У Капэнгагене, сталіцы Даніі, паліцыянты застрэлілі мужчыну каля чыгуначнага вакзала пасьля таго, як ён пачаў па іх страляніну. Гэта адбылося раніцай у нядзелю, 15 лютага.
Паліцыя спрабуе высьветліць, ці зьвязаны забіты з двума нападамі, зьдзейсьненымі ў горадзе ў суботу і ў ноч на нядзелю, у выніку якіх загінулі два чалавекі і пяцёра былі параненыя.
У суботу ў Капэнгагене невядомыя абстралялі будынак, дзе праводзіўся сэмінар па праблемах ісламу і свабоды слова. Загінуў адзін цывільны, раненьні атрымалі трое паліцыянтаў. Нападніку ўдалося схавацца. На гэтым мерапрыемстве прысутнічалі швэдзкі мастак Ларс Вілкс, аўтар вядомых карыкатураў на прарока Мухамада і амбасадар Францыі ў Даніі Франсуа Зімэрэ. Яны не пацярпелі.
Празь некалькі гадзін адбылася страляніна каля гарадзкой сынагогі. Загінуў чалавек, двое паліцыянтаў атрымалі раненьні. Нападніку таксама ўдалося ўцячы.
У сувязі з падзеямі ў Даніі ўзмоцненыя захады бясьпекі.