Такую заяву зрабіў сёньня ў Вільні намесьнік міністра замежных спраў Літвы Андрус Крывас. 4 лютага ён быў у Менску, дзе праводзіў перамовы са сваёй калегай — намесьніцай міністра замежных спраў Беларусі Аленай Купчыной.
Літоўскі дыплямат таксама заявіў, што яго краіна высока ацэньвае пазыцыю Беларусі ў расейска-ўкраінскім канфлікце і рашэньне Менску не далучацца да санкцыяў, якія Расея ўвяла ў дачыненьні да краін Эўразьвязу.
Паводле Крываса, на саміце «Ўсходняга партнэрства», які пройдзе ў Рызе 21–22 траўня, Беларусь можа парафіраваць пагадненьне з Эўразьвязам аб спрашчэньні візавага рэжыму і рэадмісіі.
Закрануўшы тэму прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі, якія павінны адбыцца не пазьней за 20 лістапада 2015 году, літоўскі дыплямат адзначыў «неабходнасьць празрыстай арганізацыі перадвыбарчага працэсу і выбарчай кампаніі з прыцягненьнем міжнародных мэханізмаў назіраньня».