Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падатак на нявернутыя пазыкі: справядлівасьць ці пабор?


З 1 студзеня 2015 году атрымальнікі пазыкаў ад фізычных асобаў будуць плаціць падатак у памеры 13% ад атрыманай сумы, калі не пасьпеюць пагасіць доўг на момант падачы дэклярацыі аб даходах.

Выключэньне магчымае толькі ў тым выпадку, калі грошы пазычаныя ў блізкага сваяка, апекуна, папячыцеля альбо падапечнага. Адпаведнае палажэньне прапісанае ў новай рэдакцыі артыкула 178 Падатковага кодэксу.

Новая норма прыйшла на зьмену мякчэйшай, якая прадугледжвала адлічэньні ў бюджэт толькі з пратэрмінаваных пазык, атрыманых у замежных грамадзянаў і арганізацыяў. Цяпер падатак трэба будзе сплаціць зь любой сумы пазыкі, якая застаецца ў пазычальніка на момант падачы дэклярацыі. То бок калі чалавек пазычыў у сябра, знаёмага альбо дальняга сваяка, то павінен заплаціць падатак.

Леанід Заіка
Леанід Заіка

Эканаміст, кіраўнік аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леанід Заіка кажа, што ўвядзеньне гэтай нормы — усталяваньне падатковай справядлівасьці, што гэта барацьба зь непрацоўнымі даходамі. Калі чалавек з зусім невялікімі даходамі купляе дарагія машыны, кватэры, а кажа, што грошы пазычыў:

«Гэта можна ўявіць як магчымы захад, але, так бы мовіць, пралетарскі. Купіў дарагую машыну — заплаці падатак 13%. Пры такім масавым утойваньні даходаў, пры такім падмане заплаціць 13% — не праблема. Нават калі вы пазычылі грошы, гэта ж прыбытак. Да вас грошы прыйшлі. Калі вы ўзялі грошы ў кагосьці, яны прыплюсоўваюцца да вашых прыбыткаў. Як вучоны ў галіне эканамічнай тэорыі я ня бачу ніякіх хібаў. Калі вы пазычылі, вы павялічылі суму багацьця, якое знаходзіцца ў вашым распараджэньні.

Яраслаў Раманчук
Яраслаў Раманчук

Эканаміст, кіраўнік Цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук кажа, што дзяржаве патрэбныя грошы, і яна шукае, дзе іх узяць, прыдумляе, што яшчэ можна абкласьці падаткамі:

«Тут лёгікі і здаровага сэнсу няма, гэта ўжо па-за межамі эканамічнага абгрунтаваньня. Трэба ўзяць з усіх, хто мае дачыненьне да крэдытаў, да фінансаў, да ўкладаў. Я не зьдзіўлюся, калі пачнуць абкладаць падаткамі тое, што людзі будуць здымаць з валютных ці рублёвых дэпазытаў. Хоць задума зразумелая: гэта павінна ўдарыць па тых, хто робіць грунтоўныя пакупкі — дарагія машыны, нерухомасьць, а прыбыткі афіцыйныя мае невялікія».

Сярод прадпрымальнікаў пазычаць грошы ў сяброў і добра знаёмых калегаў — звычайная рэч. Асабліва, калі едуць на закупы. Крэдыт жа не заўсёды возьмеш, а тым больш крэдыт даюць пад вялікія працэнты.

Індывідуальная прадпрымальніца, якая гандлюе на Цэнтральным рынку Гомеля, апавядае:

«Бываюць розныя сытуацыі: я штосьці купляю, і ў мяне бракуе грошай. Вядома, адзін аднаму пазычаем. А дзе іх узяць? У банку? Узяць дзесяць тысяч, а аддаць дваццаць? Гэта сьмешна».

Прадпрымальніца Ірына лічыць, што, пазычыўшы ў каляжанкі грошы, яна, сама таго не жадаючы, вымушана яе падстаўляе пад непрыемнасьці:

«Выходзіць, што ў такім разе я падстаўляю чалавека. Яго могуць пачаць правяраць: адкуль знайшоў сродкі, каб выручыць мяне ў крайняй сытуацыі? Мы ж пазычаем грошы ня толькі дзеля набыцьця дабротаў, але й для лячэньня, і каб дзяцей некуды вывезьці, бо мы ў такой зоне жывём. Выглядае, што я й сяброўцы сваёй дабаўляю ўсякія там праверкі».

Суразмоўніца дзівіцца: і адкуль толькі чыноўнікі вынаходзяць такі досьвед, каб разлучаць людзей, не даваць нараджацца адзінай супольнасьці:

Я ж іх не ў дзяржавы бяру — шукаю сама ў сяброў. І што — дзяржаве за гэта даніну плаціць? За што?

«Ня ведаю, адкуль такі досьвед узялі? І ў якіх краінах ён ёсьць? Чалавек ня мае сродкаў, пазычае іх — і за гэта плаціць дзяржаве даніну! Я ж іх не ў дзяржавы бяру — шукаю сама ў сяброў. І што — дзяржаве за гэта даніну плаціць? За што?»

Што падатак на пазыку толькі разьяднае людзей, кажа й прадпрымальніца Алена:

«Хочуць, каб мы жылі паасобку. Ні сяброўства ня будзе, нічога. Гэта няправільна. Мы пастаянна адзін у аднаго перапазычаем грошы. Едзеш — не хапае грошай. Падыходзіш, просіш: пазыч, калі ласка, праз тыдзень-два вярну. Гэта сяброўскія стасункі. А так я пазычыла — і плачу падатак. Ня будзе ні сяброўства, ні дапамогі».

Яшчэ больш рэзка адклікаецца на спробу лічыць пазыку даходам і абкладаць падаткам прадпрымальніца Марына:

«Я наагул лічу, што гэта праз хваравітую фантазію прыдумана, узбуджаныя мазгі. Гэта натуральны ідыятызм. Гэта мая думка. Пры такім стаўленьні да сваіх людзей у дзяржавы ніколі грошай ня будзе».

Кастусь Жукоўскі
Кастусь Жукоўскі

Гомельскі актывіст Кастусь Жукоўскі згадвае, што калі ён у свой час пачаў актыўна займацца грамадзкай дзейнасьцю, у адказ мясцовыя ўлады распачалі ціск — празь міліцыю, падаткоўцаў. Апошнія запатрабавалі дэклярацыю пра даходы й маёмасьць. Актывіст пазначыў у адной з дэклярацыяў, што частка грошай была падараваная яму з жонкай на вясельле, у тым ліку й сваякамі з Украіны:

«Уся сума, падораная на вясельле, была палічана іншаземнай дапамогаю, якую я нібыта павінен быў задэкляраваць. Я мусіў заплаціць вялікі падатак і штраф за тое, што гэтую суму — каля тысячы даляраў у эквіваленце — не задэкляраваў як даход, атрыманы з-за мяжы. Хоць зразумела, што большасьць падораных грошай не былі замежнымі. А калі й падарылі іх, то гэта цёткі й дзядзькі — нашы сваякі».

За грошы, пазычаныя ў блізкіх сваякоў, апекуноў і г. д., падатак плаціць пакуль што ня трэба.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG