Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ватыкан гатовы прыняць з візытам Лукашэнку


Дзяржаўны сакратар Ватыкану кардынала П’етра Паралін правёў прэсавую канфэрэнцыю з нагоды завяршэньня першай паловы свайго афіцыйнага візыту ў Беларусь.

Прадстаўнік Папы Рымскага паведаміў, што меў сустрэчы з кіраўніком краіны, міністрам замежных спраў, прэм’ер-міністрам, кіраўніком Савета рэспублікі і кіраўніком праваслаўнай царквы ў Беларусі мітрапалітам Паўлам.

П’етра Паралін паведаміў, што адной з тэмаў абмеркаваньня падчас гэтых сустрэч было пытаньне наладжваньня супрацоўніцтва паміж Беларусьсю і Эўразьвязам.

«Канечне, гэтая тэма закраналася, яна не магла ня быць тэмаю нашых перамоваў. З таго, што я бачыў, можна казаць пра гатоўнасьць з боку уладаў Беларусі да адкрытасьці адносна Эўрапейскага Зьвязу і астатняга сьвету. І, канечне, Сьвяты Пасад рады прапанаваць свой унёсак у гэты працэс. Ёсьць глыбокае перакананьне, ёсьць дух, які кіруе Ватыканскай дыпляматыяй, якія складаюцца з таго меркаваньня, што магчымыя цяжкасьці павінныя вырашацца не праз ізаляцыю і не праз закрыцьцё, а праз дыялёг, праз сустрэчы і праз узаемную дапамогу, якая спрыяе збліжэньню і дапамагае рухацца да гэтых мэтаў. З нашага боку ёсьць гатоўнасьць дапамагаць гэтай краіне і менавіта з гледжаньня палітычнага значэньня», паведаміў П’етра Паралін.

Што да магчымасьці візыту ў Беларусь Папы Рымскага Францішка П’етра Паралін сказаў:

«Калі мы закладвалі першы камень у будаўніцтва Апостальскай нунцыятуры ў Беларусі, то я сказаў, што хацеў бы быць у ролі Яна Хрысьціцеля, які быў папярэднікам прыходу Мэсіі на зямлю. Сапраўды ёсьць вялікае жаданьне ў Беларусі сярод каталіцкіх вернікаў пабачыць Папу на беларускай зямлі. І я магу канстатаваць, я спатыкаўся з гэтым падчас сустрэч — апошнім разам з каталіцкімі біскупамі Беларусі — яны таксама акцэнтавалі ўвагу на гэтым пытаньні. Я думаю, што гэтае жаданьне заслугоўвае быць задаволеным. Бо каталіцкая супольнасьць заслугоўвае візыту пастыра ўнівэрсальнай царквы, як з улікам пакут, якія зьведала гэтая супольнасьць, так і з улікам яе ўнёску ў аднаўленьне і разьвіцьцё рэлігійнага жыцьця ў Беларусі. Акрамя таго, акрамя жаданьня хрысьціянскай супольнасьці, ёсьць запрашэньне з боку ўсіх галінаў дзяржаўнай улады Беларусі для папы Францішка наведаць Беларусь. Гэтае жаданьне бачыць папу Францішка на беларускай зямлі было агульным элемэнтам падчас усіх маіх сустрэч у дзяржаўных структурах. Больш нічога не магу сказаць на гэтую тэму. Даты такога візыту будуць вызначаныя ў далейшым. І я магу толькі спадзявацца, што будуць сфармаваныя ўмовы, пры якіх Папа зможа адказаць на чаканьні рэлігійнай супольнасьці і прыняць запрашэньне дзяржаўных органаў».

Дзяржсакратар таксама паведаміў, што абмяркоўвалася і магчымасьць афіцыйнага візыту ў Ватыкан Аляксандра Лукашэнкі. «З боку Сьвятога Пасаду ёсьць гатоўнасьць да такога візыту. Чакаецца толькі рашэньне з боку беларускага прэзыдэнта і накіраваньне адпаведнага запыту з мэтай вызначэньне датаў гэтага візыту». Паводле ягоных словаў, дыпляматычны пратакол не прадугледжвае запрашэньня палітычных лідэраў з боку Папы Рымскага. Такія сустрэчы просяць зацікаўленыя бакі.

Падчас сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам.
Падчас сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам.

Пасланьнік Папы Рымскага таксама паведаміў, што падчас сустрэч абмяркоўваліся пытаньні двухбаковых адносінаў Беларусі і Ватыкану, паміж Касьцёлам і уладамі краіны, паміж католікамі і праваслаўнымі, а таксама пытаньні адкрыцьця тэалягічнай акадэміі ў Менску.

Кардынал П’етра Паралін назваў свой візыт у Беларусь выніковым і выказаў спадзяваньне, што ён прынясе тыя вынікі, якімі кіраваліся абодва бакі гэтай сустрэчы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG