Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лекар з Арцёмаўску пра людзей на лініі фронту: Усе паміраюць аднолькава


паранены ўкраінскі салдат у Арцёмаўску
паранены ўкраінскі салдат у Арцёмаўску

Інтэрвію з хірургам шпіталя ў Арцёмаўску Дзьмітрыем Бондарам, якія перайшоў на бок Украіны з «ДНР». Піша Антон Наумлюк.

Нягледзячы на абвешчанае перамір’е, у зоне канфлікту паміж украінскай арміяй і сэпаратыстамі працягваюцца сутыкненьні. На сустрэчы міністраў замежных спраў краінаў «нармандзкай чацьвёркі» было вырашана падоўжыць мандат місіі АБСЭ на ўсходзе Ўкраіны. Не спыняюцца абстрэлы вёскі Пескі, разьмешчанай непадалёку ад Данецкага аэрапорта, паведамляецца пра надыход сэпаратыстаў у раёне Шырокіна пад Марыюпалем.

Дзьмітры Бондар
Дзьмітры Бондар

«Гарачай кропкай» ў распаленым Данбасе застаецца і горад Арцёмаўск, які пасьля сыходу ўкраінскага войска з Дэбальцава апынуўся на перадавой лініі фронту. Тут, у Арцёмаўску, у шпіталі лекуюць параненых ўкраінскіх вайскоўцаў — але ня толькі іх, бывае, што мэдычную дапамогу даводзіцца аказваць і тым, хто ваюе «з таго боку». Пра гэта карэспандэнту Радыё Свабода Антону Наўмлюку распавёў лекар-хірург арцёмаўскага шпіталя Дзьмітры Бондар, які яшчэ ў мінулым годзе працаваў на баку «ДНР».

Бондар: Я наагул з таго боку, я там працаваў. 18 ліпеня ўсё пачалося ў нас. Я паехаў на працу. І пачалося: у Арцёмаўск везьлі нацгвардыю, «данбасаўцаў» і 128-ю брыгаду, а нам везьлі партызан, як іх тады называлі. Да 31 жніўня мы жылі на працы, таму што сысьці было немагчыма, пастаянныя абстрэлы плюс параненыя, цывільныя, мірныя. Потым мы выйшлі самі. Працу трэба было шукаць. У Папаснай быў не варыянт, таму што там шпіталь ледзь дыхаў. Уладкаваўся сюды працаваць. За гэты час было ў нас... ну, асабіста ў мяне чацьвёра байцоў з таго боку. Скажам так, дапамога ім аказваецца ў поўным аб’ёме, абсалютна ў поўным. Тут нават справа ня ў тым, хто яны, адкуль яны, што яны, а справа ў тым, што яны таксама людзі, паміраюць сапраўды гэтак жа, і яны ўжо не байцы, груба кажучы. Лекуем па поўнай праграме, апэруем. Апошні выпадак быў танкіст-наводчык, 25 гадоў — апёк дыхальных шляхоў, апёк твару, вочы пацярпелі сур’ёзна. Лячылі. І плязму пералівалі, і кроў пералівалі, падышла, як гэта ні дзіўна (сьмяецца). Зрабілі ўсё па поўнай праграме.

Параненыя ў арцёмаўскім шпіталі
Параненыя ў арцёмаўскім шпіталі

Да гэтага былі таксама, пара трапіла да нас. Яны заехалі на наш блёкпост, гэта яшчэ было ў кастрычніку, там іх прынялі. У багажніку зброя была. Раненьне ў сьцягно, пералом сьцягна быў. Праапэравалі, месяц ён у нас ляжаў, лячыўся. Потым яго абмянялі, як я зразумеў. Гэта значыць, дапамога аказваецца ў поўным аб’ёме. Я скажу больш, калі б тады, летам і вясной, не было б вось гэтых неабдуманых заяваў [Міхаіла] Коваля (на той момант — міністар абароны Украіны. — РС), калі ён сказаў, што ўсіх з Данбаса [трэба] ў лягеры загнаць, калі там цётка таксама, адмарожаных на ўсю галаву, Фарыён, па-мойму, стала заяўляць, што нас тут усіх трэба расстраляць і ў турму пасадзіць... Гэта было сказана па «Інтэру», па цэнтральным канале. Калі б ня гэтыя заявы, у гэтых дзяцей было б нашмат менш пасьлядоўнікаў. Я скажу больш, на тым баку, у тых гарадах, якія абстрэльваюць, іх вельмі мала... пішуць ўжо на платах і на слупах: «Казакі, прэч адсюль!» Я ўчора быў у Папаснай, я сам адтуль родам, абстрэлы працягваюцца. А людзі там разумеюць, што калі страляюць гэтыя, то рана ці позна паляціць нешта ў адказ. Рана ці позна! І ўсё гэта выдатна разумеюць, што калі ідзе ўжо гэта справа, а яны [сэпаратысты] працягваюць страляць... Вось літаральна ўчора я сам быў там і чуў — абстрэл і ўсё іншае. Лячыць іх трэба, лечым іх цалкам, гэта нават без пытаньняў. Па дзьвюх прычынах. Па-першае, таму што рэфлекс, таму што лячыць трэба, а па-другое, памяняць можна будзе.

Свабода: Як сэпаратысты самі ставяцца да вас і да таго, што ім аказваюць тут дапамогу?

Бондар: Ды нармальна яны ставяцца. Да іх жа таксама даходзіць. І я скажу так. Тыя, хто былі ідэйныя, іх ужо выбілі. Тыя, хто пайшоў туды і выжыў, так, яны ўжо ня хочуць ваяваць. Калі б ня вось гэтыя вось пастаўкі зброі, калі б ня гэтыя вось казачкі, гэта ўсё б ужо даўно б сьціхла. Ну няма ў міліцыі на складах танкаў і «Градаў», і бесьпілётнікаў! Ну, няма іх там і не было ніколі! Спачатку так, гэта былі міліцэйскія гэтыя, у іх было там тры мінамёта, якія дзе яны ўзялі, я ня ведаю, але... Але тое, што зараз... бесьпілётнікам кіраваць за месяц не навучысься, ды і за два, я думаю, не навучысься.

Калі б не пастаўкі зброі, гэта ўсё б ужо даўно спынілася. Я адно не магу зразумець: чаго яны хочуць. Я рэальна не магу гэтага зразумець. Ня хочуць пускаць у Эўропу? Ну, дык нас туды ніхто ня возьме, Украіну, у бліжэйшыя 20 гадоў, я так разумею. Нікому не патрэбны камень на шыі. Хочуць зьнішчыць эканоміку? Так яе ўжо няма. І гэта можна было зрабіць прасьцей, нашмат прасьцей. Колькі ў іх людзей у Вярхоўнай Радзе — усё можна было вырашыць. Навошта гэта ўсё, я не магу зразумець.

Баец арміі "Наваросіі" трымае артылерыйскі снарад
Баец арміі "Наваросіі" трымае артылерыйскі снарад

Свабода: З тых, хто да вас трапляў, гэта мясцовыя жыхары або з Расеі прыехалі?

Бондар: І мясцовыя былі, і расейцы былі. Сам асабіста дваіх расейцаў лячыў. Ну, чалавекі 3-4 былі мясцовыя.

Свабода: А гэтыя расейцы — добраахвотнікі або вайскоўцы ў адпачынках?

Бондар: Гэта былі і добраахвотнікі, і вайскоўцы ў адпачынках так званых. Мяркуючы па тым, як яны трымаюць зброю і валодаюць ёй... Спачатку гэта былі адэкватныя хлопцы, рэальна адэкватныя, з таго боку. Гэта значыць, яны дапамагалі цывільным, не было правакацый, кармілі, забясьпечвалі нешта. Потым усё памянялася, прычым даволі рэзка памянялася. Недзе ў кастрычніку-лістападзе рэзка усё зьмянілася. Пайшлі правакацыі вось гэтыя незразумелыя, навошта там. Я кажу менавіта па сваім раёне, вось тут, што я бачу, што я ведаю дакладна ад людзей. Яны сталі набіраць ўжо масу неадэкватных, якія альбо некалькі тэрмінаў адседзелі, альбо... Спачатку яны вывелі ўсіх наркаманаў, яны іх загналі на грамадзкія працы. Вывелі ўсіх бандытаў, зачынілі ўсе наркакропкі. Ну, мястэчкі ж маленькія, усе ведаюць усе. Рэальна яны ганялі наркаманаў. Затым усё рэзка зьмянілася. Сталі ўжо... Скажам так, ім гэта ўсё роўна стала. Ім зрабілася галоўнае — вайна. Ім ня важна, што будзе тут пасля вайны, як будзе пасля вайны, як будуць жыць людзі, дзе яны будуць жыць. Ніхто ня стаў думаць пра тое, як ня трапіць у жылы дом або патрапіць кудысьці яшчэ.

Навошта абстрэльваць жылы сэктар, там, дзе ніколі не было байцоў, мне таксама незразумела. Што тычыцца мірных, вельмі шмат іх было, пачынаючы дзесьці са сьнежня месяца. Вельмі шмат пайшло мірных! Я нават не кажу пра мужыкоў, мужыкі маладыя, якія баяздольныя, а гэта бабулі па 80 гадоў, гэта дзяды такога ж узросту, гэта мінна-выбухная траўма, дзеці, 7 гадоў, 8 гадоў. Адкрытыя пераломы і ўсё іншае. Вось 13-га чысла гэтага месяца, калі ласка, на мясакамбінат прыляцелі — ніводзін вайсковец не пацярпеў. У Арцёмаўск. Ніводзін ваенны! Патрапіла выразна ў мірны раён. Калі б трапіла ў сам мясакамбінат, горада б не было, таму што там аміяк, і было б вельмі весела. Было ў нас сямёра параненых і двое 200-х — маладая жанчына і дзіця. Гэта «сьмерч» прыляцеў, касэтны. Я ўчора быў у Папаснай, горад вельмі пабіты. Ня так, як Першамайск, але... Першамайск пабілі, вядома, вельмі моцна! У першыя дні. Я таксама не разумею, навошта гэта было правакаваць, таму што з Першамайску фактычна нічога не ляцела, а туды ляцела фактычна па 120-150 снарадаў. Толькі снарадаў з артылерыі, за дзень. Гэта рэальна было, гэта ляцела. Стаяла батарэя, 128-й дывізіён, супрацьтанкавы, і ляцела. Я размаўляў з бацькамі, яны там, дома былі, чую — ба-бах... «У нас прылёт». Гэта яшчэ больш справакавала народ, разумееце. У першую чаргу, я думаю, пачалося ўсё са Славянску. Можна было зачысьціць гэты горад без артылерыі.

Танкі сэпаратыстаў пад Данецкам
Танкі сэпаратыстаў пад Данецкам

Свабода: Мясцовыя жыхары неяк мяняюць свой настрой?

Бондар: Так. Мясцовыя жыхары мяняюць свой настрой. Скажам так, на той тэрыторыі засталіся яшчэ тыя, якія вераць у гэтую ідэю «рускага сьвету» і ўсё астатняе, ёсьць такія, так, але большасьць выдатна разумее, што добрага нічога з гэтага ня выйдзе. Расеі не патрэбныя гэтыя тэрыторыі, абсалютна не патрэбныя. Разбураны горад з галодным насельніцтвам, бяз газу, сьвятла, з разбуранымі дамамі — ён нікому не патрэбны. І гэтыя аднаўленьні ... Так, аднаўленьні ішлі, але гэта была больш прапаганда.

Разьбітае Дэбальцава — што яны зь ім будуць рабіць? Ну, дарогі яны адрамантуюць, а дамы? А хто будзе працаваць? А дзе людзям жыць? А водазабесьпячэньне, а ўсё астатняе? Калі па вялікім рахунку ўзяць, тут нікога абсалютна не хвалявала, пакуль не пачыналі нагнятаць па мове вось гэты момант, усім было напляваць.

Пачынаюць закручваць гайкі, пішыце гісторыю на ўкраінскай — мне гэта нязручна! Я выдатна разумею, з другой клясы чытаю свабодна на ўкраінскай, але мне няёмка пісаць! Пачынаюць нагнятаць — пачынаецца супрацьдзеяньне. Гэта нікому ня трэба, народ больш цікавіла праца і заробак. Зараз мы разумеем, як добра жылі тады, да вайны. І зараз нам усё роўна, які курс даляра. Цяпер бы перасталі страляць — і людзі б вярнуліся ў асноўным і сталі б аднаўляць як-небудзь што-небудзь. Калі б усё гэта скончылася, усе гэтыя курсы даляра, усё гэта — дробныя непрыемнасьці ў параўнаньні з залпавай артылерыяй. Вось так вось!

Разбураны дом у Дэбальцава
Разбураны дом у Дэбальцава

Свабода: А да вас стаўленьне нармальнае, у сувязі з тым, што вы працавалі на тым баку?

Бондар: Стаўленьне было нармальнае, скажам так, спачатку. Потым... ну, па-рознаму. Мне асабіста зьяўляцца там, скажам, не асабліва хочацца. Ды мяне туды і ня пусьцяць. У Луганску я размаўляў з хлопцамі — у прынцыпе, горад існуе. Не жыве, але існуе. Грошай ня плацяць, людзі на працу ходзяць па інэрцыі, каб не сядзець дома. Тут ёсьць які-ніякі закон, парадак. Калі, дапусьцім, тыя ж армейцы пачынаюць выпіваць і дзівачыць, на іх ёсьць камэндатура, на іх ёсьць, у рэшце рэшт, звычайная міліцыя, то там усяго гэтага няма. Зноў жа, па Першамайскім — там з крамаў выграблі ўсё. Машыны пазабіралі. Ну, рэальна, гэта мы бачылі!

Пайшлі ў кіно, ваенны нейкі фільм быў, па ходзе дзеяньня мінамётны абстрэл — дык я пад лаўку ледзь не забіўся (сьмяецца). Рэфлекс ўжо спрацоўвае проста. Момантам вучыць! Зноў жа прапаганда працуе вельмі добра.

Паранены ўкраінскі салдат
Паранены ўкраінскі салдат

Свабода: Ці вяртаюцца мірныя жыхары, якія ехалі на тэрыторыю Расеі?

Бондар: Вяртаецца вельмі шмат! Жыльлё, праца, свой дом, свая кватэра. Ды свой горад, у рэшце рэшт! Калі зараз спыняцца абстрэлы, дай Бог, народ туды вернецца і будзе ўсё аднаўляць. Па вялікім рахунку, людзям, якія жывуць у лініі фронту, ім усё роўна, якая ўлада, ім абы ня лётала. Тое, што будзе горш ці лепш, гэта будзе потым. Зараз галоўнае — каб ня ляцела, разумееце. Вось гэта асноўнае. Прычым на аўтамат ўжо нават увагі не зьвяртаеш, на чэргі. Сьвіст, міна, «Град» — гэта так. За ўвесь гэты час, пачынаючы зь верасьня і па сёньня, два ці тры кулявыя раненьні было, і то гэта снайпэры. Астатняе — гэта аскепкі, гэта артылерыя. Гэта вайна артылерыі, вось пра што ўся гаворка ідзе, разумееце. Гэта вайна артылерыі. А што такое артылерыя? Тут жа адзін горад плаўна пераходзіць у іншы, мяжы няма фактычна. Вось Горлаўка, вось Нікітаўка — гэта адно і тое ж. Першамайск, Папасная, Горск, Залатое, Бранка, Стаханаў — калі хочаш праехаць па нармальнай дарозе, па асьветленай, едзеш да Луганску праз гэтыя гарады. Дарога ўсюды асьветленая фактычна, едзеш па горадзе. І тут прымяняецца артылерыя. А лячыць іх трэба ўсіх! І паміраюць усе аднолькава. І ўнутры ўсе аднолькавыя. Таму дзявацца нам няма куды. І вельмі шкада, як мы жылі добра...

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG