Гэтыя пытаньні ў Праскім акцэнце абмяркоўваюць палітычныя аглядальнікі: зь Менску — Віталь Цыганкоў, з Кіеву — Юры Сьвірко, з Масквы — Вадзім Дубноў.
Што адбываецца зараз на ўсходзе Ўкраіны?
Дракахруст: Вядома, што ўкраінскае войска здала данецкі аэрапорт (дакладней, тое, што ад яго засталося), які ўтрымлівала шмат месяцаў. Існуюць алармічныя паведамленьні, што ўкраінская армія церпіць паразы на ўсіх франтах і адступае. Хаця калі паглядзець на інфармацыйныя паведамленьні, дык баявыя дзеяньні не спыняліся ніколі, і менскія пагадненьні ім ніяк не перашкаджалі. Дык зараз нешта зьмянілася? І якія існуюць прагнозы, ацэнкі, як сытуацыя можа зьмяніцца далей?
Сьвірко: Наконт таго, што адбываецца — адбываецца вайна, якую ў Маскве называюць «грамадзянскай вайной ва Ўкраіне», у так званых ДНР і ЛНР — «абаронай ад бандэраўцаў і фашыстаў», а ў Кіеве — «антытэрарыстычнай апэрацыяй», хаця гучыць шмат заклікаў да прэзыдэнта Парашэнкі афіцыйна абвесьціць менавіта вайну і ваеннае становішча. Перамір’я як такога не было. Менскія пагадненьні толькі замацавалі на паперы лінію разьмежаваньня, але снарады празь яе як ляталі, так і лётаюць.
Дракахруст: Юры, вы кажаце — вайна. Але і на вайне бываюць пэрыяды зацішша, а бываюць — наступу аднага ці іншага боку. Што зараз у Данбасе?
Сьвірко: Адноснае зацішша.
Дракахруст: А здача данецкага аэрапорту, які ўкраінскае войска ўтрымлівала шмат месяцаў — гэта зацішша?
Сьвірко: У маштабах усёй Украіны — так.
Дракахруст: Вадзім, меркавалася, што эканамічныя санкцыі ў спалучэньні з падзеньнем цэнаў на нафту аказваюць уплыў на прыняцьцё рашэньняў у Крамлі. Эканоміка Расеі парваная на кавалкі — заявіў прэзыдэнт ЗША Барак Абама. Можа і парваная, але на забесьпячэньне новага наступу ў Данбасе, гледзячы па ўсім, хапае. А чаму гэта адбываецца? Чым Крэмль не задавальняў той пат, які існаваў пасьля заключэньня менскіх пагадненьняў?
Дубноў: Перамір’ем называць гэта сапраўды не выпадала, правільней — няўстойлівай раўнавагай. Яно было прырэчанае ад пачатку, абодва бакі рыхтаваліся да другога этапу вайны. Захад быў вымушаны пасіўна назіраць, бо ягоны першасны арсэнал быў вычарпаны яшчэ ўвосень. Для Крамля было важна паказаць, што санкцыі — гэта лухта, што яны яго не палохаюць. Мы не баімся, мы можам паводзіць сябе так, як паводзілі ў 2014 годзе.
Дракахруст: Віталь, як бы вы патлумачылі ў сьвятле падзеяў ва Ўкраіне падзеі, якія адбываюцца ў Беларусі вакол памяці Міхаіла Жызьнеўскага, беларуса, які летась адным зь першых загінуў на кіеўскім Майдане? Удзельнікаў акцыі памяці Жызьнеўскага арыштоўваюць, міліцыя зьневажае і іх, і Ўкраіну, магіла Жызьнеўскага на яго радзіме апаганьваецца. Гэта — індыкатар сапраўднага стаўленьня беларускай улады да Ўкраіны?
Цыганкоў: Гэта індыкатар стаўленьня да рэвалюцыянэраў. Аляксандар Лукашэнка ня любіць і зьневажае рэвалюцыянэраў у любых краінах — у Расеі, ва Ўкраіне, ў арабскіх краінах. Пры гэтым потым, пасьля перамогі рэвалюцыі афіцыйны Менск можа наладзіць нармальныя сувязі з новай уладай, як гэта было з Украінай пасьля першага Майдану, і з арабскімі краінамі.
Палітычнае рэха вайны ў Данбасе
Дракахруст: Юры, як зьмены ваеннай сытуацыі на ўсходзе Ўкраіны ўплывае на ўнутраную палітыку? Ці абвастрае гэта супярэчнасьці ва ўладным блёку? Каго грамадзкая думка і палітыкум лічаць адказнымі за чарговыя паразы на ўсходзе?
Сьвірко: Негатыў цягнецца даўно, і ня толькі на Ўсходзе, але і ў Крыме. Ваенныя падзеі на Ўсходзе больш гартуюць і загартоўваюць украінскую нацыю.
Дракахруст: А вось ваенны аналітык Дмітро Тымчык піша, што украінская армія адступае па ўсіх накірунках, што ёсьць пагроза ваеннай катастрофы.
Сьвірко: Некаторыя называюць Парашэнку здраднікам, патрабуюць, каб ён перадаў пасаду галоўнакамандуючага Дмітро Ярашу. У Кіеве ўсё адносна спакойна. Новая хваля мабілізацыі яшчэ не пачалася. Дзьве галоўныя сілы ва ўрадзе і парлямэнце — Блёк Пятра ПАрашэнкі і «Народны Фронт» прэм’ера Арсеня Яцанюка фактычна зьліліся. І прэм’ер і прэзыдэнт не крытыкуюць адзін аднаго, няма паўтарэньня сытуацыі Юшчанка-Цімашэнка 2005 году.
Дракахруст: Вадзім, у новай сытуацыі ўкраіна-расейскай канфрантацыі ці можа зьмяніцца стаўленьне Крамля да Лукашэнкі, які, на погляд некаторых — і нашым, і вашым, а папросту кажучы, здраднік Расеі? Двухсэнсоўная заява пасла Расеі, які ня ведае, ці пойдзе Лукашэнка на выбары, публікацыі ў расейскім друку, новыя варыяцыі «Хроснага бацькі» на ТБ — ці не падрыхтоўка гэта да зьняцьця з пасады беларускага кіраўніка?
Дубноў: Перад кожнымі выбарамі Масква спрабуе казытаць нэрвы Аляксандру Рыгоравічу, але даволі беспасьпяхова. Раней ён яшчэ неяк турбаваўся з гэтай нагоды, а зараз, здаецца, супакоіўся. Такіх спакойных выбараў, як будуць сёлета, ніколі не было раней. Маскве не да Лукашэнкі. Зараз акрамя Ўкраіны большасьць падобных тэмаў — Беларусь, Каўказ ці нешта яшчэ, зьяўляюцца глыбока пэрыфэрыйнымі і другаснымі.
Двубой лядоўні і тэлевізара
Дракахруст: Віталь, летась мы бачылі па апытаньнях, як крывавы канфлікт у Данбасе спрыяў росту папулярнасьці ў Беларусі дзейнага прэзыдэнта. Як цяперашняе абвастрэньне канфлікту можа паўплываць на ўнутрыпалітычны расклад? Лукашэнка і ад гэтага атрымае дывідэнды, яго рэйтынг вырасьце?
Цыганкоў: Мне здаецца, што другі раз такога эфэкту ўжо ня будзе. Зараз адбылося пэўнае прызвычайваньне беларускага насельніцтва да гэтай вайны, нават самыя палітычна актыўныя людзі ўжо не рэагуюць так палымяна і драматычна на гэтыя падзеі, як рэагавалі раней. А другі чыньнік — што ўнутраныя падзеі ў Беларусі выціскаюць з масавай сьвядомасьці расейска-ўкраінскі канфлікт: гэта эканамічны крызіс і дэвальвацыя, якіх не было вясной летась, калі рэйтынг Лукашэнкі стаў расьці на фоне падзеяў ва Ўкраіне.
Дракахруст: Юры, а якая эканамічная сытуацыя ва Ўкраіне, ці даюць плён рэформы, абяцаныя прэзыдэнтам Парашэнкам і прэм’ерам Яцанюком?
Сьвірко: Вось менавіта што абяцалі і абяцаюць. Эканамічная сытуацыя блізкая да дэфолту. Ёсьць фактычна два курсы грыўны: нацбанк трымае яго ўзроўні 16 грывень за даляр, рэальны — 20 грыўняў і больш. Даляры купіць немагчыма. Напярэдадні новага году былі ўнесеныя зьмены ў падатковае заканадаўства. Але іх плён яшчэ не адчуваецца, мала часу прайшло. Прайшло сто дзён дзеяньня закону аб люстрацыі, а ўсе чыноўнікі засталіся на месцы, за выключэньнем тых, хто летась увесну зьбег зь Януковічам. З новага году перасталі дзяцей карміць бясплатна ў школах. Гэта было патрабаваньне МВФ.
Дракахруст: Вадзім, наколькі расейскі эканамічны крызіс уплывае на палітычныя ўстаноўкі расейцаў, ці ўзьнікае ўсьведамленьне, што краіна ідзе не туды?
Дубноў: У грамадзтве гэта пакуль ніяк не адчуваецца. Пагаршэньне жыцьця пакуль кампэнсуецца посьпехамі прапаганды. Пераважная большасьць упэўненая, што мы вымушаныя плаціць за правільныя і высакародныя рэчы. Гэта працягнецца яшчэ пэўны час. Улада будзе адкрываць свае хованкі, будзе спрабаваць папаўняць бюджэт не за кошт сваёй сваёй сацыяльнай базы.
Дракахруст: Віталь, вы сказалі, што беларускае грамадзтва ўжо менш сфакусаванае на падзеях ва Ўкраіне. А як бы вы пракамэнтавалі апошнія заявы Аляксандра Лукашэнкі наконт беларускай мовы? Што яму так закарцела яе шанаваць?
Цыганкоў: У старшыні ТБМ Алега Трусава ёсьць цэлая падборка надзвычай станоўчых выказваньняў Лукашэнкі наконт беларускай мовы на працягу прынамсі апошніх 10 гадоў. Вопыт паказвае, што пасьля падобных заяваў ніякіх практычных крокаў не адбывалася. Гэта — інфармацыйны шум. Няма падставаў спадзявацца, што пры гэтай уладзе адбудзецца нейкая беларусізацыя. Улада дзейнічае ў гэтай справе паводле прынцыпу — крок наперад, два крокі назад.