Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомельскія прадпрымальнікі распачалі стыхійны страйк. Скандуюць: «Указ № 222 — адмяніць!» ФОТА

абноўлена

1 сакавіка сотні прадпрымальнікаў найбуйнейшых рынкаў Гомеля, Рэчыцы ды іншых гарадоў рэгіёну спынілі працу. Яны ня могуць прадаставіць сэртыфікатаў і таваратранспартных дакумэнтаў на кожную адзінку тавара, як таго патрабуе ўказ № 222.

Прадпрымальнікі не паверылі вусным запэўніваньням прадстаўнікоў улады аб тым, што іх чапаць ня будуць да выпрацоўкі ўрадам схемы рэалізацыі рэшткаў тавараў. Таму сёньня й не распачыналі працу — прынамсі, на сакавік.

У гомельскім гадлёвым цэнтры «Сакрэт» мясцовы прадпрымальнікі сабраліся на стыхійны сход. Адкрываючы яго, старшыня рады прадпрымальнікаў Натальля Дасько заявіла:

«Зь сёньняшняга дня, 1 сакавіка, набыў моц указ прэзыдэнта № 222 — ён забараняе працаваць прадпрымальнікам з рэштай тавараў, набытых раней без дакумэнтаў. Такога тавару ў многіх засталося вельмі шмат, паколькі пры цяперашняй нізкай пакупніцкай здольнасьці насельніцтва рэалізаваць яго было немагчыма. Напярэдадні прадпрымальнікі да сямі гадзінаў вечара працавалі. А пасьля зь сямі да дванаццаці гадзінаў ночы мы мелі права вывезьці рэшту тавара без канфіскацыі, што ўсе прадпрымальнікі й зрабілі».

Удзельнікі сходу гаварылі, што іх калегі з так званага Мытнага саюзу Беларусі, Расеі і Казахстану маюць магчымасьць працаваць вольна — ніхто іх не дратуе патрабаваньнямі мець сэртыфікаты на кожную адзінку тавару. Беларусь жа, невядома зь якіх прычынаў, так бы мовіць, бяжыць наперадзе паравоза.

Пра гэта, у прыватнасьці, гаварыла прадпрымальніца Сьвятлана Калачова:

«У сто пяты раз хачу сказаць, што ўказ № 222 — сыры, ніякі. Прадпрымальнікі дзяржаў Мытнага саюзу — Расейскай Фэдэрацыі, Казахстану — могуць працаваць без такіх дакумэнтаў. У нас жа выставілі надзвычай жорсткія ўмовы. У нас павінны быць накладныя, усе сэртыфікаты. Нам прапануе ўлада залазіць у нейкія там рэестры, знаходзіць нейкія сайты, каб усё правяраць. Разумееце, гэта вар’яцтва. Хто мы такія на тэрыторыі Расейскай Фэдэрацыі, у той жа Маскве, на малых і вялікіх рынках? Як мы можам несьці адказнасьць за тамтэйшыя фірмы, якія нам даюць дакумэнты ці не даюць іх? Фірмы маскоўскія з намі наагул працаваць ня хочуць. Калі яны чуюць, што мы зь Беларусі, і мы хочам узяць у іх тавар з дакумэнтамі, яны кажуць: «Выбачайце, вы нам не цікавыя».

Прадпрымальнікі спыняюць працу да таго часу, пакуль ня будуць адмененыя новаўведзеныя патрабаваньні да пацьверджаньня тавару. У іншым разе наагул спыняць сваю дзейнасьць і пойдуць станавіцца на ўлік у цэнтры занятасьці як беспрацоўныя.

Удзельнікі сходу скандавалі: «Указ № 222 — адмяніць!»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG