«Кнігарня логвінаЎ» амаль сабрала ўсю суму на штраф. «Паводле нашых падлікаў (а ў нас актывы ў розных месцах), таксама паводле гарантый ад дабрадзеяў — мы маем каля 90% ад сумы», — кажа Ігар Логвінаў.
Пачаць выплаты кнігавыдавец плянуе ўжо сёньня, аднак выплаціць хутка ўсю суму цалкам не атрымаецца праз тэхнічныя складанасьці. На 15 сакавіка прызначаны разгляд просьбы аб адтэрмінаваньні плацяжу на паўгода.
Непасрэдна ў кнігарню свае ахвяраваньні прынеслі каля 500 чалавек, яшчэ столькі ж скарысталіся адмысловым сайтам. Зьбіралі грошы на працягу двух месяцаў. Ахвяраваньні даходзілі з 27 краін, разьмешчаных на 3 розных кантынэнтах.
«Мы вельмі ўдзячныя ўсім, хто дапамагаў нам. Мы хочам зрабіць для ўсіх вялікую імпрэзу. Зараз зьяжджаем на кніжны кірмаш у Ляйпцыг, а калі вернемся, то адразу нешта такое арганізуем», — кажа ў камэнтары Эўрарадыё кнігавыдавец.
Эканамічны суд Менску 9 студзеня 2015 году пастанавіў, што за гандаль безь ліцэнзіі «Кнігарня логвінаЎ» павінна заплаціць штраф і вярнуць «незаконны прыбытак». Агулам гэта 967 мільёнаў рублёў. У 2014 годзе кнігарня шэсьць разоў безвынікова спрабавала атрымаць рэгістрацыю на гандаль кнігамі.