Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каньяк для Колі чакае свайго часу


Армянскі каньяк
Армянскі каньяк

Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка з 12 траўня знаходзіцца з афіцыйным візытам у Армэніі. Сёньня ён сустрэўся з сваім калегам Сэржам Саргсянам. Лукашэнка заявіў, што Беларусь гатовая падтрымаць Армэнію па асноўных кірунках сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця.

Камэнтары да сёньняшняй сустрэчы двух лідэраў вытрыманыя выключна ў афіцыйным тоне. Дзяржаўныя мэдыі абедзьвюх краін пішуць пра «асабліва прыязны характар двухбаковых дачыненьняў» і посьпехі ў супрацы. Аднак афіцыйныя лічбы сьведчаць хутчэй пра адваротнае. Летась гандлёвы таваразварот паміж краінамі склаў усяго 46 мільёнаў даляраў.

Гэтую сытуацыю кіраўнік аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леанід Заіка тлумачыць так:

«Там у нас няма ніякіх асаблівых інтарэсаў, акрамя казіно, каньяку і якіхсьці прыватных гатэляў. Абсалютна! Армэнія знаходзіцца па-за полем нашых стратэгічных інтарэсаў. Яна цяпер найперш скіраваная на здабычу сыравіны. Але робіць гэта з удзелам заходніх кампаніяў. Нейкія прадукты харчаваньня — гэта таксама ня наша. За год толькі 7 мільёнаў імпарту з Армэніі. Гэта наагул драбяза».

Пра каньяк згадалася яшчэ ўчора, як толькі самалёт беларускага лідэра прызямліўся ў аэрапорце Ерэвану. Там Лукашэнку сустрэў вядомы армянскі алігарх, лідэр партыі «Квітнеючая Армэнія» Гагік Царукян. Ён адвёз госьця ў свой асабняк непадалёк ад Ерэвану.

Асабістае багацьце спадара Царукяна ацэньваецца ў паўмільярда даляраў. Ён мае бізнэс у Беларусі. Летась у Менску запусьцілі лінію разьліву армянскага каньяку. На цырымоніі адкрыцьця прысутнічаў Аляксандар Лукашэнка.

У 2010 годзе ў Ерэване пачаў працу армяна-беларускі цэнтар аптовага гандлю. Менавіта тады на Ерэванскім каньячным заводзе Царукян заклаў у гонар Колі Лукашэнкі 400-літровую бочку каньяку. Бочка чакае, калі Коля стане дарослым.

Незалежныя аналітыкі, камэнтуючы цяперашні візыт, адзначаюць: Армэнія і Беларусь — адзіныя краіны, якія адначасова ўваходзяць і ў АДКБ (Арганізацыю дамовы аб калектыўнай бясьпецы), і ў праграму Эўразьвязу «Ўсходняе партнэрства». Афіцыйным Менску і Ерэвану няма неабходнасьці падтрымліваць адзін аднаго ў АДКБ, а вось ва «Ўсходнім партнэрстве» Ерэван лябіруе інтарэсы афіцыйных беларускіх уладаў, — адзначае палітоляг Вячаслаў Пазьняк:

«Уласна кажучы, мы гэта ўжо назіралі. Асабліва на прыкладзе „Эўранэсту“, калі афіцыйная дэлегацыя Армэніі ва „Ўсходнім партнэрстве“ падтрымала не беларускую апазыцыю, а ўрадавых прадстаўнікоў Беларусі. Так было на некалькіх сустрэчах у апошнія гады. І ў гэтым такая падтрымка і праявілася».

Афіцыйны Менск ва «Ўсходнім партнэрстве» падтрымала ня толькі Армэнія, але і такі яе супернік у іншых палітычных раскладах, як Азэрбайджан, — заўважае Вячаслаў Пазьняк:

«У прынцыпе, тут ёсьць цікавае разуменьне таго, што праблемы „Ўсходняга партнэрства“ ў вялікай ступені заключаюцца ў тым, што гэтыя краіны аб’яднаныя альбо дэ-факта аўтарытарнымі рэжымамі, можа, за выключэньнем Малдовы, альбо рэжымамі, якія да гэтага аўтарытарызму схіляюцца».

Беларусь імкнецца падтрымаць добрыя стасункі і з Армэніяй, і зь яе антаганістам Азэрбайджанам, — падкрэсьлівае палітоляг Андрэй Фёдараў:

«Не адна Беларусь у такім стане. Фактычна ўсе краіны, якія маюць тую ці іншую цікавасьць да Каўказу, напрыклад, ЗША, падтрымліваюць адносіны і зь Ерэванам, і з Баку. Тут галоўнае — не зрабіць нейкага перакосу: не ўступаць у нейкія вайсковыя пагадненьні, не пастаўляць зброю, не выступаць у ваенным сэнсе на баку аднаго з удзельнікаў гэтага канфлікту. Калі Ерэван і Баку ня могуць паміж сабой дамовіцца, гэта не прычына, каб рваць адносіны з той ці другой сталіцай».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG