Супольны тэлепраект Радыё Свабода і Голасу Амэрыкі «Настоящее время» падрыхтаваў рэпартаж аб падрыхтоўцы ў Санкт-Пецярбургу удзельнікаў узброеных фармаваньняў гэтак званых ДНР і ЛНР ва ўсходняй Украіне.
У інтэрвію «Настоящему времени» каардынатар руху «Іншая Расея» ў Санкт-Пецярбургу Андрэй Дзмітрыеў распавёў, што па лініі руху з чэрвеня 2014 году на вайну ў Данбасе паехала прыкладна паўтары тысячы чалавек, кожны дзясяты зь іх — з Санкт-Пецярбургу.
Паводле Дзьмітрыева едуць пераважна людзі левых поглядаў, ў тым ліку і чальцы Камуністычнай партыі РФ.
Яшчэ адзін суразмоўца «Настоящего времени» — грамадзянін Расеі Андрэй Дулаў, які каля паўгода ваяваў у складзе атраду сэпаратыстаў «Заря». Цяпер ён знаходзіцца ў Пецярбургу, але ў красавіку плянуе вярнуцца ў Данбас, паколькі ён «дакладна ведае, што па „зялёнцы“ арміі ЛНР і ДНР распачнуць штурм Марыюпалю».
Дулаў арганізаваў трэніроўкі новых байцоў для сэпаратысцкіх узброеных злучэньняў у навучальным лягеры пецярбурскай праваслаўна-манархічнай арганізацыі «Расейскі імпэрскі рух».