Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прычыны сьмерці Ігара Пцічкіна: болевы шок і сардэчная недастатковасьць


Ігар Пцічкін
Ігар Пцічкін

Сваякі загінулага ў СІЗА на Валадарцы ў жніўні 2013 году Ігара Пцічкіна пачалі знаёміцца з вынікамі комплекснай судова-мэдычнай і судова-псыхіятрычнай экспэртызаў. Як паведамляе маці Ігара Жанна Пцічкіна, прычына сьмерці сына, паводле высновы, да якой прыйшлі экспэрты, — болевы шок, сардэчная недастатковасьць. Ніякіх сьлядоў наркатычных рэчываў і алькаголю ў арганізьме ня знойдзена.

11 сьнежня сьледчы па справе Вадзім Грыц запрасіў Жану Пцічкіну і адваката Аляксандра Галіева ў Сьледчы камітэт для азнаямленьня з вынікамі паўторнай экспэртызы. Паколькі гэта было ў другой палове дня, усе матэрыялы комплекснай экспэртызы яны не пасьпелі вывучыць, кажа Жанна Пцічкіна:

«Нас паклікаў сьледчы. Але было мала часу, і мы да канца не прачыталі. Прачыталі толькі пачатак і канец. Я хацела ведаць, ад чаго ён памёр. Будзем чытаць цалкам у панядзелак».

10 дзён таму Жанна Пцічкіна атрымала адказ на сваю скаргу аб нязгодзе з хадой расьсьледаваньня, дзе ёй паведамілі, што з вынікамі экспэртызы азнаёмяць толькі пасьля папярэдняга сьледзтва. На просьбу Радыё Свабода агучыць прычыну сьмерці Ігара Пцічкіна і расказаць пра высновы экспэртаў афіцыйны прадстаўнік Сьледчага камітэту Юлія Ганчарова адказала так:

«Цяпер гэта справа яшчэ знаходзіцца ў вытворчасьці, пра выніковае працэсуальнае рашэньне мы паведамім у аўторак ці сераду. Я вам не магу цяпер даваць нейкія папярэднія вынікі; як толькі яны будуць канчатковымі, мы ўсё агучым».

Маці Ігара Пцічкіна, якая ўважліва прачытала пра прычыны сьмерці сына, кажа:

Жана Пцічкіна, архіўнае фота
Жана Пцічкіна, архіўнае фота

«Ясна і зразумела напісана: ён памёр ад болевага шоку, ад сардэчнай недастатковасьці. Болевы шок. Не знайшлі ў арганізьме ні наркотыкаў, ні алькаголю. Дакладна напісана — што не было, няма і не знайшлі».

Але, паколькі сьведкі далі паказаньні, што Ігар Пцічкін ужываў наркотыкі, ускосная прычына сьмерці — сардэчная недастатковасьць, выкліканая ўжываньнем наркотыкаў. Маўляў, у СІЗА ў Ігара Пцічкіна пачалася «ломка», бо ён не прыняў дозы, кажа Жанна Пцічкіна. Маці, якая жыла разам з сынам у маленькай хрушчоўцы, бачыла яго кожны дзень, ня верыць, што Ігар ужываў наркотыкі, і з такой высновай зьмірыцца ня можа:

«Пасадзілі суседа за тое, што ён прымаў спайсы, і самыя апошнія спайсы, якія шукалі ў суседа ў 2013 годзе, калі мой Ігар трапіў у СІЗА, таксама не знайшлі. Нічога не знайшлі. Але паколькі быццам бы сябры казалі, што ён часам пакурваў, і паколькі ў СІЗА сказалі, што ў яго „глюк“ пачаўся, — значыць, ён памёр ад гэтага».

З адваката пацярпелай Жанны Пцічкінай пакуль не зьнялі падпіску аб неразгалошваньні, які ён даваў на пачатку расьсьледаваньня, таму ён не камэнтуе справу. Жанна Пцічкіна кажа, што вінаватых у сьмерці сына цяпер няма. Лекары, фэльчары, ахоўнікі СІЗА на Валадарскага ніякай адказнасьці за сьмерць Ігара несьці ня будуць:

Нават урача судзіць ня будуць, нікога судзіць ня будуць

«Я ў адваката пытаюся: значыць, і суду ня будзе? А ён адказвае: „Не“. А чаму ўрач невінаваты — таму што ён ня мог аказаць яму той дапамогі, якая павінна быць аказана. Нават урача судзіць ня будуць, нікога судзіць ня будуць».

Застаецца дачакацца афіцыйнага паведамленьня Сьледчага камітэта.

15 траўня 2013 году суд Заводзкага раёну Менску прысудзіў Ігару Пцічкіну тры месяцы адміністрацыйнага арышту за кіраваньне аўтамабілем у пэрыяд, калі ён быў пазбаўлены правоў. 30 ліпеня малады чалавек сам прыбыў у Заводзкі РУУС, адкуль яго накіравалі для адбыцьця пакараньня ў СІЗА № 1.

4 жніўня родным паведамілі, што Ігар Пцічкін памёр у СІЗА на Валадарскага. Паводле папярэдняй вэрсіі, сьмерць наступіла ад спыненьня сэрца. На целе Пцічкіна былі шматлікія драпіны і гематомы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG