Журналісты незалежнага сайту «Наш Магілёў» сабралі больш за тысячу подпісаў дзеля адбудовы адной з чатырох некалі існаваўшых магілёўскіх брамаў — Дубровенскай.
На яе месцы цяпер пустка і адбудаваць яе, на думку журналістаў, не ўяўляе вялікіх цяжкасьцяў. Ініцыятары збору подпісаў лічаць, што вяртаньне архітэктурнай славутасьці будзе падарункам гораду.
«Узнаўленьне брамы не вымагае вялікіх сродкаў, — кажа адзін зь ініцыятараў звароту да ўлады Ігар Барысаў, — Збудаваньне не складанае ў архітэктурным пляне. Пляцоўка вольная для яе. Можна праводзіць археалягічныя раскопкі, каб вызначаць дакладнае яе месцазнаходжаньне».
На думку Барысава, адроджаная брама можа стаць адным з сымбаляў Магілёва і напамінам пра існаваньне ў горадзе замка.
«Кіраўнік гораду Ўладзімер Цумараў зьвяртаўся да магілёўцаў, каб яны падавалі свае прапановы, якой яны бачаць плошчу Славы. І вось наша прапанова — Дубровенская брама. Яна стане неад’емным атрыбутам самай старой гарадзкой плошчы. І калі цяпер прынята ўсе ініцыятывы дапасоўваць да гадавіны перамогі ў Другой ўсясьветнай вайне, то адбудаваная брама будзе падарункам гораду і гараджанам да гэтай даты».
Ініцыятыву журналістаў ухваляе, дасьледнік магілёўскай даўніны, кандыдат гістарычных навук Ігар Пушкін. На ягоную думку, тое, што зрабілі журналісты можна параўнаць толькі са зборам подпісаў дзеля адбудовы ратушы. За яе падпісалася багата магілёўцаў і зьнішчаную ратушу вярнулі зь нябыту:
«Калі цяпер адродзяць браму, то гэта будзе ня менш знакавая падзея. Цяпер ніхто ня ставіць пад сумнеў, што ратуша патрэбна. Тое ж будзе і з брамай»,— перакананы гісторык Ігар Пушкін.
Паводле гісторыкаў браму зьнішчылі ў 19 стагодзьдзі. Захаваліся яе малюнкі і гравюры. Узьведзеная яна была непадалёк ад Гандлёвай плошчы і была часткай абарончых збудаваньняў гораду. Цяпер Гандлёвая плошча называецца плошчай Славы з адбудаванай гарадзкой ратушай. Да сёньняшніх дзён захаваўся завулак Брамны.
Журналісты зьбіралі подпісы за браму ў межах сваёй кампаніі «Захаваем стары Магілёў». На іх сайце стала разьмяшчаюцца матэрыялы пра архітэктурныя славутасьці гораду і цяперашні іх стан. Сабраныя подпісы перададзеныя ў гарвыканкам.
У Магілёве акрамя Дубровенскай былі Каралеўская, Алейная ды Ветраная брамы. Ніводную не зьбераглі.