Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрапейскія чаканьні на менскія перамовы


Сустрэча ў «нармандскага фармаце» пры ўдзеле лідэраў Украіны, Нямеччыны, Францыі і Расеі ў Міляне. Кастрычнік 2014 году.
Сустрэча ў «нармандскага фармаце» пры ўдзеле лідэраў Украіны, Нямеччыны, Францыі і Расеі ў Міляне. Кастрычнік 2014 году.

Палітыкі ў Эўропе перакананыя, што калі ў Менску ня знойдуць дыпляматычнае рашэньне па Данбасу, ЗША пагодзяцца даць Украіне зброю.

У Менску 11 лютага павінен адбыцца саміт у «нармандзкім фармаце» пры ўдзеле лідэраў, Нямеччыны, Расеі, Украіны, Францыі, на які ўскладаюць вялікія надзеі ў пляне ўрэгуляваньня канфлікту на ўсходзе Ўкраіны.

Гучаць надзеі, што Пятру Парашэнку, Ангеле Мэркель, Франсуа Алянду і Уладзімеру Пуціну ўдасца зрабіць «прарыў», які прынёс бы мір на Данбас. Але таксама гучаць і сумневы, ці сапраўды расейскі прэзыдэнт Пуцін зацікаўлены цяпер у мірным сцэнары.

Ёганэс Ган
Ёганэс Ган

Перад сустрэчай «нармандзкай чацьвёркі» прагучалі надзеі на мэтазгоднасьць выключна палітычнага ўрэгуляваньня і абсалютную непажаданасьць ваеннага, сілавога сцэнару. Камісар ЭЗ па суседзтве і перамовам па пашырэньні Ёганэс Ган наогул заявіў пра чаканьне «прарыву» ў Менску.:

«Я настроены вельмі станоўча адносна чаканьняў ад перамоваў у сераду ў Менску. Спадзяюся, што там мы пабачым прарыў. Таму сыгналы, якія паступаюць ад усіх зацікаўленых бакоў, зьяўляюцца дастаткова абнадзейлівымі. Усе ўсьвядомілі, што час знайсьці рашэньне», — сказаў Ган раней на гэтым тыдні ў Брусэлі.

Ангела Мэркель
Ангела Мэркель

Нямецкі канцлер Ангела Мэркель зьдзейсьніла перад Менскам паездку за акіян, дзе правяла перамовы з прэзыдэнтам ЗША Баракам Абамам. У Амэрыцы — асабліва ў кангрэсавых колах — усё больш вымалёўваецца кансэнсус адносна жаданьня даць Украіне зброю, хоць амэрыканская адміністрацыя пакуль разважае над гэтым, аддаючы перавагу чыста палітычнаму ўрэгуляваньню.

«Я спадзяюся, што мы зможам урэгуляваць гэты канфлікт дыпляматычным шляхам, таму што я лічу, што ён ня можа быць вырашаны ваеннымі сродкамі. Дыпляматычныя намаганьні актывізаваліся з-за паездкі французскага прэзыдэнта і маёй у Кіеў і Маскву. Мы павінны паглядзець, ці будзе дасягнуты прагрэс», — сказала Мэркель пасьля перамоваў у Канадзе, якая актыўна аказвае дапамогу ўкраінскай арміі, але ня зброяй.

Пуцін паважае толькі сілу

Філіп Гаманд
Філіп Гаманд

Кіраўнік брытанскай дыпляматыі Філіп Гаманд, выступаючы ў аўторак у парлямэнце ў Лёндане, сказаў, што эскаляцыя канфлікту ва Ўкраіне, якая назіраецца ў апошні час, была б немагчымая без «ваеннай падтрымкі і стратэгічнага кірунку», якія дае Расея сэпаратыстам.

Ён дадаў, што Расея перакінула ва Ўкраіну сотні адзінак цяжкіх узбраеньняў, уключаючы ўстаноўкі ракетнага агню, цяжкую артылерыю, БТРы, а таксама ва Ўкраіне знаходзяцца сотні салдат рэгулярнай расейскай арміі, уключаючы спэцназаўцаў, а таксама расейскія сродкі супрацьпаветранай абароны, бесьпілётнікі, сродкі электроннага абсталяваньня і гэтак далей.

«Гэта відавочна, што прэзыдэнт Пуцін паважае толькі сілу. Таму будучы аб’яднанымі, выкарыстоўваючы магутнасьці нашых эканомік, наносячы значныя эканамічныя страты Расеі, міжнародная супольнасьць дэманструе рашучасьць даць адпор анахранічным паводзінам Расеі. Пакуль мы ня ўбачым, што Расея прытрымліваецца Менскіх пагадненьняў, а гаворка ідзе пра адвод войскаў, спыненьне паставак зброі і закрыцьцё межаў, мы ня можам аслабляць наш ціск», — сказаў брытанскі міністар.

Эльмар Брок
Эльмар Брок

Пра сумневы адносна сапраўдных намераў расейскага лідэра сказаў у інтэрвію Радыё Свабода старшыня Камітэта Эўрапарлямэнта па замежных справах Эльмар Брок.

«Я думаю, што зараз лепшым шляхам будзе вырашыць гэта на дыпляматычным узроўні. Было б найлепш — знайсьці выхад такім чынам, таму што гэта выратуе шмат жыцьцяў. Але гэта будзе залежаць ад таго, ці будзе Пуцін гатовы імплемэнтаваць пагадненьні. І тут у мяне ёсьць сумневы, што ён сапраўды хоча рэалізацыі мірных пагадненьняў», — сказаў Брок.

Паводле яго слоў, Расея павінна ўсьвядоміць, што і ЭЗ, і ЗША настроеныя толькі на ўзмацненьне жорсткасьці санкцыяў у выпадку адсутнасьці палітычнага жаданьня расейскага кіраўніцтва да мірнага ўрэгуляваньня канфлікту на ўкраінскім Усходзе.

Кошт, які плаціць Расея за неўвасабленьне мірных пагадненьняў, становіцца усё вышэйшым і вышэйшым.

«Кошт, які плаціць Расея за неўвасабленьне мірных пагадненьняў, становіцца усё вышэйшым і вышэйшым. Ня ведаю, ці яны ўжо неяк запісалі на паперы ўсе іх страты? » — пытаецца Брок.

«Калі дыпляматычнае, мірнае вырашэньне не ўяўляецца магчымым, тады амэрыканцы пагодзяцца на сваю ідэю даваньня Ўкраіне зброі, якая зьнішчае танкі, — кажа Брок. — І тады будзем мець новую сытуацыю, якая будзе даражэйшай у пляне кошту для ўсіх ».

Матэрыял падрыхтаваў карэспандэнт украінскай службы Радыё Свабода Расьціслаў Хоцін.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG