Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Забойства Анапіяева ў Менску нэгатыўна адаб’ецца на іміджы Беларусі, — кіргіскі палітоляг


Беларусь павінна выдаць Кіргізстану братоў Бакіевых, якія могуць быць датычныя да забойства ў Менску лідэра арганізаванай злачыннай групоўкі Алманбета Анапіяева.

Пра гэта заявіў кіргіскі палітоляг Бакыт Бакетаеў, паведамляе gezitter.org.

«Па-першае, забойства Анапіяева ў Менску нэгатыўна адаб’ецца на іміджы Беларусі. Гэта нядобрая зьява. Па-другое, дадзенае злачынства — адгалоскі, рэха бакіеўскага рэжыму. У свой час экс-прэзыдэнт Бакіеў перастаў спраўляцца з такой сыстэмай. Да цяперашняга часу не спыняецца тагачасная крымінальная палітыка. Забойства Анапіяева адбылося ў выніку разборак крымінальнага асяродзьдзя, якое выйшла з-пад бакіеўскага кантролю. На каго ўсе мы ў першую чаргу падумаем, пачуўшы навіну пра забойства Анапіяева ў Менску? Вядома, на Бакіевых, таму што Алманбет Анапіяеў быў зь імі зьвязаны», — адзначыў палітоляг.

Паводле ягоных слоў, пасьля такога сур’ёзнага абвінавачаньня Беларусь павінна выдаць Бакіевых Кіргізстану.

Цяпер Лукашэнка выконвае важную міжнародную місію, Беларусь выступае мостам паміж Расеяй і Ўкраінай. На жаль, калі справа даходзіць да Кіргізстану, выяўляецца палітыка ігнараваньня.

«Цяпер Лукашэнка выконвае важную міжнародную місію, Беларусь выступае мостам паміж Расеяй і Ўкраінай. На жаль, калі справа даходзіць да Кіргізстану, выяўляецца палітыка ігнараваньня. Пасьля такога сур’ёзнага абвінавачаньня Беларусь павінна экстрадзіраваць Бакіевых у Кіргізстан. Так паступае прававая дзяржава. У нашага народа шмат пытаньняў і да Бакіева, і да Акаева. Да Атунбаевай пытаньняў няма, таму што яна тут, у краіне, нікуды не ўцякала. Як бы ні апраўдваліся Акаеў з Масквы, Бакіеў зь Менску, народ ім не даруе. Яны павінны вярнуцца і адказаць перад судом. Павінны растлумачыць, чаму распараджаліся дзяржаўнай уласнасьцю як асабістай маёмасьцю».

Алманбета Анапіяева знайшлі забітым у багажніку аўтамабіля прадстаўнічай клясы на вуліцы Карла Лібкнехта ў Менску 19 лютага. На целе былі сьляды гвалту, сьмерць наступіла ад нажавых раненьняў.

Як паведамляюць кіргіскія мэдыі, 24 лютага ў Бішкеку быў затрыманы 25-гадовы Гулжыгіт Абілазізаў, які быў целаахоўнікам забітага ў Менску крымінальнага аўтарытэта Алманбета Анапіяева. Ён праходзіць падазраваным у справе забойства Анапіяева.

Жаныш Бакіеў
Жаныш Бакіеў

Абілазізаў у паказаньнях паведаміў, што да забойства датычны сваяк зрынутага прэзыдэнта Кіргізстану Курманбека Бакіева, які цяпер жыве ў Беларусі, — Жаныш Бакіеў.

Жаныш Бакіеў знаходзіцца ў вышуку Інтэрпола па падазрэньні ў выкраданьні людзей, прычыненьні шкоды жыцьцю і здароўю, нацыянальных і міжнародных злачынствах.

Яшчэ ў 2010 годзе часовы ўрад Кіргізіі прызначыў грашовую ўзнагароду ў суме ад 20 да 100 тысяч даляраў ЗША за рэальнае судзеяньне ў тым, каб знайсьці і злавіць братоў Бакіевых.

Былы прэзыдэнт Кіргізстану Курманбек Бакіеў атрымаў палітычны прытулак у Беларусі, улады Кіргізстану дамагаюцца яго выдачы. У Менску бачылі і брата экс-прэзыдэнта Жаныша Бакіева.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG