Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Салідарнасьць у разгубленай краіне


Севярын Квяткоўскі
Севярын Квяткоўскі

Ігару Логвінаву сабралі амаль усю суму – $67 000. Скінулася тысяча чалавек: хто сем, хто дзесяць, хто дзьве тысячы. Самыя розныя валюты з трох кантынэнтаў. Палова людзей асабіста зайшлі ў кнігарню.

Штосьці падобнае я памятаю толькі пасьля карнай экспэдыцыі 19-20 сьнежня 2010 году, калі людзей пасьля мітынгу хапалі на прыпынках за некалькі кілямэтраў ад плошчы Незалежнасьці, дзе адбыўся мітынг.

Падобнае завецца адным даўгім словам лацінскага паходжаньня – салідарнасьцю. Solidus – моцны.

Сотням сядзельцаў па турмах сотні ж людзей зьбіралі грошы, каб набыць неабходнае: лекі, сокі, ежу. Прыносілі вопратку, прыганялі свае аўто, каб дастаўляць сабранае.

Магчыма, камусьці падасца, што сотні – гэта мала, гэта ж ня тысячы!

Важна хто і ў якой сытуацыі праявіў салідарнасьць. У канцы 2010, калі зьбіралі ахвяраваньні, па ўсёй краіне йшлі ператрусы і затрыманьні актывістаў, тады ўвогуле здавалася, што ўлада зьехала з катушак, і пачынае масавыя рэпрэсіі.

Сёньня сытуацыя, калі нават «афіцыйная» апазыцыя выказваецца пра тое, што Плошчу зьбіраць ня трэба. Маўляў, галоўнае – незалежнасьць як такая, а пасьля ўжо разьбірацца з уладай.

Сёньня трапіць за краты за нявыплату «няўстойкі» пагражае кнігавыдаўцу. «За што цябе? – Індэкс няправільна запісаў. Юрыстаў наняў, і ў іх штосьці ня так знайшлі».

У век інтэрнэту, калі любая кніжка можа свабодна трапіць у электронным выглядзе да кожнага, уціск Ігара Логвінава выглядае сымбалічнай экзэкуцыяй на паказ – «мы за вамі сочым, мы вам не дазволім сільна разьвіваць свабоду, вы пад кантролем, і ў кожны момант мы з вамі зробім што палічым патрэбным».

Сёньня на пачатку 2015 грамадзтва выглядае ўжо больш разгубленым па ўсіх пазыцыях. Што будзе з заробкамі ў наёмных работнікаў, што будзе зь бізнэсам ва ўласьнікаў, што будзе наогул з краінай? Куды паверне правіцель у выпадку калі што? У сэнсе як павядзе сябе Расея?

Здавалася б, ну што тыя кніжкі, калі тут такая геапалітыка?

Кніжка застаецца сымбалем.

Расейскамоўны выдавец робіць беларускамоўныя кніжкі, якія чытаюць часта расейскамоўныя людзі, якія нясуць «рознамоўныя» грошы, каб падтрымаць непадцэнзурны асяродак у цэнтры Менску.

І ніхто не зважае на моўнасьць. Хоць і разумеюць, што беларуская мова таксама сымбаль – няскоранасьці рэпрэсіям супраць волі не прымаць накінутае зьверху.

Улада гуляецца з нацыянальным, спрабуе «засвоіць тэму». Дазваляюць вышыванкі, і вешаюць біг-борды з рэклямай беларускай мовы, але закрываюць кнігарню Логвінава, кнігарню выдавецтва «Галіяфы» і культурную пляцоўку «ЦЭХ».

Тых пляцовак на амаль дзесяцімільённую крану – вобмаль. На пальцах дзьвюх рук можна пералічыць. Але не – трэба закрыць, каб не расслабляліся.

Ня ўлічваецца толькі «чалавечы фактар». Калі людзям знутры сябе патрэбная салідарнасьць, гуртаваньне на гарызантальным узроўні, людзі знойдуць шлях для рэалізацыі задуманага.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG