Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Масква не дазволіць Лукашэнку прыняць у сябе папу Рымскага, — палітоляг


Папа Рымскі Франішак
Папа Рымскі Франішак

Такую думку ў інтэрвію Радыё Свабода выказаў палітоляг-міжнароднік Андрэй Фёдараў, камэнтуючы афіцыйны візыт у Беларусь дзяржсакратара Ватыкана, кардынала П’етра Параліна.

«Я мяркую, што беларускае кіраўніцтва спадзяецца, што Ватыкан зможа адыграць пэўную ролю ў наладжваньні стасункаў Беларусі з Захадам. На мой погляд, гэта асноўная прычына для такога даволі істотнага візыту», — адзначыў экспэрт.

Фёдараў узгадаў, што некалькі гадоў таму Аляксандар Лукашэнка выказваў падзяку Ватыкану за намаганьні, якія той зрабіў на міжнароднай арэне, каб наладзіць адносіны Беларусі з Эўразьвязам. Відавочна, што і цяпер афіцыйны Менск мае той жа самы палітычны разьлік.

Але магчымасьці Ватыкана ўплываць на палітыку Брусэля ня трэба перабольшваць:

Андрэй Фёдараў
Андрэй Фёдараў

«Па-першае, далёка ня ўсе эўрапейскія краіны каталіцкія. Якраз найбольш уплывовыя, такія, як Нямеччына, Вялікабрытанія і іншыя, — яны пратэстанцкія і папу Рымскаму „не падпарадкоўваюцца“. Па-другое, усе краіны Эўразьвязу — сьвецкія, і таму царква ня надта можа ўплываць на палітычныя рашэньні. Тым ня менш як пасярэднік Ватыкан можа адыгрываць пэўную ролю».

«Іншая справа, што сёньня ў Беларусі склалася такая сытуацыя, што пасярэднікі ня надта і патрэбныя. Можна весьці на самых розных пляцоўках наўпрост перамовы з тым жа Эўразьвязам, праблема толькі ў тым, на якіх прынцыпах могуць быць дасягнуты пагадненьні», — кажа Фёдараў.

Трэба адзначыць, што ў сакавіку 2013 году Аляксандар Лукашэнка запрасіў новаабранага папу Рымскага Францішка наведаць Беларусь. Ці можа стаць візыт кардынала П’етра Параліна прадвесьнікам візыту ў Беларусь самога папы Рымскага? Фёдараў лічыць гэта малаверагодным.

«Мне падаецца гэта сумнеўным, бо Беларуская праваслаўная царква — частка РПЦ, а мы ведаем, што кіраўніцтва Маскоўскага патрыярхату ня вельмі добра ставіцца да кантактаў сваіх падначаленых з рымскімі схізматыкамі. І баюся, што такога дазволу дадзена ня будзе. Беларускія ўлады наўрад ці пажадаюць псаваць адносіны з уплывовым патрыярхам Маскоўскім», — лічыць палітоляг.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG