Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прарасейскія баевікі абстралялі Марыюпаль з «градаў». Парашэнка: Гэта злачынства супраць чалавечнасьці

абноўлена

Прэм’ер-міністар Украіны Арсэній Яцэнюк заклікаў неадкладна сабраць Раду бясьпекі ААН дзеля абмеркаваньня сытуацыі ў сувязі з абстрэламі Марыюпаля.

Паводле дадзеных на гэты момант, колькасьць ахвяраў абстрэлу Марыюпалю вырасла да 30 чалавек, параненых — 97 чалавек. Пра гэта паведамляецца на сайце Данецкай абласной дзяржадміністрацыі.

У мінабароны Украіны заявілі, што ўкраінская армія зьнішчыла чатыры рэактыўных сыстэм залпавага агню «Град», з якіх быў абстраляны Марыюпаль. «Абстрэл ажыцьцяўляўся з Соханкі. Іхнія каардынаты вызначыла выведка. Там знаходзілася шэсьць сыстэмаў „Град“. Чатыры з іх ужо зьнішчаны нашай артылерыяй», — заявіў міністар абароны Ўкраіны Сьцяпан Палтарак.

Марыюпаль абстралялі з «градаў»: 27 чалавек загінулі
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:50 0:00
Наўпроставы лінк

Падчас паседжаньне апэратыўнага штабу пад старшынствам прэм’ер-міністра Арсэнія Яцэнюка Палтарак таксама паведаміў, што толькі за адзін дзень, 23 студзеня, сілы Антытэрарыстычнай апэрацыі зьнішчылі 265 баявікоў. «Толькі за 23 студзеня было зьнішчана ўздоўж усяго фронту 265 тэрарыстаў і наёмнікаў з Расеі», — сказаў міністар абароны.

Кіраўнік самаабвешчанай ДНР Аляксандар Захарчанка заявіў, што апалчэнцы пачалі наступ на Марыюпаль. «Сёньня пачаўся наступ на Марыюпаль. Гэта будзе лепшым помнікам усім нашым палеглым», — заявіў Захарчанка. Паступаюць непацьверджаныя паведамленьні пра баі на ўскраінах гораду.

Кіраўніца дыпляматыі Эўразьвязу Фэдэрыка Магерыні заявіла, што абвастрэньне сытуацыі па паўднёвым усходзе Ўкраіны прывядзе да пагаршэньня дачыненьняў паміж Эўразьвязам і Расеяй. «Гэтая далейшая эскаляцыі адкрытага ўзброенага канфлікту нясе трагічныя наступствы для насельніцтва, якое ўжо занадта даўно пакутуе. Яна непазьбежна прывядзе да далейшага сур’ёзнага пагаршэньня адносін паміж ЭЗ і Расеяй» — адзначыла кіраўніца замежнай палітыкі Эўразьвязу ў адмысловай заяве.

«Я заклікаю Расію выкарыстоўваць сваё значны уплыў на сэпаратысцкіх лідэраў і спыніць іх ваенную, палітычную ці фінансавую падтрымку. Гэта дазволіць прадухіліць катастрафічныя наступствы для усіх. Тыя, хто нясе адказнасьць за эскаляцыю, павінны спыніць варожыя дзеяньні і выконваць свае абавязацельствы», — гаворыцца ў заяве.

Магерыні адзначыла, што сёньня Марыюпаль быў абстраляны з тэрыторыі, кантраляванай баевікамі, у выніку чаго загінулі і былі параненыя дзясяткі мірных жыхароў. «Гэта адбылося пасьля сэрыі нападаў у Данбасе ў апошнія некалькі дзён, якія суправаджаліся паведамленьнямі пра далейшы наступ сіл сэпаратыстаў, якiя падтрымлiваюцца Расеяй, прама адмаўляюцца выконваць рэжым спыненьня агню», — дадала яна.

Прадстаўнік Украіны пры ЭЗ, пасол Канстанцін Елісееў заклікаў Брусэль склікаць надзвычайныя пасяджэньня Рады ЭЗ і Камітэту па замежных справах Эўрапарлямэнту.

Трохбаковая кантактная група прапануе прадстаўнікам груповак «ДНР» і «ЛНР» правесьці тэрміновую сустрэчу ў Менску.

«Трохбаковая кантактная група настойвае на тым, што працяглыя баявыя дзеяньні ва ўсходняй Украіне павінны быць неадкладна спыненыя і ўсе ўдзельнікі, якія падпісалі дакумэнты ў Менску, павінны сустрэцца для прамых перамоваў як мага хутчэй, але не пазьней за пачатак наступнага тыдня», — гаворыцца ў заяве групы, якую цытуе агенцтва «Інтэрфакс-Украіна».

У суботу сябры трохбаковай кантактнай групы (прадстаўнікі Украіны, Расеі і АБСЭ) абмеркавалі ў Кіеве абвастрэньне сытуацыі на ўсходзе Украіны, у прыватнасьці — абстрэл Марыюпаля.

«Кантактная група гатовая да такой сустрэчы з усімі бакамі, якія падпісалі дакумэнты ў Менску, у любы час», — гаворыцца ў заяве.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG