Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З надзеяй трапіць на мапу


Я паспрабую не гаварыць тут нічога пра прэмію Ежы Гедройця: гэта зробяць камэнтатары. Маўляў, прадаўся, памёр як крытык, лабіруе і гэтак далей. Урэшце, усе гэтыя тэксты зьяўляюцца толькі зь любові да чытаньня кніг, і неяк так склалася гістарычна, што проза Бахарэвіча — ня горшы варыянт для гэткага баўленьня часу. Тут заўсёды ёсьць што абмяркоўваць, можна часам не пагаджацца, часам — прапаноўваць свае тлумачэньні.

Ясна, што раман «Дзеці Аліндаркі» — не выключэньне. Найперш ён доўга чаканы, бо пасьля «Шабаноў», адрывістых і напалову мэмуарна-эсэістычных, выйшаў цэлы стос кніг калюмністыкі Бахарэвіча. І сёй-той пачаў ужо й забывацца на тое, што Альгерд ня толькі валіць лес на сайтах «Будзьма» і РС, але і прозу некалі пісаў. Таму «Дзеці Аліндаркі» ў нейкай ступені яшчэ і адказ рознага кшталту «добразычліўцам», якіх у правакацыйнага эсэіста Бахарэвіча за пэрыяд «ваеннага калюмнізму» набралася ці мала.

Файна, што «Дзеці Аліндаркі» прыводзяць на памяць олдскульнага Бахарэвіча пачатку 2000-х. Пачынаецца раман у ключы агрэсіўнага сынтаксісу, «зь пераходамі, квінтамі і сынкопамі». Далей жа разгортваецца гісторыя, але, вядома, не лінейна, а разыходнымі сьцежкамі. Па сутнасьці, гэта раман-крыжаванка, які бесьперапынна ўдае зь сябе то казку, то рэалістычны дэтэктыў, то антыўтопію, то раман жахаў, нідзе асабліва не затрымліваючыся. Але асноўны пасыл складаецца з усіх элемэнтаў пазла, незадоўга пасьля прачытаньня.

Зусім зразумела, што мэтафара «Дзяцей Аліндаркі» ўзятая з эсэю Бахарэвіча «Бог ня роўна delete» (цыкль «Гамбурскі рахунак Бахарэвіча»). У эсэі Мацей Бурачок перадае спалоханаму Аліндарку дудку і той пачынае на ёй граць. Сам момант перадачы гэтай дудкі — ці то беларускай традыцыі — і зьяўляецца штуршком, які пераходзіць у раман. Але адрозьніваецца сама сьвядомасьць рэцыпіентаў. Калі Аліндарка ў эсэі глядзіць на дудку неўразумела і паводзіць сябе з Бурачком пасіўна, то дзеці Аліндаркі — самі гаспадары свайго лёсу, актыўныя суб’екты дзеяньня і нават тыя казачныя прыгоды, у якія яны трапляюць, паўсталі ўласна з сытуацыі выбару, каторы зьдзяйсьняецца імі самастойна.

«Дзеці Аліндаркі» — безумоўна, мэтафара новага пакаленьня беларускамоўных, а прыгоды, у якія яны трапляюць — тыя пасткі, куды можа праваліцца кожны нацдэм-нэафіт. Скажам, хатка, зробленая з скрынак ад печыва, перагукаецца з хаткай, зробленай з печыва, якую ўбачылі Гензэль і Грэтэль з казкі братоў Грымаў. Аднак у тым і адрозьненьне, што дзеці Аліндаркі — Лёся і Лёччык — ня могуць атрымаць наўпроставае задавальненьне нават ад той казачнай хаткі. Усё тут штучна, скрынкава: гэта як пацёмкінская вёска, прыгожая толькі з фасаду. Трапіўшы ў хатку, Лёся і Лёччык правальваюцца ў цёмную земляную яміну. І мне тут таксама бачыцца адсылка да палемікі часоў «Гамбурскага рахунку», а менавіта да эсэю Яна Максімюка «Цёмная камора белліту». Толькі назва ўзятая тут за мэтафару, і хутчэй вядзецца не пра белліт, а наагул пра ўсю прастору маргінальнай беларушчыны: менавіта ў гэты кантэкст зазвычай трапляе беларускамоўны нэафіт. Яго трымаюць на галодным корме і на ланцугу, ён мусіць выконваць усе загады гаспадара. Ён есьць зямлю і ня бачыць нічога, акрамя сьценаў яміны.

Наступная прыгода дзяцей — сустрэча з афіцыйным беларускім пісьменьнікам Міхасём Барадаўкіным. Чалавекам, якому «дазволена». Дзеці мусілі б прымаць яго за свайго, аднак нешта насьцярожвае іх. Ён чытае ім тэкст, над якім цяпер сядзіць, рэдагуе. Гэта клясычны твор «пра вайну і немцаў», які надзвычайна ўражвае дзяцей сваёй бездапаможнасьцю. Такім чынам, вынік другога квэсту: недавер да беларускамоўных твораў. Ня ўсе яны «аднолькава карысныя».

Аднак асноўны, паноўны квэст — гэта лягер Доктара, які пастаянна ўсплывае ў галовах дзяцей як месца дзіўнае і разам з тым таямніча прыцягальнае. Сам Доктар мне ўяўляецца працягам фізіялягічных штудыяў Бахарэвіча, якія праяўляліся ў паталягаанатамічнай лініі раману «Сарока на шыбеніцы» і пазьней — у «Малой мэдычнай энцыкляпэдыі Бахарэвіча». Уласна сам лягер, дзе беларускамоўным дзецям спрабуюць ампутаваць «костку», якая адказвае за беларускую артыкуляцыю — і зьяўляецца асновай антыўтапічнай лініі. Доктар — яшчэ адзін ідэйны геній-вар’ят, адэпт чысьціні Языка, які трансьлюе, па вялікім рахунку, масавую ідэалёгію правінцыйнасьці, адсталасьці, забітасьці, рахманасьці і талерантнасьці. Толькі ў больш завостраным варыянце — як барацьбіт з Мовай і з Акцэнтам.

Антыпод Доктара — бацька «дзяцей Аліндаркі», той самы захавальнік дудкі, які мысьліць асноўнай мэтай выхаваньне чыстай беларускамоўнай дачкі, якая абавязана будзе жыць у грамадзтве Языка і Акцэнту.

Дзеці сыходзяць ад абодвух: яны відавочна баяцца крайнасьцяў. Нават калі крайнасьці — увасабленьне Дабра і Зла. У выніку ні першае ні другое не перамагае: прынамсі, паводле лёгікі раману.

Новая кніга Бахарэвіча заснаваная цалкам на лякальным кантэксьце, і ў гэтым, мабыць, палягае яе неардынарнасьць у агульным рэчышчы паэтыкі прозы згаданага аўтара. Раней ён як быццам сіламоц выштурхоўваў сябе ў прастору эўрапейскага (зрэшты, усё роўна застаючыся ў прасторы беларускай праблематыкі — але адбывалася гэта нібы незнарок). У «Дзецях Аліндаркі» ствараецца новая беларуская міталёгія, хоць і сплаўленая, як сырок, зь нямецкай міталёгіяй братоў Грымаў і старога габрэйскага міту пра голема. Зьбіваючы ў адну палітру розныя літаратурныя жанры, Бахарэвіч празь нямецкія і габрэйскія міты спрабуе дастаць дна беларускага Правечнага Кону — зь яго мовай, мэнтальнасьцю і сэнтымэнтальнасьцю. Менавіта гэтым ён і сам, адзін зь дзяцей, урэшце «трапляе на мапу» Эўропы, у «нябесны Брэмэн», якога бясконца прагнуць Лёся і Лёччык, блукаючы па пакутах у лясах памежнай зоны. Такі вось паратунак: пазбавіцца адвечнай беларускай пасіўнасьці і гермэтычнасьці, стаць актыўным творцам уласнай дарогі, адкрыць яе і сябе ўсяму сьвету. Не асабліва выхваляючыся, але і не забыўшы пра ўласную годнасьць.

Што ж, неблагое рашэньне задачы. Урок скончаны. Здайце свае сшыткі дзяжурнаму.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG