Затрыманы 24 лютага ў Бішкеку 25-гадовы Гулжыгіт Абілазізаў быў целаахоўнікам забітага ў Менску крымінальнага аўтарытэта Алманбета Анапіяева. Ён праходзіць падазраваным у справе забойства Анапіяева.
Пра гэта паведамляюць кіргіскія мэдыі. Паводле kabarlar.org, целаахоўнік Гулжыгіт Абілазізаў, асьцерагаючыся за сваё жыцьцё, добраахвотна здаўся кіргіскім уладам. Міністар унутраных спраў Кіргізстану Меліса Турганбаеў сказаў, што супрацоўнікі МУС сустрэлі яго ў аэрапорце «Манас». Гульжыгіт Абілазізаў у паказаньнях паведаміў, што да забойства датычны сваяк зрынутага прэзыдэнта Кіргізстану Курманбэка Бакіева, які цяпер жыве ў Беларусі, Жаныш Бакіеў.
Ён апазнаў магчымых забойцаў Анапіяева на фотаздымках.
Паводле агенцтва КірТАГ, забойства на мінулым тыдні ў Менску кіргіскага крымінальнага аўтарытэту Анапіяева выклікала багата пытаньняў пра абставіны і прычыны гэтага злачынства.
Труп Анапіяева з шматлікімі колата-рэзанымі ранамі быў знойдзены нібыта ў багажніку аўтамабіля Mercedes-Benz, узятага напракат у знаёмага. Пры забітым знайшлі пашпарт на імя грамадзяніна Расеі Алмазбека Шакірава. Аднак у забітым сваякі апазаналі Анапіяева.
«Акалічнасьці забойства выклікалі нямала чутак і абмеркаваньняў, але зразумела адно — да забойства датычныя ўплывовыя людзі, бо Анапіяеў лічыўся правай рукой „злодзея ў законе“ Камчы Кальбаева і адным зь лідэраў крыміналітэту Кіргізстану», — адзначае агенства.
Анапіяеў увесь час меў пры сабе целаахоўніка, якога пачалі шукаць беларускія і кіргіскія праваахоўнікі, атрымаўшы інфармацыю пра забойства.
Целаахоўнік Гулжыгіт Абілазізаў, затрыманы і дапытаны ў Бішкеку, сказаў, што нібыта сярод забойцаў і арганізатараў забойства ёсьць набліжаныя Жаныша Бакіева, які жыве ў Менску, — Рустам Сайдуеў і Айбек Абдразакаў.
Паводле дадзеных кіргіскага МУС, названыя Абілазізавым імаверныя выканаўцы злачынства знаходзяцца ў вышуку і лічацца аднымі з удзельнікаў забойства экс-кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Медзета Садыркулава, арганізаванага Жанышам Бакіевым — братам экс-прэзыдэнта Кіргізстану Курманбека Бакіева.
Як піша газэта «Дело №», Рустам Сайдуеў, этнічны чачэнец, зьявіўся ў асяродзьдзі Жаныша Бакіева ў 2008 годзе на пасадзе афіцэра службы дзяржаховы, а Айбек Абдразакаў — экс-начальнік галоўнага ўпраўленьня па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю кіргіскага МУС.
Таму ў МУС не выключаюць, што да забойства Анапіяева датычны Жаныш Бакіеў. Гэтая вэрсія выглядае імавернай яшчэ і з улікам месца злачынства — Менску. Хоць і незразумела, навошта брату экс-прэзыдэнта спатрэбілася ліквідаваць ляяльнага крымінальнага аўтарытэта, які на яго працаваў.
Паколькі афіцыйных заяў ад міністэрства ўнутрнах спраў няма, у інтэрнэце ўжо зьявіліся розныя вэрсіі забойства Анапіяева. Паводле адной зь іх, у Менску нядаўна прайшла сустрэча з удзелам Садыра Жапарава, Даніяра Усенава, Алманбета Анапіяева і старэйшых Бакіевых. Яны, нібыта, абмяркоўвалі бліжэйшыя пляны — як дэстабілізаваць сытуацыю ў Кіргізстане. Магчыма, Анапіяеў не сышоўся ў поглядах з Жанышам Бакіевым, паведамляе КірТАГ.