Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС Беларусі жорстка адказаў прэзыдэнту Кіргізстану


Будынак МЗС Беларусі
Будынак МЗС Беларусі

МЗС Беларусі апублікаваў афіцыйную заяву ў сувязі з выказваньнямі прэзыдэнта Кіргізстану Алмазбека Атамбаева наконт забойства ў Менску крымінальнага аўтарытэта Анапіяева, якое, на думку кіргіскіх уладаў, учыніў брат былога прэзыдэнта Курманбека Бакіева.

«Няма сэнсу камэнтаваць абразьлівыя паралелі і выказваньні кіраўніцтва Кіргізстану на адрас Беларусі. Падобныя перагрэтыя эмацыйныя заявы былі б немагчымыя на ўзроўні лідэра цывілізаванай дзяржавы.

Але нават калі пакінуць за дужкамі іх прадузятасьць, то агучаныя на вышэйшым узроўні абвінавачаньні ў зьдзяйсьненьні цяжкага злачынства супярэчаць агульнапрынятым міжнародным нормам крымінальнага судаводзтва. У любой сучаснай краіне Канстытуцыя і законы сьцьвярджаюць, што ніхто ня можа быць прызнаны вінаватым у зьдзяйсьненьні злачынства, пакуль яго вінаватасьць ня будзе даказаная прысудам суду, які ўступіў у законную сілу. Аднак, мяркуючы па шэрагу завочных крымінальных працэсаў, якія прайшлі ў Кіргізстане, гэтая краіна ў цэлым мае свой, спэцыфічны падыход да правасудзьдзя.

Гэта выклікае сумнеў у здольнасьці кіргізскай дзяржавы забясьпечваць захаваньне правоў сваіх грамадзян, у тым ліку і права на справядлівую судовую абарону», – адзначаецца ў заяве МЗС Беларусі, якая разьмешчана на сайце міністэрства.

У МЗС падкрэсьліваюць, што кампэтэнтныя органы Беларусі робяць усе неабходныя меры па ўсталяваньні і затрыманьні асоб, якія маюць дачыненьне да гэтага забойства. «Любое ўмяшаньне ў іх працу, у тым ліку і з боку вышэйшых службовых асоб замежных дзяржаў, у корані непрымальнае», – кажуць у зьнешнепалітычным ведамстве Беларусі.

Учора прэс-служба прэзыдэнта Кіргізстану Алмазбека Атамбаева распаўсюдзіла заяву кіраўніка дзяржавы, дзе адзначаецца, што «крывавыя крымінальныя разборкі» ў Менску не пакідаюць сумненьняў у тым, што «чальцы сям'і Бакіевых адчулі ў Беларусі поўную беспакаранасьць».

«Вельмі спадзяюся, што паважаны Аляксандар Рыгоравіч Лукашэнка і дружалюбны беларускі народ зразумеюць, нарэшце, што прытулілі нелюдзяў, – адзначыў ў заяве прэзыдэнт Кіргізстану. – Каго яшчэ павінны забіць Бакіевы, каб улады Беларусі ўбачылі, нарэшце, зьвярыную і людаедзкую сутнасьць гэтай крымінальнай сям'і? Гэтыя каты будуць праліваць кроў усюды, дзе б ні апынуліся, у тым ліку ў прытуліўшай іх Беларусі!».

19 красавіка 2010 году адхілены ад улады прэзыдэнт Кіргізстану Курманбек Бакіеў разам зь сям’ёй прыбыў у Менск па асабістым запрашэньні Аляксандра Лукашэнкі. Ён атрымаў палітычны прытулак у Беларусі, улады Кіргізстану дамагаюцца яго выдачы. У Менску бачылі і брата экс-прэзыдэнта Жаныша Бакіева.

8 траўня таго ж году Бакіеў быў абвешчаны ў міждзяржаўны вышук на тэрыторыі СНД і ў міжнародны вышук па лініі Інтэрполу, як саўдзельнік ў масавых забойствах. У 2012 Ваенны суд Кіргізстану прызнаў Курманбека Бакіева вінаватым і прызначыў пакараньне — 24 гады пазбаўленьня волі з канфіскацыяй маёмасьці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG