Так што наўрад ці гэта пэрспэктыўная з палітычнага пункту гледжаньня ідэя».