Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка: Мне ўдалося зьвярнуць галаву агалцеламу нацыяналізму (ЖЫВЫ БЛОГ)

абноўлена

Лукашэнка дае прэс-канфэрэнцыю з удзелам незалежных журналістаў. Магчымасьць задаць пытаньне кіраўніку дзяржавы атрымалі 260 журналістаў.

14:39 29.1.2015

Марголін: Замежныя візыты Лукашэнкі ня маюць плёну

Падчас прэс-канфэрэнцыі Лукашэнка прызнаў: золатавалютныя рэзэрвы ў Беларусі невялікія, каля чатырох мільярдаў даляраў сёлета трэба выплаціць па даўгах. Таму неабходна асьцярожна ставіцца да новых крэдытаў:​

«Мае візыты ў паўтара дзясятка краін сёлета – гэта дывэрсыфікацыя экспарту, каб атрымаць валюту. Вось там будзем шукаць, а не спадзявацца на крэдыты».​

З гэтай нагоды эканаміст Леў Марголін адзначае:​

«Вядома, хацелася б, каб ягоныя візыты былі плённымі, хоць гэта не найлепшы сродак ратаваньня эканомікі. Дывэрсыфікацыя сапраўды дазволіла б лепш прадаваць беларускую прадукцыю. Магчыма, тады і не спатрэбілася б шукаць новых крэдытаў.​

Але ж пакуль усе бачаць, што візыты Лукашэнкі не назавеш плённымі. Нават у Кітай. Бо Кітай нам, акрамя зьвязаных крэдытаў на будоўлю кітайскімі рабочымі ды на кітайскае абсталяваньне, больш нічога не даваў. Пра іншыя краіны і гаварыць няма чаго.​

Таму было б добра, калі б беларускі экспарт пасьля ягоных візытаў і сапраўды рвануў угору. Але спадзяваньняў на гэта, на жаль, няма».

14:37 29.1.2015

Пытаньне: ці часта разыгрываюць Лукашэнку, як пранкер Vovan?

«З прэзыдэнтам нейкага Vovan ніколі ня злучаць, пакуль ня высьветляць, хто тэлефануе. Ніхто ніколі мяне не разыграе. Лукашэнка можа так пажартаваць на адрас Давыдзькі, што той канькі можа адкінуць. Пяткевіч заяўляла ўжо».

14:33 29.1.2015

Валер Каліноўскі першы задаў сёньня пытаньне на беларускай мове. Малайчына!

14:29 29.1.2015

Сёньняшнія выказваньні Аляксандра Лукашэнка пра беларускую мову камэнтуе мовазнаўца, грамадзкі дзеяч Вінцук Вячорка:

«Кіраўнік дзяржавы фактычна зноў скарыстаў трыбуну для таго, каб прынізіць беларускую мову. Ён зноў паўтарыў тэзу пра тое, што яна няздольная абслугоўваць цэлыя галіны ведаў, такія, як фізыка альбо філязофія. Лішне казаць, што гэта антынавуковыя тэзы, што яны прыніжаюць усіх людзей, якім дарагая беларуская мова, якія ведаюць яе сапраўднае багацьце.

Лукашэнка сёньня зноў нагадаў сваю любімую байку пра нейкіх рускіх, якія сядзелі на нейкіх чамаданах пры нейкіх нацыяналістах у пачатку 90-х гадоў. Пры гэтым ён ня ведае значэньня слова «нацмены». Ён, відаць, думае, што гэта нейкія нацыянальныя супэрмэны, хоць гэта слоўца з часоў любімага ім Сталіна. Гэта – нацыянальная меншасьць. Відаць, менавіта такімі ён і хоча нас, беларусаў, бачыць.

Безумоўна, ніякія рускія на ніякіх чамаданах у Беларусі не сядзелі. Гэта няпраўда. Такім чынам, трэба сказаць, што гэты чалавек выкарыстаў сёньняшнюю трыбуну для распальваньня міжмоўных крыўдаў і міжнацыянальнай варожасьці».

14:24 29.1.2015

Адказваючы на дзіўнае пытаньне ад «7 дней», Аляксандар Лукашэнка сказаў: «Кажуць, што беларускаму прэзыдэнту прэс-сакратар не патрэбны. Гэта праўда. Я сам ведаю, чаго хоча мой народ».

14:22 29.1.2015

«Пытаньне» мовы «вырашана раз і назаўсёды. У нас ёсьць дзьве родныя дзяржаўныя мовы. Гэтая тэма закрытая, пакуль прэзыдэнтам зьяўляецца Лукашэнка».

«Я нічога не забараняю. Я ня буду цкаваць і ціснуць людзей. А пашыраць прымяненьне беларускай мовы можна адным шляхам – размаўляйце дома на беларускай мове».

Лукашэнка адзначыў, што падтрымлівае беларускую мову. «Гэта прыкмета нацыі».

14:18 29.1.2015

Юры Дракахруст: Статкевіч – не Казулін

Адказваючы на пытаньне карэспандэнта Свабоды, прэзыдэнт чарговым разам паўтарыў сваю ранейшую пазыцыю: Статкевіч зрабіў крымінальнае злачынства, будзе сядзець, калі не напіша просьбу аб памілаваньні. Даволі непрыстойны новы аргумэнт: а што падумаюць іншыя вязьні, якія сядзяць разам са Статкевічам? Хай яны згоду дадуць. Але ўмова падачы прашэньня аб памілаваньні – таксама эксклюзіўная. Лукашэнку не цікавіць, што падумаюць іншыя вязьні, калі Статкевіча вызваляць на падставе прашэньня. Ня кожны ж мае магчымасьць выйсьці на волю, проста папрасіўшы аб гэтым кіраўніка дзяржавы.

Лукашэнка ня хоча прыгадваць і сусьветны, і ўласна беларускі досьвед. У 2008 годзе ён вызваліў былога кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Казуліна. Дарэчы, афіцыйныя прадстаўнікі ніколі не казалі, што Казулін пісаў прашэньне аб памілаваньні. А што ж тады думалі іншыя вязьні, якія сядзелі разам з Казуліным? Чаму іх думка тады ня мела значэньня, а думка тых, хто сядзіць разам са Статкевічам, – мае? Але, магчыма, незразумелая ідэя наконт збору подпісаў вязьняў – намёк на нейкі варыянт, як Статкевіч мог бы быць вызвалены так, каб улада магла захаваць твар.

Ад справы Казуліна, як відаць, сытуацыя адрозьніваецца тым, што цяпер Лукашэнка, у адрозьненьне ад 2008 году, сапраўды ня бачыць вялікай карысьці ад збліжэньня з Захадам.

14:16 29.1.2015

Лукашэнка заклікаў размаўляць у сем'ях на беларускай мове. Ён запытаўся у журналісткі БелаПАН, якая пыталася пра мову, ці яна замужам. «Выйдзеце замуж, размаўляйце па-беларуску з мужам і дзецьмі».

14:11 29.1.2015

Лукашэнка: Статкевіч для мяне ніякі не канкурэнт

Карэспандэнт Радыё Свабода Валер Каліноўскі задаў прэзыдэнту пытаньне пра палітвязьня Мікалая Статкевіча. Аляксандар Лукашэнка сказаў, што вызваленьне Статкевіча – не палітычнае пытаньне. Вызваліць палітвязьня Лукашэнка пагадзіўся толькі пры ўмове, што за гэта падпішуцца астатнія зьняволеныя, якія адбываюць пакараньне разам зь Мікалаем Статкевічам.

14:10 29.1.2015

Апошняе (і адзінае ў якасьці прэзыдэнта) інтэрвію Радыё Свабода Лукашэнка даваў у 1996 годзе.

14:09 29.1.2015

Пытаньне пра адносіны з каталіцкім касьцёлам.​

«Праблемаў у нас няма з католікамі. Мяне называлі праваслаўным атэістам. Праваслаўная – самая буйная наша канфэсія. У нас нармальныя адносіны як з праваслаўем, так і з католікамі. Будзем будаваць каталіцкі цэнтар. Нунцыятуру. Яны прасілі, я прадставіў ім кавалак зямлі. Я хачу захаваць міжканфэсійны мір.​

Што да ксяндзоў. Людзі розныя і ў праваслаўных, і ў католікаў, у тым ліку дапускаюць правапарушэньні. Мы акуратныя тут. Я ня вельмі задаволены службай польскіх ксяндзоў. Некаторых. Я казаў пра гэта былому папу Рымскаму. Казаў, што яны часам займаюцца ня тымі рэчамі. Я казаў, каб мы рыхтавалі больш беларускіх сьвятароў. Ёсьць праблемы, але мы зь імі разьбяромся».

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG