Жана Бізьня, старшыня Ўлукоўскага сельсавету, да якога належыць пасёлак Сьцяг Працы, дзе пахаваны Міхал Жызьнеўскі, адмовілася камэнтаваць акты вандалізму на магіле героя Нябеснай сотні.
Чыноўніца паведаміла Радыё Свабода, што «ніхто з родных Міхала Жызьнеўскага ні ў міліцыю, ні ў сельсавет з гэтай праблемай не зьвяртаўся».
«Інфармацыі пра акты вандалізму на магіле ў сельвыканкам не паступала. У нас няма такой інфармацыі ні наконт магілы Жызьнеўскага, ні наконт любой іншай магілы ў нашых населеных пунктах. Таму камэнтаваць гэты факт я не магу», — сказала Жана Бізьня.
Маці Міхала Ніна Жызьнеўская кажа, што невядомыя пастаянна зьневажаюць магілу яе сына, нішчаць сьцягі і стужкі, якія прывозяць украінцы, каб ушанаваць памяць героя Нябеснай сотні.
Маці Міхала Жызьнеўскага зазначыла Свабодзе, што з афіцыйнымі зваротамі ў органы мясцовай улады сапраўды не зьвярталася, бо ня мае веры, што яны дапамогуць. Аднак пасьля такога адказу старшыні сельсавету наважылася напісаць скаргу.