Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Наталка Бабіна: Мы робім беларуска-ўкраінскую «Справу»


Наталка Бабіна
Наталка Бабіна

Упершыню ў гісторыі выйшла ў сьвет пэрыядычнае беларуска-ўкраінскае выданьне — літаратурны альманах «Справа», выдадзены Таварыствам украінскай літаратуры пры Саюзе беларускіх пісьменьнікаў.

Госьцяй перадачы — старшыня таварыства Наталка Бабіна.

— Наталка, вашаму таварыству няма яшчэ і году, а ўжо розгалас пра яго ідзе. Вось і альманах зьявіўся. Увогуле, якія мэты мае ваша таварыства?

— У наша таварыства ўваходзяць людзі, якія хочуць працаваць на карысьць Беларусі і Ўкраіны. Гэта наша агульная мэта. Калі гаварыць больш канкрэтна, то ў палажэньні аб нашай дзейнасьці сказана, што таварыства спрыяе разьвіцьцю беларуска-ўкраінскіх літаратурных сувязяў, займаецца актывізацыяй узаемных мастацкіх перакладаў, падтрымлівае беларускіх пісьменьнікаў, якія жывуць у Беларусі і пішуць па-ўкраінску (ці на ўкраінскіх гаворках), і беларускіх пісьменьнікаў, якія жывуць ва Ўкраіне і пішуць па-беларуску (ці на беларускіх гаворках), захоўвае і папулярызуе нацыянальныя літаратурныя спадчыны абодвух народаў. Мы маем свой сайт druzi.by, дзе таксама зьмяшчаем творы сяброў таварыства.

— У першым выпуску «Справы» — каля паўсотні аўтараў. Дзе вы іх знаходзіце?

— Мы іх шукаем, а яны шукаюць нас. Неспадзявана ідэя беларуска-ўкраінскага выданьня аказалася запатрабаванай. Я была зьдзіўленая тым, колькі людзей ахвотна пацягнуліся да нашага таварыства. Нам дасылаюць свае творы, рознымі спосабамі дапамагаюць у нашай дзейнасьці. Сярод аўтараў першага выпуску ёсьць вельмі вядомыя творцы. Скажам, Сьвятлана Алексіевіч (яна, дарэчы, нарадзілася ў Івана-Франкоўску) ці Андрэй Хадановіч, чые вершы мы публікуем у перакладзе на ўкраінскую мову Сергія Жадана. Мне прыемна, што ў наш альманах даслалі свае творы Ўладзіслаў Ахроменка з Чарнігава і Іна Снарская з Палтавы. Уладзіслаў напісаў шыкоўнае эсэ пра тое, як ён у якасьці валянтэра дапамагаў украінскаму войску. Сярод аўтараў — і Алесь Наварыч, вядомы беларускі пісьменьнік, які зьяўляецца галоўным рэдактарам «Справы». Мы, дарэчы, доўга шукалі назву альманаху. Для нас было прынцыпова, каб назва гучала па-беларуску і па-ўкраінску аднолькава. І аказалася, што хоць нашы мовы вельмі блізкія (у нас 85% агульнай лексыкі), але фанэтыка ў нас розная. І патрэбнае слова цяжка было знайсьці. Ужо на самым апошнім этапе мы спыніліся на назьве «Справа».

— Альманах выходзіць на трох мовах — па-беларуску, па-ўкраінску і па-расейску. Колькі прыблізна адсоткаў тэкстаў прыпадае на кожную мову?

— Беларускіх і ўкраінскіх — прыкладна па 50%. А расейскамоўных тэкстаў — толькі два. Першы належыць Ігару Тумашу, ён называецца «Траурная лента и сопутствующие размышления» — пра пахаваньне Міхася Жызьнеўскага. Ігар — адзін зь нямногіх дзеячоў беларускай культуры, які па закліку свайго сэрца паехаў на пахаваньне героя Нябеснай Сотні на Гомельшчыну. І вось пра тое, што ён там пабачыў, таленавіта і моцна расказаў у сваім эсэ. Другі матэрыял па-расейску нам даслала з Масквы Дар’я Кастэнка, якая жыве ў Маскве і возіць дапамогу ў зону АТА ўкраінскім вайскоўцам. Дапамагае тым, хто ваюе на баку ўкраінскай дзяржавы. Дар’я стварыла дабрачынную арганізацыю, якую не без іроніі назвала «Рука Масквы». Пра свой досьвед валянтэра яна і напісала. Дарэчы, Дар’я родам зь Беларусі, з горада Іванава. Толькі два аўтары расейскамоўныя. Усё ж мы робім беларуска-ўкраінскую «Справу».

Наклад прывезьлі. Наталка Бабіна з “кніганошам” сынам Тарасам
Наклад прывезьлі. Наталка Бабіна з “кніганошам” сынам Тарасам

— Адметнасьць вашага альманаху яшчэ і ў тым, што ў ім друкуюцца творы на памежных гаворках. Любое памежжа ў моўным сэнсе праходзіць перакрыжаванае апыленьне з абодвух бакоў. У выніку — якая завязь там зьяўляецца і які плод высьпявае? І як яго, і ці магчыма яго потым падзяліць?

— Вы вельмі вобразна схарактарызавалі гэтую зьяву. Мы ў нашым альманаху будзем старацца, каб гэты плод не дзяліў, а аб’ядноўваў. Нам у Беларусі бязьмерна пашанцавала, што мы маем гэтыя памежныя гаворкі берасьцейска-пінскага Палесься, якія хтосьці часам называе мікрамовай ці нават мовай. Гэта можна зразумець. У кожнага з нас ёсьць родная мова, хай сабе навукоўцы лічаць яе дыялектам. У «Справе» ёсьць спэцыяльная рубрыка «Гаворкі — наш скарб». Сярод яе аўтараў — вядомы беларускі філёляг Фёдар Клімчук, які піша прозу на гаворцы сяла Сіманавічы Драгічынскага раёну. Таксама Іван Трушко зь Відзібора на Століншчыне (між іншым, гэта бацька Алеся Наварыча), які пісаў выдатныя навэлкі на гаворцы свайго сяла. Нашы аўтары — творчыя людзі, у душы якіх адбываецца канвэргенцыя болю. Украінцам, якія жывуць у Беларусі, баляць беларускія праблемы. Беларусам, якія жывуць ва Ўкраіне, баляць украінскія праблемы. Вось як Уладзімер Мурашкевіч, які жыў у Кобрыне, напісаў пра адну вядомую падзею:

Москаль наш прапор розірвав

Біло-червонний-білий.

І в позу переможця став

В зухвальстві гордо-смілий.

З слідамі крові на руках,

В очах «со злобой мести»,

Дае автограф на шматках

Розірваноі честі.

Щоб не заплакати, кріплюсь,

Стискаю біль до болю.

Що ти так бідна, Білорусь,

На тих, хто любить волю.

Тебе твій рідний яничар,

У лещатах облуди

В Москву привівши на базар,

Продав за гроші Юди.

Тепер стогни чи хоч молись,

А я перехрещуся,

Аби Всевишній, як колись,

Послав тобі Костуся.

А сапраўдным адкрыцьцём для мяне стаўся перакладчык Дзьмітро Шчарбіна, які жыве ва Ўкраіне, у Крывым Розе. Ён бліскуча ведае ўкраінскую і беларускую мовы і робіць выдатныя пераклады беларускіх аўтараў на ўкраінскую, а ўкраінскіх на беларускую.

— Для мяне істотна, што «Справа» не абмінае тэмы вайны ва Ўкраіне — у альманаху ёсьць адмысловая рубрыка «Салідарнасьць». Калі зірнуць шырэй, якой мае быць гэтая салідарнасьць з боку Беларусі?

— Можа быць, я адкажу трошкі парадаксальна, але мне здаецца, што лепшая дапамога — быць беларусамі, захоўваць і разьвіваць сваю мову, сваю адметную культуру, усьведамляць, што Беларусь — ня частка «руского мира». Гэта агульнае пажаданьне. А калі канкрэтна... Украіне сёньня цяжка. Вельмі цяжка. І калі нехта з нас можа дапамагчы матэрыяльна, то трэба гэта рабіць. Скажам, зьвязацца з грамадзкім аб’яднаньнем украінцаў у Менску «Обрій» (у іх ёсьць сайт), або з нашым Таварыствам украінскай літаратуры, і мы перадамо вашу дапамогу па адрасе.

— Пра салідарнасьць з Украінай неаднойчы гаварыў і Аляксандар Лукашэнка. Насамрэч жа атрымліваецца нешта супрацьлеглае. Скажам, менская міліцыя затрымлівае беларускіх актывістаў, якія прыйшлі запаліць сьвечкі памяці і пачытаць вершы ля помніка Шаўчэнку. Як вы ставіцеся да такой «салідарнасьці» ўладаў?

— Выкажуся, можа быць, нечакана для вас. Мне ўпершыню за 20 гадоў, калі пры ўладзе Лукашэнка, падабаецца тое, што ён робіць у адносінах да Ўкраіны. Праз Беларусь не ідуць на Данбас расейскія войскі. Беларусь ня ўцягнутая ў ваенныя падзеі. Як бы ні было, Лукашэнка выказваецца ў падтрымку Ўкраіны, сустракаецца з украінскім кіраўніцтвам, нешта робіць дзеля таго, каб спыніць вайну. Рэчы, пра якія вы гаворыце, адбываюцца таму, што ў Беларусі вельмі моцны ўплыў расейскай прапаганды. Ён проста жахлівы. На жаль, вярхоўная ўлада ці ня можа, ці ня хоча пакуль яго зьменьшыць.

— А памятаеце, Лукашэнка і Парашэнка рабілі нейкія сумесныя заявы наконт трансьляцыі ўкраінскага тэлебачаньня ў Беларусі?

— Так, і я думаю, што нашым грамадзкім арганізацыям, Камітэту

Чаму ігнаруецца сумеснае рашэньне прэзідэнтаў Беларусі і Ўкраіны?

па салідарнасьці з Украінай, які вельмі шмат робіць, дзеячам культуры варта было б зьвярнуцца ў адпаведнае міністэрства з пытаньнем: чаму ігнаруецца сумеснае рашэньне прэзідэнтаў Беларусі і Ўкраіны? Фактычна чыноўнікі яго сабатуюць.

— Пісьменьніцкае слова ня можа спыніць танк, ня можа заткнуць глоткі «градам» і «ўраганам». На вашу думку, дзе той момант, калі пісьменьнік мусіць сваю звыклую зброю — слова — зьмяніць на нейкую іншую? Як тое зрабіў украінскі паэт, аўтар кнігі «Вершы з вайны» Барыс Гумянюк, які ваюе на Данеччыне.

— Вядома ж, лепш, каб такі момант ніколі не наступіў. На жаль, вайна пагрукалася ўкраінцам у дзьверы. Я баюся, што і Беларусь апынецца ў падобнай сытуацыі. Што ж, тады кожны мусіць зьвярнуцца да свайго сумленьня, паслухаць сваё сэрца і вырашыць, што ён можа, хоча і будзе рабіць. Але каб такое не адбылося ў нашай краіне, давайце рабіць прыгожыя, добрыя справы — дзеля годнага і мірнага жыцьця.

  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG