Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Першы помнік Рыгору Барадуліну


Кніга, Рыгор Барадулін - Дзённік і запісы
Кніга, Рыгор Барадулін - Дзённік і запісы

Да 80-х угодкаў Рыгора Барадуліна выйшаў у сьвет том ягоных дзёньнікаў, запісаў і біяграфічных матэрыялаў. Выданьне ажыцьцявіла Згуртаваньне беларусаў сьвету «Бацькаўшчына», а ўклала ёмістую кнігу Натальля Давыдзенка, якая сёньня будзе госьцяй перадачы.

— Натальля, існуе нямала незвычайных гісторый, зьвязаных зь пісьменьніцкімі дзёньнікамі. Скажам, дзёньнік Міхаіла Прышвіна стаў ці не галоўным ягоным творам. Леў Талстой вёў патаемны дзёньнік, які называўся захаляўным. Максім Багдановіч пакінуў гэтак званы Крымскі дзёньнік, які да гэтай пары цалкам не прачытаны. А што ўяўляе зь сябе дзёньнік Рыгора Барадуліна?

— У Рыгора Барадуліна было, умоўна кажучы, некалькі дзёньнікаў — самы першы, школьны, шчасьліва адшуканы ва Ўшачах. Гэта запісы васьміклясьніка, зробленыя ў 1951 годзе. Другі дзёньнік — студэнцкі, які будучы паэт вёў студэнтам першага і другога курсаў БДУ (1955-1956). Далей — дзёньнікавыя запісы, якія рабіліся ў паездках. Барадулін заўсёды браў з сабою нататнік і на хаду, бегла занатоўваў усё, што яго цікавіла. А цікавіла яго абсалютна ўсё — як людзі жывуць, як апранаюцца, якія звычаі маюць. Мы можам разам з паэтам апынуцца ў Эстоніі (1960 год), у Краснаярскім краі, Туве і Хакасіі (1964), у Латвіі (1964, 1966, 1967), на Далёкім Усходзе (1965), у Крыме (1966), у Азэрбайджане (1967), ва Ўзбэкістане (1968) і г. д. Асабліва ён любіў езьдзіць у Прыбалтыку і Азію. Азія яго надзвычай цікавіла. Калі паэт зьезьдзіў у Туркмэнію, у яго было такое ўражаньне, быццам пабываў у казцы.

Натальля Давыдзенка
Натальля Давыдзенка

— Студэнцкі дзёньнік займае амаль сто старонак. Якім ён быў — студэнт БДУ імя Леніна Рыгор Барадулін?

— Студэнцкае жыцьцё было вельмі інтэнсіўным. Ён вельмі актыўна ўдзельнічаў у розных мерапрыемствах. Разам зь сябрамі хадзіў ахвотна ў тэатры — і ў Опэрны, і ў Купалаўскі, і ў Горкаўскі, і на канцэрты — куды толькі можна. Такое адчуваньне, што ён імкнуўся ўсё ўбачыць, усё праслухаць, нават калі ня ўсё разумеў. А яшчэ ж была праца над газэтай «Слова філёляга», даводзілася часта выступаць на вечарынах. Барадулін-студэнт — вельмі вясёлы, адкрыты для сяброўства і абсалютна не крыўдлівы. Спрэчкі і сутыкненьні ён успрымаў лёгка, разумеючы, што ўсё гэта пройдзе. Ва ўсіх студэнцкіх запісах адчуваецца радасьць жыцьця.

— У падрыхтаванай вамі кнізе публікуецца і безьліч невядомых твораў. Прыкладам, паэма «Зацьвітаюць купавы». Чаму яна не друкавалася ў свой час? З-за цэнзуры?

— На жаль, я не пасьпела спытацца пра гэта ў самога Барадуліна. Паэма напісаная на вельмі прыстойным узроўні, мяне яна проста ўзяла за душу, хоць і стваралася дастаткова рана — 1958-1959 гады. Відаць, нехта са старэйшых не параіў уключаць паэму ў першую кнігу, і ён паслухаўся. А потым проста забыўся пра яе. Я вельмі рада, што паэма нарэшце надрукаваная. У ёй расказваецца пра партызанскую блякаду на Ўшаччыне, падчас якой загінуў бацька паэта. Потым тыя самыя матывы будуць выкарыстаныя ў іншых паэмах.

— Барадулін быў прызнаным майстрам эпіграмаў, бліскавічных экспромтаў. Ці шмат твораў такіх жанраў вам удалося знайсьці?

Эпіграмы і экспромты Барадулін пісаў на розных мовах — па-беларуску, па-расейску, нават па-ўкраінску.

— Іх колькасьць вялізная. Эпіграмы і экспромты Барадулін пісаў на розных мовах — па-беларуску, па-расейску, нават па-ўкраінску. Дасьціпныя, часам гарэзьлівыя. Скажам, пасьля паездкі ва Ўзбэкістан разам зь зямлячкай Еўдакіяй Лось Рыгор Іванавіч напісаў двухрадкоўе: «Коль на дружбу повелось — / ваш ишак, а наша Лось». Ці не з тае самае паездкі эпіграма на Анатоля Вярцінскага: «Вхож в секретарскую обитель, / толкающий на встречах спич, / полу-парторг, полу-мыслитель / и вообще — полу-Ильич». А вось эпіграма на Чынгіза Айтматава: «Чтоб депутатом в чёрном авто / ездить среди депутатов, / я русский бы выучил только за то, — / промолвил Чингиз Айтматов». А вось якім паўстае пад пяром Барадуліна выдавецкі рэдактар Іван Казека: «Мне, каралю салідных кніг, / быць пільным трэба кожны міг. / Трымаю акуляры ледзь / з-за тоўстых шыбаў, / гляджу, каб як не праглядзець / ідэйных хібаў». А вось штрышок да партрэта Шамякіна: «Як сказаў Іван Шамякін, / болей пі і меней вякай». А вось характарыстыка аднаго крытыка-пагромшчыка: «Герцовіч Якаў горка плакаў: / жыць мала, а ня ўсіх абкакаў». Побач з гарэзьлівымі, сьмешнымі і вясёлымі эпіграмамі сустракаюцца і асабліва зьедлівыя. Барадулін іх нікому не чытаў, нават не ўспамінаў пра іх.

— Публікацыя чыіхсьці дзёньнікаў, лістоў і эпіграмаў — справа заўсёды рызыкоўная. Напрыклад, дочкі Янкі Брыля не сьпяшаюцца публікаваць бацькаў дзеньнік (5 000 старонак!). І я іх разумею — жывуць людзі, кагосьці нейкія словы ў тых дзёньніках могуць пакрыўдзіць. Сыходзячы з гэтага, ці даводзілася вам рабіць купюры ў дзёньніках і запісах Барадуліна?

— Разы два-тры, ня больш. Таксама ня ўсе эпіграмы друкуюцца. Разумееце, у сучасьнікаў паміж сабой асаблівыя адносіны. Нехта некага недалюблівае, яны спрачаюцца і г. д. Нам трэба ўспрымаць гэта як адзнаку часу, а не як чыюсьці крыўду на некага. Гэтая праблема паўстае перад кожным публікатарам падобных тэкстаў. У нас была гаворка з Рыгорам Іванавічам пра тое, што можна пусьціць у друк, а што — не. Публікатар павінен думаць пра далікатную падачу матэрыялу, але, наколькі гэта магчыма, не прыгладжваючы аўтара.

— У гэтай кнізе, якую можна лічыць першым помнікам Рыгору Барадуліну, вы апублікавалі і некаторыя тэксты, прысьвечаныя яму. Сярод іх ажно тры належаць Ларысе Геніюш. Хто яшчэ зь літаратараў дамалёўвае ў кнізе барадулінскі аўтапартрэт?

— Магу згадаць вершы Васіля Зуёнка, Генадзя Бураўкіна. Тэкст Бураўкіна — на фота, падпісаным сябру яшчэ ў 1956 годзе. А прысьвячэньнямі Ларысы Геніюш (усе — 1968 год) Барадулін вельмі даражыў. Вось адно зь іх:

Рыгор — гэта крыгі напорам трашчаць,
Вясны жыцьцядайнай парывы.
Рыгор — гэта гром на зары ў сенажаць,
Маланкі тнуць хмары праз грывы.
Рыгор — то пярэкліч харошых радкоў,
Што з розумам, з сэрцам гавораць.
Рыгор — беларуская верная кроў,
Народная, шчырая гордасьць!
Рыгор — то бунтарны няхрышчаны храм,
Вір грознай усьпененай брагі.
Рыгор — гэта шчодрая чарка сябрам,
Грукат сэрца пад роднай сярмягай.
У Рыгора ня дарам гучыць: барада,
З роду ў род Барадуліных спорыць.
Рыгор — вера, роздум, а перш — грамада,
Рыгор — гэта гора за горла!

— Які экспрэсіўны гукапіс! Хоць падобнымі прыёмамі Ларыса Антонаўна, трэба прызнаць, не захаплялася... У 1996-2002 гадах у выдавецтве «Мастацкая літаратура» выйшаў чатырохтомнік Барадуліна. Здаецца, тамоў спачатку мелася быць больш. Пасьля працы з барадулінскім архівам вы можаце сказаць, колькі тамоў складзе будучы поўны збор твораў народнага паэта?

Мы нават не ўяўляем, колькі Барадуліным напрацавана!

— У «Мастацкай літаратуры» мусілі выйсьці пяць тамоў, я гэта ведаю дакладна. Пяты том (пераклады) быў скарочаны выдавецтвам. Мне вельмі шкада, што пазьней ніхто так і ня ўзяўся асобна выдаць выдатныя пераклады Барадуліна. А ў яго адных перакладаў — на шмат тамоў. А драматургія перакладная, а лісты, якія таксама пакуль не сабраныя! Ды і працяг дзёньнікаў яшчэ будзе. Таму сказаць штосьці канкрэтнае пра будучы поўны збор твораў я не бяруся. Мы нават не ўяўляем, колькі Барадуліным напрацавана! Як чалавек, які меў радасьць дакрануцца да яго творчасьці, я толькі скажу: трэба зьбіраць, трэба выдаваць, і гэта будзе падмуркам для вялікай літаратуразнаўчай працы. Глыбокі, шмат у чым нечаканы Барадулін — яшчэ наперадзе.

  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG