Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прызначэньне рэктара гэта ня выбары на грамадзкую пасаду, — старшыня пошукавага камітэту ЭГУ


Як стала вядома радыё Свабода, адзін з кандыдатаў на рэктара ЭГУ адмовіўся ад змаганьня за пасаду на знак пратэсту супраць непразрыстасьці працэдуры адбору.

Кандыдатуры на пасаду рэктара Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту будуць у лютым абмяркоўвацца з ўсімі зацікаўленымі бакамі (студэнцкім прадстаўніцтвам, Сэнатам, адміністрацыяй і донарамі), — напісаў у адказе на пытаньні Радыё Свабода Дэн Дэйвідсан, старшыня камісіі, якая займаецца адборам кандыдатаў на рэктарства.

Аднак, як паведаміла Радыё Свабода блізкая да ЭГУ крыніца, дагэтуль ні студэнты, ні выкладчыкі не дачакаліся станоўчага адказу на іх звароты з патрабаваньнем уключыць па адным сваім прадстаўніку з правам голасу ў камісію па адборы. Такім чынам у камісіі няма ніводнага студэнта, ніводнага выпускніка, ніводнага выкладчыка і ніводнага беларуса.

Рашэньне аб прызначэньні новага рэктара мае быць абвешчанае не пазьней за 1 сакавіка.

На сайце ЭГУ ёсьць сьпіс краінаў, адкуль паходзяць кандыдаты (Беларусь, Вялікабрытанія, ЗША, Літва, Нарвэгія, Пакістан, Польшча і Украіна). Паводле прафэсара Дэйвідсана, заяўкі падалі 19 асобаў, але усе яны маюць пасады ў іншых установах, таму трэба «захоўваць іх прыватнасьць»:

«Пошук кіраўніка прыватнага ўнівэрсытэту ня варта блытаць з выбарамі на грамадзкую пасаду. У той час як ўсе зацікаўленыя групы ўнутры ўнівэрсытэту прадстаўленыя ў гэтым працэсе, адбор, інтэрвію, наведваньні ўнівэрсытэту, праверкі рэкамэндацый і дыскусіі з кандыдатамі павінны праводзіцца ў атмасфэры павагі да канфідэнцыйнасьці кандыдатаў і саміх гэтых працэдур».

Прафэсар Дэйвідсан, аднак, пацьвердзіў Радыё Свабода сьпіс зь сямі кандыдатаў-фіналістаў на пасаду рэктара. У гэтым сьпісе Алесь Краўцэвіч, Шарунас Лекіс (Šarūnas Liekis), Аляксандар Мілінкевіч, Дэйвід Полік (David Pollick), Эдвард Раслоў (Edward Roslof), Дарыюс Удрыс (Darius Udrys) і Тацяна Шчытцова.
Спадар Дэйвідсан таксама пацьвердзіў, што днямі адзін зь сямі фіналістаў адмовіўся ад далейшага ўдзелу ў змаганьні за пасаду рэктара.

Паводле інфармацыі Радыё Свабода, гэты кандыдат — Шарунас Лекіс, прафэсар ковенскага унівэрсытэту імя Вітаўта Вялікага, — прыняў такое рашэньне, палічыўшы працэдуру адбору непразрыстай. Мы зьвярнуліся да прафэсара Лекіса па камэнтар, але ён пакуль не адказаў на просьбу аб інтэрвію.

***

Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт (ЭГУ) быў створаны ў Менску ў 1992 годзе. У 2004 годзе ён быў змушаны спыніць працу ў Беларусі і зь 2005 дзейнічае ў Літве.

Навучаньне вядзецца па бакаляўрскай і магістарскай ступенях, па вочнай і завочнай формах. Заняткі праводзяцца на беларускай, расейскай, ангельскай літоўскай ды іншых мовах, у залежнасьці ад асаблівасьцяў вучэбнага курсу і падрыхтаванасьці аўдыторыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG