Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Армянскі сябра Лукашэнкі, які падарыў Колю бочку каньяку, абвясьціў мабілізацыю супраць прэзыдэнта


Прэзыдэнт Армэніі Серж Саргсян (зьлева) і Гагік Царукян. Архіўнае фота.
Прэзыдэнт Армэніі Серж Саргсян (зьлева) і Гагік Царукян. Архіўнае фота.

Адзін з самых багатых людзей Армэніі і лідэр апазыцыі Гагік Царукян выступіў супраць прэзыдэнта Сержа Сарксяна і заклікаў да масавых акцыяў пратэсту. Улады пачалі перасьлед палітыка.

Сёньня на паседжаньні палітрады партыі «Квітнеючая Армэнія» яе лідэр Гагік Царукян чарговы раз выступіў з крытыкай уладаў і заявіў аб неабходнасьці зьмяніць іх на наступных выбарах:

«З учорашняга дня склалася сытуацыя, якая патрабуе вырашэньня. Я перакананы, што адзінае рашэньне — гэта поўная зьмена ўлады пры дапамозе датэрміновых прэзыдэнцкіх выбараў».

Яго выступ стаў адказам на ўчорашнія заявы прэзыдэнта Саргсяна, у якіх той назваў Царукяна «злом» для краіны і «псэўдапалітычнай зьявай». Цяпер Царукяну, аднаму з самых багатых людзей краіны, улады закідаюць сыстэматычную няяўку на пасяджэньні Рады Нацыянальнай бясьпекі і нясплату падаткаў.

Нягледзячы на пагрозу перасьледу, Царукян заклікае да «агульнанацыянальнай мабілізацыі», для таго каб усімі законнымі спосабамі, у тым ліку кругласутачнымі мітынгамі, шэсьцямі і дэманстрацыямі, дамагчыся адстаўкі прэзыдэнта Сержа Саргсяна і вызваліцца ад «гэтай улады зла».

«Рыхтуйцеся да барацьбы! Калі выйдзе ўвесь народ — адбудзецца зьмена ўлады, — заявіў Царукян. — Гэтая ўлада павінна неадкладна сысьці, і мы павінны закрыць гэтую бясслаўную і ганебную старонку нашай гісторыі, Армэнію трэба ачысьціць ад гэтай застаялай атмасфэры».

Палітычнае супрацьстаяньне ў Армэніі падаграе драматычнае забойства расейскім салдатам Пермяковым шасьцёх армянаў. 12 студзеня Валеры Пермякоў дэзэртаваў са сваёй часьці на базе Гюмры, пасьля чаго расстраляў з аўтамату сям’ю Авецісянаў і зарэзаў іх шасьцімесячнае дзіця. Пасьля таго ў Армэніі прайшлі масавыя дэманстрацыі, падчас якіх адбыліся сутыкненьні з паліцыяй, у якіх пацярпелі 12 чалавек. Пратэстоўцы патрабавалі ад прэзыдэнта прыбраць расейскую вайсковую базу з тэрыторыі Армэніі.

Алігарх Гагік Царукян мае свае інтарэсы і ў Беларусі. Пачаткам супрацы зь Беларусьсю можна лічыць 2010 год. 30 верасьня ў Ерэване пачаў працу армяна-беларускі цэнтар аптовага гандлю. Тады ж алігарх выказаў сваю асабістую ўдзячнасьць Аляксандру Лукашэнку. Акрамя гэтага, на Ерэванскім каньячным заводзе чакае свайго часу 400-літровая бочка каньяку, заплямбаваная ў гонар Колі Лукашэнкі.

У 2012 годзе Лукашэнка, запускаючы лінію па разьліву армянскага каньяку, уручыў першую бутэльку сузаснавальніку прадпрыемства Гагіку Царукяну.

Партыя Царукяна — цэнтрысцкая «Квітнеючая Арменія» — была створана ў 2004 годзе. Старшынём партыі зьяўляецца Гагік Царукян — дэпутат парлямэнту, кіраўнік Нацыянальнага Алімпійскага камітэту, прэзыдэнт канцэрну Multy Group. У рэйтынгу самых багатых людзей Армэніі, паводле розных ацэнак, Царукян займае месца ў першай тройцы. У цяперашнім парлямэнце партыя Царукяна мае другую па колькасьці фракцыю, валодаючы 36 дэпутацкімі мандатамі з 131.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG