Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Масква абураная выказваньнямі ў Варшаве пра Аўшвіц


МЗС Расеі заклікае кіраўніка МЗС Польшчы «спыніць зьдзек над гісторыяй».

Так расейскае зьнешнепалітычнае ведамства адрэагавала на заяву міністра замежных спраў Польшчы Гжэгажа Схетыны аб тым, што канцлягер Аўшвіц-Біркенаў у Асьвенцыме вызвалялі найперш украінцы — байцы першага Ўкраінскага фронту.

«Цяжка западозрыць дзяржслужбоўца такога ўзроўню як Схетына ў непісьменнасьці. Агульнавядома, што Асьвенцым вызвалялі войскі Чырвонай Арміі, у складзе якіх гераічна змагаліся ўсе нацыянальнасьці. Дарэчы, да лістапада 1943 1-шы Ўкраінскі фронт называўся Варонескім, а да гэтага — Бранскім. Справа, мабыць, у іншым. Лічым, што трэба спыніць зьдзекі над гісторыяй і ў антырасейскай гістэрыі даходзіць да непавагі да памяці тых, хто не пашкадаваў свайго жыцьця дзеля вызваленьня Эўропы», — гаворыцца ў паведамленьні.

У эфіры «Польскага радыё», адказваючы на крытыку, што прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна не запрасілі на сьвяткаваньне 70-й гадавіны вызваленьня канцлягеру, Схетына падкрэсьліў, што яго вызвалялі найперш украінцы.

Ён адзначыў, што запрашэньне ўсім краінам арганізацыйны камітэт музэя Аўшвіц-Біркенаў адправіў аднолькавыя, а кожная краіна самастойна вырашае, на якім узроўні яна будзе прадстаўленая.

Паводле яго слоў, рашэньне Крамля адправіць на гэтую ўрачыстасьць кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Расеі Сяргея Іванова «ўпісваецца ў кантэкст складаных польска-расейскіх адносін».

Раней габрэі Чэхіі выказаліся супраць прыезду Уладзіміра Пуціна ў гонар гадавіны вызваленьня Асьвенцыма.

Па стане на 20 студзеня свой удзел у мерапрыемстве пацьвердзілі дэлегацыі 38 краін, дзесяць з якіх будуць прадстаўленыя на ўзроўні прэзыдэнтаў. Акрамя прэзыдэнта Польшчы ў мерапрыемстве прымуць удзел прэзыдэнты Аўстрыі, Баўгарыі, Нямеччыны, Славаччыны, Францыі, Украіны і Харватыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG