Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менскі мір


Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч

Напярэдадні саміту «Менск-2» зьявілася шмат прагнозаў наконт ягонага выніку. Прычым пэсымізм пераважае. Найперш з той прычыны, што «Менск-1» не прывёў да міру на ўсходзе Ўкраіны. Менскія пагадненьні ад 5 верасьня не выконваюцца, пачалася поўнамаштабная вайна.

І вось новая спроба. Палітыкі кажуць пра апошні шанец прадухіліць вялікую вайну.

Важна адзначыць, што новы раўнд мірнага ўрэгуляваньня ініцыявала Расея, але, як звычайна, вельмі своеасабліва, па той жа схеме, як і ў жніўні мінулага году. Нагадаю, тады спачатку ўзброеныя фармаваньні ДНР і ЛНР пры падтрымцы РФ перайшлі ў наступ, захапілі значныя тэрыторыі — і потым прапанавалі весьці перамовы з пазыцыі сілы. У выніку 26 жніўня ў Менску адбыўся саміт Расеі, Украіны, Беларусі, Казахстану, ЭЗ. Затым 5 верасьня тут жа падпісаныя Менскія пагадненьні аб спыненьні агню, замірэньні.

Цяпер гісторыя паўтараецца. 24 студзеня ДНР і ЛНР пры падтрымцы РФ пераходзяць у пасьпяховы наступ. І адразу ж пасьля гэтага Ўладзімер Пуцін у пасланьні кіраўнікам Нямеччыны і Францыі прапануе свой плян урэгуляваньня ўкраінскага крызісу.

Многія экспэрты даводзяць, што цяперашняе абвастрэньне сытуацыі на ўсходзе Ўкраіны стала вынікам палітычнай неўрэгуляванасьці ўкраінскага крызісу. Бо нельга вырашаць праблему замірэньня асобна ад усяго комплексу праблемаў. І пакуль ня будзе ўсёабдымнага пакетнага вырашэньня канфлікту паміж Расеяй і Ўкраінай (пытаньне фэдэралізацыі Ўкраіны, яе ўступленьне ў НАТО, газавыя супярэчнасьці ды інш.), вайсковыя сутыкненьні будуць працягвацца.

Спрачацца з гэтым цяжка. Але, на мой погляд, гэта ідэальны варыянт. Вельмі хацеў бы памыліцца, але, на маю думку, у сёньняшняй сытуацыі ўсёабдымнае палітычнае вырашэньне канфлікту паміж Расеяй і Ўкраінай немагчымае. Што б там ні падпісалі сёньня на саміце «нармандзкай чацьвёркі» ў Менску лідэры, наўрад ці новае пагадненьне будзе выконвацца. Перш за ўсё Расеяй. Будзе тое самае, што з пагадненьнем ад 5 верасьня. Бо вельмі вялікія супярэчнасьці, і асновы для кампрамісу, на жаль, ня бачна.

А калі так, то трэба было б паспрабаваць дасягнуць лякальных мэтаў, вырашаць праблемы па частках. Калі зыходзіць з рэальнасьці, то варта было б ставіць задачу ўсяго толькі замарозіць канфлікт і спыніць баявыя дзеяньні.

Чаму не адбылося паўнавартаснага замірэньня пасьля дамоваў ад 5 верасьня? Бо не ўдалося разьвесьці бакі канфлікту, не было каму гэта зрабіць, а самі яны ня здолелі ці не захацелі пакінуць баявыя пазыцыі і адысьці назад. Таму пэрыядычна стралялі адзін у аднаго. Праблему маглі б вырашыць міратворчыя сілы. Калі трэба было спыніць вайну на Балканах на мяжы 1990–2000-х гадоў, менавіта міратворчыя сілы паказалі сваю эфэктыўнасьць.

Адразу ўзьнікае пытаньне: зь якіх краін павінны быць гэтыя сілы? Вось кіраўнік самаабвешчанай ЛНР І. Платніцкі заявіў нядаўна, што яны прызнаюць толькі міратворчыя сілы з Расеі і Беларусі. Зразумела, гэта недарэчнасьць. Міратворчыя сілы ня могуць быць з краіны — удзельніцы канфлікту (РФ).

Міратворчыя сілы павінны быць створаныя і дзейнічаць пад эгідай ААН. Дарэчы, там ёсьць адпаведная структура для гэтых мэтаў. Пасылаць свае вайсковыя фармаваньні павінны нэўтральныя дзяржавы, якія не зьвязаныя саюзьніцкімі абавязаньнямі ні з Расеяй, ні з Украінай. Гэта не павінны быць краіны-чальцы АДКБ ці НАТО. У сьвеце звыш 200 дзяржаў, знайсьці ахвотных можна.

Калі палітычнае рашэньне змогуць прыняць, то ажыцьцявіць яго тэхнічна ня стане праблемай. Вось калі Расея і ЗША дамовіліся вывесьці хімічную зброю з Сырыі, то зрабілі гэта хутка, рашуча, эфэктыўна. Апэратыўна былі створаныя адпаведныя структуры, знайшліся людзі, фінансы і інш.

Калі ўдасца ажыцьцявіць гэтую апэрацыю, разьвесьці бакі канфлікту на 50–70 кілямэтраў адзін ад аднаго, агонь спыніцца, надыдзе мір. У выніку мы атрымаем замарожаны канфлікт накшталт Прыднястроўя, Нагорнага Карабаху ці Паўночнага Кіпру.

Думаю, такая сытуацыя будзе ў чымсьці нават выгадная Ўкраіне. Бо час працуе на яе. Справа ў тым, што з надыходам адноснага замірэньня ў верасьні высьветлілася, што эканамічнае становішча ДНР і ЛНР катастрафічнае. Прадпрыемствы не працуюць, людзі не атрымліваюць заробкаў і пэнсіяў. Мясцовыя лідэры аказаліся ня ў стане арганізаваць нармальнае жыцьцё для насельніцтва. Рэгіён на мяжы гуманітарнай катастрофы. І самае галоўнае, у сваёй цяперашняй канфігурацыі ДНР і ЛНР эканамічна абсалютна нежыцьцяздольныя, без аднаўленьня вытворчых сувязяў з Украінай у іх няма ніякіх пэрспэктыў.

Паўстае пытаньне: хто возьме на ўтрыманьне 1,5–2 млн чалавек, якія там жывуць. Украіна адмовілася гэта рабіць, таму што ня мае магчымасьці кантраляваць дадзеную тэрыторыю. Калі ўсё пачыналася, у мясцовага насельніцтва было спадзяваньне, што падзеі будуць разгортвацца паводле крымскага сцэнара, Расея калі не далучыць да сябе ДНР і ЛНР, то ўжо, ва ўсякім разе, возьме на сваё ўтрыманьне. Але ў Маскве прыйшлі да высновы, што рабіць гэта немэтазгодна. Мясцовае насельніцтва — гэта толькі пешка ў вялікай геапалітычнай гульні РФ. Таму Расея абмяжоўваецца гуманітарнымі канвоямі, якіх зусім не дастаткова, каб вырашыць надзённыя праблемы насельніцтва гэтага рэгіёну.

То бок спыненьне вайны, мір, сытуацыя замарожанага канфлікту вяртае ўсіх да рэальнасьці, да ацьверазеньня. На гэта і надзея.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG