Начальнік галоўнага ўпраўленьня па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю МУС Кіргізстану Мірлан Каніметаў паведаміў кіргіскай службе Радыё Свабода, што інфармацыя аб забойстве крымінальнага аўтарытэту Алмамбета Анапіяева была атрымана і ў дадзены час ўдакладняецца.
Копію пашпарта грамадзяніна Расеі з фатаграфіяй Алмамбета Анапіяева, выдадзенага на імя Шакірава Алмазбэка Мійзамавіча, і фатаграфію акрываўленага цела крымінальнага лідэра спэцслужбы Беларусі перанакіравалі ўладам Кіргізстану.
Начальнік аддзелу інфармацыі і сувязяў з грамадзкасьцю Сьледчага камітэта Рэспублікі Беларусь Сяргей Кабаковіч сказаў карэспандэнту беларускай Свабоды, што такой інфармацыі ў прэс-службе няма і ён ня можа пацьвердзіць ці абвергнуць гэтыя зьвесткі.
Алманбета Анапіяева называюць чалавекам кляна братоў Бакіевых, якія з волі Аляксандра Лукашэнкі атрымалі прытулак у Беларусі. На радзіме Бакіевых абвінавачваюць у забойствах і іншых цяжкіх злачынствах. Сам Анапіеў знаходзіўся ў вышуку па лініі Інтэрпол па запыце Кіргізстану.
Вядома, што ў сярэдзіне сьнежня 2014 году яго арыштавалі ў Абу Дабі.
Анапіеву і прыпісваюць блізкае сяброўства з Жанышам Бакіевым, братам экс-прэзыдэнта Кіргызстана Курманбэка Бакіева.
Жаныш Бакіеў знаходзіцца ў вышуку Інтэрпола па падазрэньні ў выкраданьні людзей, шкодзе для жыцьця і здароўя, нацыянальных і міжнародных злачынствах.
Яшчэ ў 2010 годзе часовы ўрад Кіргізіі прызначыў грашовую ўзнагароду за рэальнае садзеяньне ў вышуку і лоўлі гэтых злачынцаў у суме ад 20 да 100 тысяч даляраў ЗША.
Прысутнасьць Жаныша Бакіева ў Менску калісьці выпадкова зафіксаваў грамадзкі актывіст Міхаіл Пашкевіч, зрабіўшы фота на вуліцы.
Фотаздымкі, апублікаваныя Міхаілам Пашкевічам у фэйсбуку, выклікалі міжнародны скандал. 21 жніўня 2012 Міністэрства замежных справаў Кіргіскай Рэспублікі накіравала ў МЗС Беларусі вэрбальную ноту «аб прыняцьці вычарпальных мер па больш хуткім затрыманьні грамадзяніна Бакіева Жаныша Саліевіча і наступнай яго экстрадыцыі ў Кіргіскую Рэспубліку». Не дачакаўшыся рэакцыі на свае патрабаваньні, Міністэрства замежных справаў Кіргізстану з 24 жніўня 2012 адклікала ў Бішкек свайго надзвычайнага і паўнамоцнага амбасадара ў Беларусі Эрыка Асаналіева для правядзеньня кансультацый.
Расейскі журналіст Аркадзі Дубноў, які праходзіў сьведкам па справе аб забойстве былога кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Кіргізстану Мэдзета Садыркулава, былога дырэктара Інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў Сяргея Сьлепчанкі і іх кіроўцы Кубата Сулайманава, распавядаў Радыё Свабода:
«Думаю, што Жаныш Бакіеў сапраўды забойца ў самым праўдзівым сэнсе гэтага слова. Нават калі ён сваімі рукамі не душыў, не забіваў. Нават больш за тое — упэўнены, што калі б працэс адбыўся ў Бішкеку з удзелам Жаныша Бакіева, то ў адрозьненьне ад мноства такіх працэсаў, якія праходзяць у апошнія гады ў Бішкеку, ён быў бы даведзены да канца. Яго віна судовым чынам была б даказаная».
---
Алманбэт Анапіяеў нарадзіўся 17 жніўня 1973 г. У 2003 годзе быў асуджаны па абвінавачваньні ў рабаваньні на восем гадоў пазбаўленьня волі, але праз тры гады быў датэрмінова вызвалены.
У студзені 2011 года яму было завочна прад’яўлена абвінавачваньне па артыкулах 123 (выкраданьне чалавека), 168 (разбой) і 125 (незаконнае пазбаўленьне волі) КК КР, пасьля чаго ён быў аб’яўлены ў міжнародны вышук. Паводле неафіцыйных дадзеных, Анапіяеў апошнія некалькі гадоў пражываў у ААЭ.
У 2012 годзе ўлады ЗША ўключылі яго разам зь іншым крымінальным аўтарытэтам Камчы Кальбаевым ў чорны сьпіс у якасьці сябра міжнароднай крымінальнай групоўкі, на яго рахунак быў накладзены арышт.